Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хаваюць тэхніку на тэрыторыі закінутых заводаў». Новыя паведамленьні пра расейскія войскі ў Беларусі


Зьлева направа: міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, міністар абароны Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка
Зьлева направа: міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, міністар абароны Віктар Хрэнін, Аляксандар Лукашэнка

Расейска-беларускія вайсковыя вучэньні павінны пачацца ў чацьвер 10 лютага. Напярэдадні ў Менск прыляцеў кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу.

У пятніцу 4 лютага, празь дзень пасьля візыту кіраўніка расейскага Мінабароны ў Менск, агенцтва Reuters апублікавала спадарожнікавыя здымкі, зробленыя прыватнай амэрыканскай кампаніяй Maxar Technologies. На фота можна пабачыць вялікія зграмаджэньні вайсковай тэхнікі ля мяжы Беларусі і Ўкраіны — у ваколіцах Ельску, Рэчыцы і Лунінца. Фатаздымкі фіксуюць тэхніку, прысутнасьць якой на вучэньнях не анансавалася. Гэта найперш штурмавікі Су-25, а таксама расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр» і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, заўважаныя пад Ельскам. Пры гэтым Рэчыца і Ельск афіцыйна не анансаваліся і як мясьціны, дзе будуць праводзіцца вучэньні.

Як паведамілі Свабодзе відавочцы, у Рэчыцы расейскіх вайскоўцаў можа быць больш, чым заўважна на апублікаваных Reuters спадарожнікавых фота.

Як расказалі Свабодзе відавочцы, у Рэчыцы ёсьць стары гідролізны завод, які збанкрутаваў некалькі гадоў таму. Цяпер ён закінуты і не працуе. Паводле жыхароў гораду, некалькі дзён таму памяшканьні заводу пачалі выкарыстоўваць расейскія вайскоўцы.

«Там сьцены з дахамі і ангары вялікія захаваліся, — паведамілі жыхары Рэчыцы. — Туды загналі расейскую тэхніку. Яе шмат. І яе ня здымеш зьверху (са спадарожніка. — РС). Мясцовыя жыхары раней пастаянна хадзілі на тэрыторыю закінутага заводу, бралі там мэтал, каб здаваць як лом. А цяпер па пэрымэтры ачапленьне вайскоўцамі, і прайсьці на тэрыторыю больш нельга».

Завод месьціцца на вуліцы Ільіча ў прамысловай зоне. Да цэнтру Рэчыцы ад яго каля двух кілямэтраў, побач Дняпро. Па словах жыхароў Рэчыцы, вайсковую тэхніку з Расеі бачылі і на тэрыторыі іншага прадпрыемства — былога заводу «Рытм». У савецкі час прадпрыемства вырабляла мікрасхемы для вайсковай тэхнікі, збанкрутавала ў «нулявых». Будынкі «Рытму» добра захаваліся.

Паведамленьні пра канцэнтрацыю вайскоўцаў ля мяжы з Украінай зьявіліся і ў Лоеўскім раёне. Як расказала Свабодзе яго жыхарка, у супрацоўнікаў лясгасаў пачалі браць расьпіскі, што яны ня будуць размаўляць з вайскоўцамі, якія разьмяшчаюцца ў лясах побач з Украінай у ваколіцах вёскі Дзімамеркі.

«Людзям далі паперкі падпісаць, што яны ня будуць па лесе шастаць — толькі па сваім участку высечкі, — расказала суразмоўца. — А таксама што ня будуць мець стасункаў з вайскоўцамі».

Лоеўскі раён, як і Рэчыца, ня згадваўся як месца правядзеньня вучэньняў. Тут няма ні чыгуначных, ані іншых транспартных вузлоў. Ад вёскі Дзімамеркі да мяжы з Украінай усяго некалькі кілямэтраў. Да бліжэйшага вялікага ўкраінскага гораду, Чарнігава, — каля 25 км.

Зьяўляюцца ўсё новыя паведамленьні пра перамяшчэньні расейскіх войскаў па беларускай чыгунцы. Пра гэта пішуць у тэматычных суполках у Тэлеграме і ў сацсетках, публікуючы фота цягнікоў з вайсковымі вагонамі і тэхнікай. У прыватнасьці, толькі за выходныя расейскія вайсковыя эшалёны бачылі ў Асіповічах, Баранавічах, Лідзе і ў менскіх Калодзішчах.

У Мар’інай горцы, дзе знаходзяцца беларускія «спэцназаўскія» часткі, у суботу заўважылі расейскую вайсковую тэхніку з нумарамі, выдадзенымі ў Прыморскім краі Расеі (код 125. — РС). Пра тое, што ў Беларусь перакідаюць вайскоўцаў з Далёкага Ўсходу, раней паведамлялі СМІ са спасылкай на вайсковых экспэртаў.

Колькі расейскіх вайскоўцаў цяпер на тэрыторыі Беларусі, дакладна невядома. Згодна зь міжнароднымі пагадненьнямі іх не павінна быць больш за 13 тысяч чалавек — калі лічба замежных вайскоўцаў большая, дык пра гэтую колькасьць трэба інфармаваць краіны АБСЭ і запрашаць на вучэньні назіральнікаў. На так званыя «Венскія пагадненьні» АБСЭ спасылаюцца ў міністэрствах абароны Расеі і Беларусі, калі гавораць пра «Саюзную рашучасьць 2022». Аднак паводле зьвестак, агучаных генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам, Расея ўжо перамясьціла на тэрыторыю Беларусі каля 30 тысяч сваіх вайскоўцаў. Ва ўсёй беларускай арміі пры гэтым каля 65 тысяч чалавек, зь якіх толькі 45 тысяч — вайскоўцы, яшчэ 20 тысяч — цывільныя спэцыялісты.

Вучэньні «Саюзная рашучасьць 2022» павінны пачацца ў чацьвер 10 лютага. Заплянавана, што яны працягнуцца да 20 чысла, пасьля чаго расейскія войскі павінны пачаць выводзіць зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG