Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі патрабуюць, каб Беларусь за 48 гадзін выканала палажэньні Венскага дакумэнту АБСЭ


Расейскія вайскоўцы прыбываюць на вучэньні ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы прыбываюць на вучэньні ў Беларусь. Ілюстрацыйнае фота

Літва, Латвія і Эстонія даслалі запыт Беларусі з патрабаваньнем патлумачыць вайсковую актыўнасьць на сваёй тэрыторыі і даць адказы ў рамках Венскага дакумэнту АБСЭ.

Яны адзначылі, што ў пазачарговыя маштабныя вайсковыя вучэньні ўцягнутыя практычна цалкам узброеныя сілы Беларусі, пры гэтым дзяржавам — членам АБСЭ была прадстаўленая вельмі абмежаваная інфармацыя. Так, няма інфармацыі ні пра дакладную колькасьць войскаў, ні пра ўзбраеньне, якое будзе выкарыстоўвацца, ні пра плянаваную дату вяртаньня расейскіх войскаў. Такім чынам, не забясьпечаная неабходная празрыстасьць вучэньняў, як таго патрабуе Венскі дакумэнт АБСЭ, — адзначаецца ў запыце.

  • Венскі Дакумэнт аб мерах умацаваньня даверу і бясьпекі (2011 г.) датычыцца мер даверу ў рэгіёне АБСЭ. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што краіны — удзельніцы пагадненьня абавязаныя супрацоўнічаць адносна «любой незвычайнай і незаплянаванай дзейнасьці іх вайсковых сіл па-за месцамі іх звычайнай дысьлякацыі ў мірны час». Любая дзяржава — удзельніца АБСЭ, якая адчувае заклапочанасьць незвычайнай вайсковай актыўнасьцю іншай дзяржавы-ўдзельніцы, мае права накіраваць ёй запыт аб тлумачэньнях.

У запыце нагадваецца, што Беларусь праігнаравала патрабаваньне Латвіі правесьці двухбаковую інспэкцыю вайсковых сіл у рамках «Мераў па ўмацаваньні даверу і бясьпекі». Прычынай адмовы афіцыйны Менск назваў імклівы рост эпідэміі ковіду, пры гэтым адначасова арганізуючы шчыльную канцэнтрацыю войскаў на сваёй тэрыторыі.

Запрашэньне ўдзельнічаць у назіраньні за другой фазай вучэньняў, якое Беларусь даслала 9 лютага Літве і Латвіі, краіны Балтыі разглядаюць як пазытыўны крок, але лічаць, што такія меры ня могуць замяніць паўнавартаснае выкананьне Венскай дамовы. Краіна, на чыёй тэрыторыі праводзяцца вучэньні, павінна паведаміць пра гэта як найменей за 42 дні, нагадваецца ў запыце. Краіны Балтыі заклікаюць Беларусь адкрыць вучэньні для назіральнікаў, каб разьвеяць заклапочанасьць надзвычайнай вайсковай актыўнасьцю.

Запыт прадугледжвае, што Беларусь павінна даць адказ на працягу 48 гадзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG