Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар NATO: пры правале перамоваў з Расеяй магчымы яе напад на Ўкраіну


Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Расея працягвае нарошчваць сваю ўзброеную групоўку каля межаў з Украінай і што пагроза шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ў гэтую краіну застаецца рэальнай.

Столтэнбэрг выступіў у пятніцу ў Брусэлі пасля онлайн-нарады міністраў замежных спраў краін NATO, на якой саюзьнікі абмяркоўвалі заплянаваныя перамовы з Расеяй аб выстаўленых раней Масквой патрабаваньнях так званых гарантый бясьпекі.

«Рызыка канфлікту рэальная. Агрэсіўныя дзеяньні Расеі сур’ёзна падрываюць бясьпеку ў Эўропе», — сказаў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу. Ён выступіў за «прамы і адкрыты» дыялёг з Расеяй па тых пытаньнях, якія яе непакояць. «Але мы павінны быць гатовыя да таго, што ён скончыцца правалам», — падкрэсьліў Столтэнберг, дадаўшы, што ў такім выпадку саюзьнікам па NATO трэба будзе быць гатовымі да расейскага наступу на Ўкраіну.

Столтэнбэрг вітаў гатоўнасьць Расеі да перамоваў, але пры гэтым фактычна назваў частку расейскіх патрабаваньняў непрымальнымі. «Ня будзе ніякага кампрамісу адносна нашых асноўных прынцыпаў, у тым ліку права кожнай краіны выбіраць свой уласны шлях», — сказаў генэральны сакратар NATO. Адно з расейскіх патрабаваньняў тычылася адмовы ад прыняцьця Ўкраіны і іншых краін былога СССР у NATO.

Таксама Столтэнбэрг падкрэсьліў, што ніякае рашэньне аб бясьпецы ў Эўропе ня будзе прымацца без уліку думкі эўрапейскіх краін NATO. Пры гэтым Масква першапачаткова настойвала на двухбаковым дыялёгу толькі з ЗША.

Паводле словаў прадстаўніка NATO, немагчыма таксама дзяліць саюзьнікаў па NATO на розныя «гатункі» і, у прыватнасьці, адмаўляцца ад умацаваньня бясьпекі ўсходняга флянгу NATO. Тым часам Расея патрабуе вяртаньня да сытуацыі 1997 году, што фактычна азначала б забарону на разьмяшчэньне вайскоўцаў зь іншых краін NATO на тэрыторыі дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Пры гэтым Столтэнбэрг сказаў, што ў NATO гатовыя абмяркоўваць расейскія прапановы аб кантролі над ядзернымі і звычайнымі ўзбраеньнямі — калі саступкі па гэтых пытаньнях будуць узаемнымі.

Столтэнбэрг таксама зноў заявіў, што любая новая агрэсія супраць Украіны будзе мець для Расеі сур’ёзныя наступствы. Пры гэтым, як і раней, ён зазначыў, што ў NATO няма абавязаньняў абараняць Украіну сілай зброі.

  • Паседжаньне Рады Расея-NATO, на якім будуць абмяркоўвацца расейскія патрабаваньні, адбудзецца 12 студзеня. Да яго адбудуцца перамовы ў Жэнэве паміж Расеяй і ЗША. Пры гэтым амэрыканскі бок даў зразумець, што абмяркоўвацца будуць толькі пытаньні кантролю над узбраеньнямі і стратэгічнай стабільнасьці, але ня тыя пытаньні, якія патрабуюць абмеркаваньня з саюзьнікамі па NATO, накшталт пашырэньня арганізацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG