Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторым вайскоўцам, якія едуць у Беларусь, кажуць пра паўгода ці 9 месяцаў», — дасьледчык Conflict Intelligence Team


Перавозка расейскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Расеі да мяжы з Ўкраінай
Перавозка расейскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Расеі да мяжы з Ўкраінай

18 студзеня Міністэрства абароны паведаміла пра вучэньні, якія маюць адбыцца на тэрыторыі Беларусі з удзелам расейскіх войскаў з 10 па 20 лютага. Гэта адбылося ўжо пасьля таго, як зьявіліся сьведчаньні прысутнасьці расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі.

На пытаньні Радыё Свабода адказаў Кірыл Міхайлаў, удзельнік расьсьледвальнага праекту Conflict Intelligence Team.

— Наколькі тыповая сытуацыя, калі расейскія войскі ўваходзяць у іншую краіну, гэта заўважаюць назіральнікі, і толькі пасьля гэтага ўлады афіцыйна заяўляюць, што там пройдуць вучэньні?

— Мы такое назіралі, напрыклад, у Сырыі, калі ў 2015 годзе перакідалі войскі і толькі потым постфактум пра гэта абвясьцілі. Хоць таксама ўсе назіралі за самалётамі і караблямі, якія іх везьлі.

Падобная ж гісторыя была летась у красавіку, калі войскі, перакінутыя ў Крым, нечакана там паказаліся і пачалі ладзіць вучэньні, хоць пра гэта раней не абвяшчалі.

Такое практыкуецца, і гэта далёка ня першы раз.

— Што вядома CIT на гэты момант пра расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі?

Кірыл Міхайлаў, архіўнае фота
Кірыл Міхайлаў, архіўнае фота

— Мы ня можам цяпер даваць дакладную колькасную ацэнку. Ведаем толькі, што там ёсьць часткі з 16-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, якая базуецца ў Прыморскім краі Расеі на Далёкім Усходзе. Калі сапраўды праводзяцца вучэньні па супрацьдзеяньні NATO, дык даволі лягічна выкарыстоўваць такія злучэньні. Бо ў тэорыі любое сутыкненьне з NATO можа ўступіць у ядзерную фазу.

Акрамя таго, ужо можна казаць, што на тэрыторыі Беларусі, напрыклад, знаходзяцца сыстэмы залпавага агню «Ўраган».

З Далёкага Ўсходу цяпер едзе вялікая колькасьць рознай тэхнікі — танкавыя, мотастралковыя падразьдзяленьні. Нашы заходнія калегі лічаць, што гаворка пра 10–15 батальённа-тактычных групаў — гэта спэцыяльныя падразьдзяленьні ў складзе расейскіх злучэньняў. Яны ўкамплектаваныя кантрактнікамі і лічацца найбольш баяздольнымі і гатовымі да такіх перакіданьняў.

Кожнае з гэтых падразьдзяленьняў мае ў сярэднім каля 800 байцоў — ад 600 да 1000. Вось і падлічыце — гаворка можа ісьці пра больш як 10 тысяч вайскоўцаў. Але гэта пры ўмове, што ўсе яны едуць у Беларусь. Паводле камэнтароў у сацыяльных сетках, сапраўды большасьць нібыта едуць на вучэньні ў Беларусь, але ёсьць і пра тое, што едуць на мяжу зь Беларусьсю ці нават на Данбас — гэта можа значыць Растоўскую вобласьць Расеі.

Аднак значная частка дакладна накіроўваецца ў Беларусь, і тое, што мы бачылі ўчора, — гэта напэўна не апошнія кадры прыбыцьця расейскіх войскаў. Расейскі намесьнік міністра абароны ўжо заявіў, што часткі Ўсходняй вайсковай акругі возьмуць удзел у вучэньнях на тэрыторыі Беларусі.

— Ці было ўжо раней такое, каб войскі з Далёкага Ўсходу Расеі хутка і нечакана перакідалі на захад?

— На нашай памяці ў такіх маштабах гэта адбываецца ўпершыню. Можна толькі прыгадаць, калі з Буратыі перакідалі танкістаў і мотастралкоў, якія бралі ўдзел у вайне на ўсходзе Ўкраіны ўзімку 2015 году, у баях за Дэбальцава. Тады мы іх бачылі апошні раз, а цяпер яны ў складзе тых сілаў, якія перакідаюцца.

Такога масавага перакіданьня з Далёкага Ўсходу мы раней ня бачылі. Расейскія вайскоўцы гэта тлумачаць тым, што армія павінна быць гатовая да любых пазаштатных сытуацый, калі, напрыклад, могуць спатрэбіцца ўсе сілы на заходнім кірунку.

Але калі гаварыць пра расейскія практыкі, дык ёсьць такая практыка — не выводзіць войскі пасьля вучэньняў. Такое было на Паўночным Каўказе ў 2008 годзе і на мяжы з Украінай у 2014 годзе, калі вайскоўцаў пасьля вучэньняў ня сталі вяртаць у месцы сталай дысьлякацыі, а потым яны зайшлі ва Ўкраіну.

Цяпер мы прагназуем, што гэтыя падразьдзяленьні ня цалкам вернуцца зь Беларусі — прынамсі там пакінуць тэхніку, хоць частка асабовага складу можа вярнуцца.

Людзям з розных падразьдзяленьняў, якія накіроўваюцца ў Беларусь, цяпер кажуць рознае. Некаму — што яны едуць на 2 месяцы, некаму — што на паўгода, а некаму — што на 9 месяцаў. Нехта лічыць, што гэта вучэньні, а нехта — што будзе вайна.

— Як мяняецца сытуацыя каля расейскіх межаў з Украінай за апошнія тыдні і дні?

— Зьявіліся першыя сьведчаньні пра перакіданьне да мяжы дэсантных частак зь Сібіры і цэнтральнай Расеі. Мы пакуль ня ведаем, у якім маштабе — ці настолькі ж гэта маштабна, як мінулай вясной, калі дэсантнікаў перакідалі цэлымі дывізіямі. Але гэта тое, чаго мы дагэтуль ня бачылі падчас цяперашняй эскаляцыі.

Усё гэта сьведчыць, што падрыхтоўка працягваецца — хай сабе павольна. Мы дагэтуль ня ведаем, ці будзе наступ. Ня ведаем, што ў галаве ў Пуціна і ці дасьць ён такі загад. Але ўсё цяпер рыхтуюць да таго, каб ён мог аддаць такі загад і атрымаць вынік цягам літаральна некалькіх дзён.

Нарошчваньне сілаў адбываецца даволі павольна, але літаральна з кожным днём пагроза адкрытага, маштабнага канфлікту нарастае. Ня толькі мы, але і іншыя дасьледчыкі лічаць, што нейкую ролю ў такім канфлікце могуць адыграць тыя часткі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі і якія накіроўваюцца туды.

Ёсьць зусім апакаліптычныя вэрсіі, што будзе наступ з поўначы на Кіеў, але іншая вэрсія — што іх роляй будзе адцягваць на сябе частку ўкраінскіх войскаў і не дазволіць ім перакінуць усё ў зону меркаваных баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG