Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны паведаміла, дзе 11 лютага адбудуцца манэўры ў рамках беларуска-расейскіх вучэньняў


Ілюстрацыйнае фота. ЗРК С-400 занялі баявое дзяжурства падчас сумесных вучэньняў узброеных сіл Расеі і Беларусі ў рамках праверкі. 9 лютага 2022
Ілюстрацыйнае фота. ЗРК С-400 занялі баявое дзяжурства падчас сумесных вучэньняў узброеных сіл Расеі і Беларусі ў рамках праверкі. 9 лютага 2022

11 лютага ў рамках беларуска-расейскага сумеснага апэратыўнага вучэньня «Саюзная рашучасьць2022» асноўныя этапы практычных дзеяньняў войскаў (сіл) разгорнуцца на палігонах «Гожаскі» і «Берасьцейскі», а таксама «на асобных участках мясцовасьці» на тэрыторыі Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Учора міністэрства апублікавала мапу на тэрыторыі Беларусі на 10 лютага 2022 году:

11 лютага, паводле Мінабароны:

  • На палігоне «Гожаскі» падразьдзяленьні мэханізаванай брыгады Узброеных Сіл Беларусі адпрацоўваюць пытаньні вядзеньня абарончага бою. Падразьдзяленьні СПА ажыцьцяўляюць супрацьпаветранае прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня, агнявых пазыцый, раёнаў абароны воінскіх частак і падразьдзяленьняў ад удараў сродкаў паветранага нападзеньня праціўніка.
  • На палігоне «Берасьцейскі» падразьдзяленьні сіл спэцапэрацый Узброеных сіл Беларусі, Паветрана-дэсантных войскаў і мотастралковых падразьдзяленьняў Узброеных сіл РФ адпрацоўваюць узяцьце пад ахову вайсковых аб’ектаў, тылавых калёнаў, а таксама ўскрыцьця сховішчаў незаконных узброеных фармаваньняў.
  • На ўчастку мясцовасьці «Гомель» падразьдзяленьні Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расеі праводзяць розыгрыш выведвальна-пошукавых дзеяньняў па блякаваньні і зьнішчэньні дывэрсійна-выведвальных груп умоўнага суперніка і незаконных узброеных фармаваньняў.
  • На ўчастку мясцовасьці «Баранавічы» падразьдзяленьні СПА марской пяхоты Ўзброеных сіл Расеі адпрацоўваюць пытаньні адбіцьця ўдараў сродкаў паветранага нападу суперніка з баявой стральбой. Падразьдзяленьні мэханізаванай брыгады Узброеных сіл Беларусі вядуць навучальны абарончы бой.
  • На ўчастку мясцовасьці «Рэчыца» мотастралковыя падразьдзяленьні Ўзброеных Сіл Расеі адбіваюць удары сродкаў паветранага нападу ўмоўнага суперніка, адпрацоўваюць пытаньні захаваньня жывучасьці, вываду і заняцьця абарончых рубяжоў, пераправы воднай перашкоды (р. Прыпяць).

Манэўры праходзяць з 10 па 20 лютага. У першы дзень вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022» актыўныя дзеяньні праводзіліся на двух палігонах і дзесяці ўчастках мясцовасьці.

Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідала ў Беларусь войскі і вайсковую тэхніку, у тым ліку дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35С, штурмавікі Су-25СМ, зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыумф», комплексы «Іскандэры» і іншае ўзбраеньне.

У ЗША і краінах ЭЗ асьцерагаюцца, што нейкая частка расейскіх войскаў застанецца ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускіх і расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што пасьля вучэньняў усе войскі вернуцца ў месцы сталай дыслякацыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама выказаў асьцярогу, што Расея можа выкарыстоўваць войскі, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Ўкраіну з поўначы. Начальнік Генштаба ВС Беларусі Віктар Гулевіч раней паведаміў, што вучэньні «носяць абарончы характар» і не нясуць ніякай пагрозы «ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG