Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым вайсковыя вучэньні з Расеяй у 2022-м адрозьніваюцца ад вучэньняў папярэдніх гадоў


Расейскія вайскоўцы, якія прыбылі ў Беларусь на вучэньні «Саюзная рашучасьць 2022»
Расейскія вайскоўцы, якія прыбылі ў Беларусь на вучэньні «Саюзная рашучасьць 2022»

Якія зь іх больш маштабныя, хто задзейнічаны і дзе адбываюцца асноўныя апэрацыі.

«Саюзная рашучасьць 2022» — ня першыя вайсковыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі з удзелам рэгулярных расейскіх вайсковых злучэньняў. Пасьля 2009 году ў Беларусі і Расеі рэгулярна праходзяць вучэньні «Захад», якія ў мінулыя гады таксама выклікалі ўвагу вялікай прысутнасьцю ў Беларусі войскаў усходняга суседа. Параўноўваем гэтыя мерапрыемствы.

Прычына правядзеньня

Вучэньні «Захад» праводзяцца кожныя два гады, пачынаючы з 2009-га. Месцы і час іх правядзеньня вызначаюцца загадзя. Прычынай правядзеньня вучэньняў «Захад» у Генэральных штабах абедзьвюх дзяржаў называюць неабходнасьць мадэляваньня дзеяньняў абарончага характару на выпадак уварваньня патэнцыйнага ворага з паўночнага захаду.

У 2017 годзе вучэньні «Захад 2017» праводзіліся па абноўленай схеме. Беларускія і расейскія войскі трэніравалі варыянты супрацьдзеяньня ў выпадку «гібрыднай агрэсіі», дзеля чаго выдумалі квазідзяржаўнае ўтварэньне «Вяйшнорыя», якое амаль цалкам дублявала Горадзенскую вобласьць.

«„Захад-2021“ носіць выключна абарончы характар, і яго правядзеньне не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці», — абяцаў у верасьні 2021 году намесьнік кіраўніка Мінабароны Беларусі Віктар Гулевіч.

Пра правядзеньне «Саюзнай рашучасьці 2022» не было нічога вядома да пачатку студзеня. Раней Беларусь і Расея ніколі не праводзілі настолькі маштабных і пазачарговых вайсковых вучэньняў на тэрыторыі Беларусі. І тым больш вайскоўцы Беларусі ня ўдзельнічалі ў вучэньнях, накіраваных на адпрацоўку дзеяньняў з боку Ўкраіны, пра што адкрыта заявіў Лукашэнка, назваўшы «Саюзную рашучасьць 2022» вучэньнямі «па адпрацоўцы пэўнай задумы ў супрацьстаяньні зь сіламі краін Балтыі, Польшчы і Ўкраіны».

Месцы мадэляваньня ваенных дзеяньняў

Вучэньні «Захад» традыцыйна мяняюць месца правядзеньня раз на два гады. У 2021 годзе іх праводзілі ў Беларусі і часткова ў Расеі — пераважна на тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці. За два гады да гэтага вучэньні «Захад 2019» прайшлі цалкам на тэрыторыі Расеі. «Захад 2017» таксама часткова праводзілі ў Беларусі.

Для вучэньняў «Захад» традыцыйна выкарыстоўваюцца палігоны, разьмешчаныя на захадзе і паўночным захадзе Беларусі. У верасьні 2021 году гэта былі, напрыклад, Берасьцейскі, Ружанскі, Даманаўскі і Обуз-Лясноўскі палігоны. Для параўнаньня — у той жа час у вучэньнях «Захад 2021» у верасьні ўдзельнічалі 9 палігонаў, удвая больш, чым на тэрыторыі Беларусі. То бок асноўная частка вучэньняў усё адно адбываецца на тэрыторыі Расеі, нават калі ў іх і задзейнічаныя беларускія палігоны.

«Саюзная рашучасьць 2022» праходзіць цалкам на тэрыторыі Беларусі. Афіцыйна заяўлена, што расейскія і беларускія вайскоўцы будуць трэніравацца на тэрыторыі пяці палігонаў — каля Берасьця, Баранавічаў, Слоніма, Горадні і Асіповічаў. Таксама плянуюць задзейнічаць вайсковыя аэрадромы каля Ліды, Баранавічаў і ў Мачулішчах. У той жа час зь неафіцыйных крыніц вядома, што расейскія войскі і эшалёны з расейскай вайсковай тэхнікай былі заўважаныя і ў іншых месцах Беларусі. У тым ліку каля Гомля і Рэчыцы. Па ахопе тэрыторыі «Саюзная рашучасьць 2022» значна пераўзыходзіць «Захад 2021», якія адбываліся амаль выключна на тэрыторыі заходняй часткі Берасьцейскай і часткова Горадзенскай абласьцей.

Якія войскі ўдзельнічаюць і ў якіх маштабах

У верасьнёўскіх вучэньнях «Захад 2021», паводле інфармацыі Мінабароны РФ, удзельнічалі каля 200 тысяч вайскоўцаў, прыкладна 760 адзінак тэхнікі, у тым ліку больш за 200 танкаў і 15 караблёў. Пры гэтым варта адзначыць, што ў лік удзельнікаў вучэньняў залічвалі і тыя вайсковыя часткі, якія проста знаходзіліся на ахопленай вучэньнямі тэрыторыі. На тэрыторыю Расеі, напрыклад, для ўдзелу ў вучэньнях былі накіраваныя толькі 400 беларускіх салдат.

Колькасьць расейскіх салдат, якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Захад», адкрыта не называецца. Лічыцца, што ў 2017 годзе ў вучэньнях актыўна ўдзельнічалі каля 13 тысяч вайскоўцаў. Пры гэтым у Беларусь для ўдзелу ў «Захадзе» перакідаюць, як правіла, тыя расейскія вайсковыя часткі, якія дысьлякуюцца побач зь Беларусьсю — у Смаленскай і Бранскай абласьцях.

Адрозьненьне «Саюзнай рашучасьці» ад «Захаду» ў тым, што ў Беларусь упершыню перакідаюць войскі з расейскага Далёкага Ўсходу. Акрамя гэтага, вайсковыя эшалёны з расейскімі салдатамі пачалі прыбываць на тэрыторыю Беларусі яшчэ да афіцыйнага абвяшчэньня пра вучэньні. Гэта адбылося прыкладна за чатыры тыдні да іх пачатку, заплянаванага на 10 лютага. Амаль адначасова з афіцыйным вывадам войскаў АДКБ з тэрыторыі Казахстану.

Колькі дакладна расейскіх вайскоўцаў прыбудзе ў Беларусь для ўдзелу ў раптоўных вучэньнях, пакуль невядома. Паводле паведамленьняў Мінабароны РФ, гэта будуць у першую чаргу войскі супрацьпаветранай абароны, а таксама зьнішчальная авіяцыя. У прыватнасьці, на беларускіх аэрадромах ужо базуюцца 12 расейскіх зьнішчальнікаў Су-35. Гэта самыя сучасныя расейскія зьнішчальнікі, якія прынятыя на ўзбраеньне. У Беларусі такіх самалётаў няма.

Працягласьць

Вучэньні «Захад 2021» афіцыйна доўжыліся пяць дзён — з 10 па 15 верасьня. Папярэднія вучэньні «Захад» на тэрыторыі Беларусі працягваліся на адзін дзень больш — з 14 па 20 верасьня. Расейскія войскі ў Беларусь пачыналі прыбываць з пачатку верасьня, пасьля вучэньняў усе яны хутка выводзіліся назад у Расею на месцы сталай дысьлякацыі.

У выпадку з «Саюзнай рашучасьцю» ўсё выглядае іначай. Першыя расейскія эшалёны ў Беларусі заўважылі раніцай 18 студзеня ў Мазырскім раёне — амаль за месяц да анансаванага пачатку вучэньняў. Да таго ж афіцыйная іх частка зойме 10 дзён — удвая больш, чым звычайная працягласьць «Захаду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG