Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі генэрал-палкоўнік выступіў супраць вайны з Украінай і заклікаў Пуціна падаць у адстаўку

Леанід Івашоў у 2001 годзе
Леанід Івашоў у 2001 годзе

Былы начальнік Галоўнага ўпраўленьня міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Расеі, генэрал-палкоўнік у адстаўцы Леанід Івашоў, выступаючы ў якасьці старшыні «Агульнарасейскага афіцэрскага сходу», выпусьціў зварот супраць вайны Расеі з Украінай.

У падрыхтоўцы такой вайны ён абвінаваціў кіраўніцтва Расеі і асабіста прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна, якога заклікаў пайсьці ў адстаўку.

Зварот датаваны 31 студзеня. Напярэдадні на яго зьвярнуў увагу палітоляг Іван Праабражэнскі, а потым іншыя камэнтатары ў інтэрнэце.

Генэрал Івашоў вядомы сваімі прасавецкімі і нацыянал-патрыятычнымі поглядамі.

На думку Івашова, «раней Расея (СССР) вяла вымушаныя (справядлівыя) войны, і, як правіла, калі іншага выйсьця не заставалася, калі жыцьцёва важныя інтарэсы дзяржавы і грамадзтва аказваліся пад пагрозай». Аднак цяпер, як піша генэрал, адзінай пагрозай існаваньня Расеі зьяўляецца дэградацыя яе ўнутранага жыцьця. Вонкавыя ж пагрозы «не зьяўляюцца ў дадзены момант крытычнымі». «Захоўваецца ў цэлым стратэгічная стабільнасьць, ядзерная зброя знаходзіцца пад надзейным кантролем, групоўкі сіл NATO не нарошчваюцца, пагрозьлівай актыўнасьці не праяўляюць», — піша Івашоў.

Як гаворыцца ў звароце, Украіна як незалежная дзяржава мае права на індывідуальную і калектыўную абарону. «Натуральна, для таго, каб Украіна засталася дружалюбным суседам для Расеі, неабходна было для яе прадэманстраваць прывабнасьць расейскай мадэлі дзяржавы і сыстэмы ўлады», — піша Івашоў. Ён таксама зазначае, што пераважная большасьць дзяржаў сьвету не прызнае анэксаванага Крыму і Севастопаля расейскімі, што «пераканаўча паказвае няслушнасьць і непераканаўчасьць расейскай замежнай палітыкі і непрывабнасьць унутранай».

На думку генэрала, прымяненьне вайсковай сілы супраць Украіны «па-першае, паставіць пад пытаньне існаваньне самой Расеі як дзяржавы; па-другое, назаўжды зробіць расейцаў і ўкраінцаў сьмяротнымі ворагамі». Івашоў таксама баіцца ўступленьня ў канфлікт краін NATO, у прыватнасьці Турэччыны.

«Акрамя таго, Расея адназначна будзе занесеная ў катэгорыю краін, якія пагражаюць міру і міжнароднай бясьпецы, абкладзена найцяжэйшымі санкцыямі, ператворыцца ў ізгоя сусьветнай супольнасьці, і, верагодна, будзе пазбаўлена статусу незалежнай дзяржавы», — мяркуе генэрал. Ён лічыць, што Расея «правакуе напружанасьць на мяжы вайны», каб адцягнуць насельніцтва ад унутраных праблем.

У звароце зьмяшчаецца патрабаваньне да прэзыдэнта «адмовіцца ад злачыннай палітыкі правакаваньня вайны».

  • Леанід Івашоў у 1996–2001 гадах быў начальнікам Галоўнага ўпраўленьня міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Расеі, займаў іншыя высокія пасады ў Міністэрстве абароны. Ён атрымаў вядомасьць, у прыватнасьці, рэзка нэгатыўнымі ацэнкамі апэрацыі NATO супраць Сэрбіі ў 1999 годзе. Пасьля адстаўкі выступаў у газэце «Завтра» і ў іншых СМІ з крытыкай палітыкі расейскіх уладаў з «нацыянальна-дзяржаўных» пазыцый. Крытыкаваў таксама NATO і Захад.
  • «Агульнарасійскі афіцэрскі сход» — грамадзкая арганізацыя, якая аб’ядноўвае афіцэраў запасу прасавецкіх і нацыянал-патрыятычных поглядаў, у яе кіраўніцтва ўваходзіць, напрыклад, палкоўнік Уладзімір Квачкоў і іншыя вядомыя асобы.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG