Кадры здымкі ад 4 лютага, прадстаўленыя прыватнай амэрыканскай кампаніяй Maxar Technologies
Кампанія Maxar Technologies паведаміла, што 4 лютага атрымала здымкі вайсковай тэхнікі ў Ельску, Рэчыцы і Лунінцы.
Спадарожнікавыя здымкі, якія апублікавала агенцтва Reuters, зроблены прыватнай амэрыканскай кампаніяй Maxar Technologies. На іх відаць разьмяшчэньне расейскіх войскаў каля мяжы Беларусі і Ўкраіны. У той жа час Reuters зьвяртае ўвагу, што не змагла правесьці незалежны аўдыт.
Кампанія Maxar Technologies паведаміла, што 4 лютага атрымала здымкі вайсковай тэхнікі ў Ельску, Рэчыцы і Лунінцы. Яны ідэнтыфікавалі 15 штурмавікоў Су-25 і ЗРК С-400 на аэрадроме «Лунінец», а таксама расейскія ракетныя комплексы «Іскандэр» і рэактыўныя сыстэмы залпавага агню пад Ельскам.
Як паведамляе агенцтва, Мінабароны Расеі не адказала апэратыўна на просьбу пракамэнтаваць, а беларускія вайскоўцы не адказалі на званкі 6 лютага.
Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу прыбыў у Беларусь 3 лютага напярэдадні заплянаваных на гэты месяц маштабных вучэньняў «Саюзная рашучасьць». Яны пройдуць з 10 па 20 лютага. Шайгу адзначыў, што колькасьць вайскоўцаў «не перавышае парамэтраў, устаноўленых Венскім дакумэнтам 2011 году», таму гэта не абавязвае Маскву інфармаваць іншыя краіны аб дэталях манэўраў.
Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг адзначыў, што за апошнія дні Масква накіравала ў Беларусь каля 30 тысяч сваіх салдат і перадавой вайсковай тэхнікі. Ён назваў прысутнасьць Узброеных сіл Расеі ў Беларусі самай маштабнай з часоў заканчэньня «халоднай вайны».
У сувязі з эскаляцыяй напружанасьці на расейска-ўкраінскай мяжы, дзе Расея ўводзіць войскі, ЗША і эўрапейскія краіны заявілі, што могуць увесьці жорсткія санкцыі, калі расейскія войскі перасякуць мяжу. Масква адмаўляе падрыхтоўку да ваеннай апэрацыі і тлумачыць перамяшчэньне войскаў вучэньнямі.