Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень да пачатку вучэньняў. Дзе ў Беларусі заўважылі расейскія войскі. МАПА

Расейскія вайскоўцы і тэхніка, якія прыбылі вучэньні «Саюзная рашучасьць-2022» у Беларусь
Расейскія вайскоўцы і тэхніка, якія прыбылі вучэньні «Саюзная рашучасьць-2022» у Беларусь

Афіцыйныя прадстаўнікі Міністэрстваў абароны абедзьвюх краін гавораць пра пяць палігонаў і чатыры аэрадромы. Відавочцы называюць і іншыя месцы.

  • Першую расейскую вайсковую тэхніку ў Беларусі заўважылі 18 студзеня.
  • У той жа дзень Мінабароны Беларусі заявіла, што 10 лютага пачнуцца беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022».
  • Да іх будзе прыцягнута частка сіл і сродкаў Узброеных Сіл Беларусі, а таксама органаў вайсковага кіраваньня, шэрагу воінскіх частак і частак Усходняй вайсковай акругі Узброеных сіл Расеі.
  • Вучэньні працягнуцца 10 дзён, пасьля чаго расейскія войскі павінны пакінуць Беларусь.
  • З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны.
  • Таксама для вучэньняў задзейнічаюць чатыры беларускія вайсковыя аэрадромы — у Лідзе, Мачулішчах, Баранавічах і Лунінцы. Апошні знаходзіцца ўсяго за 50 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

Паводле афіцыйных паведамленьняў Мінабароны Расеі, у Беларусь зьбіраюцца перакінуць:

  • чатыры дывізіёны зэнітных ракетных сыстэм С-400,
  • зэнітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С»,
  • а таксама 12 зьнішчальнікаў СУ-35.
  • З паведамленьняў відавочцаў і незалежных вайсковых экспэртаў вынікае, што з расейскай тэрыторыі ў Беларусь прыбываюць таксама і іншыя ўзбраеньні, у тым ліку танкі, бронетранспартэры і рэактыўныя мінамёты.

Група расейскіх экспэртаў Conflict Intelligence Team, якія займаецца дасьледаваньнямі ўзброеных канфліктаў, апублікавала агляд прыбыцьця расейскіх войскаў у Беларусь. У ім сьцьвярджаецца, што войскі разьмяшчаюцца ня толькі на тэрыторыі прызначаных для вучэньняў палігонаў, а, акрамя авіяцыі і сыстэм супрацьпаветранай абароны, у Беларусь прывезьлі таксама наступальную зброю. Conflict Intelligence Team згадвае, у прыватнасьці, расейскія рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Ўраган», заўважаныя ля Рэчыцы.

Акрамя ваколіц Рэчыцы, у другой палове студзеня расейскія войскі прыкмецілі побач з Калінкавічамі, Мазыром, Ельскам і Гомлем. Вайсковыя эшалёны расейскай арміі пэрыядычна бачаць у Воршы і Асіповічах. Паведамлялася таксама пра зьяўленьне расейскіх вайскоўцаў у Калодзішчах пад Менскам.

Колькі расейскіх вайскоўцаў прыбудзе ў Беларусь

Афіцыйных лічбаў не называла ніводнае зь міністэрстваў абароны. Гаворыцца толькі пра тое, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія прыбудуць у Беларусь да 10 лютага, не перавысіць прадугледжанай міжнароднымі дамоўленасьцямі лічбы ў 13 тысяч чалавек.

Паводле вайсковага аналітыка Ягора Лебядка, мінімальная колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія прыбудуць у Беларусь на вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» можа складаць ад 1500 да 2500 чалавек.

31 студзеня падчас выступу ў Радзе Бясьпекі ААН прадстаўніца ЗША Лінда Томас-Грынфілд заявіла, што да пачатку вучэньняў на тэрыторыі Беларусі Расея мае намер перамясьціць туды да 30 тысяч сваіх вайскоўцаў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG