Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія комлексы С-400 разьмясьцілі ў Берасьцейскай вобласьці, у Беларусь прыбыў начальнік Генштабу Расеі

Частка комплексу С-400
Частка комплексу С-400

Зэнітны ракетны комплекс С-400, прыпісаны да Ўсходняй вайсковай акругі Расеі, прыбыў на беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы.

Зэнітны ракетны комплекс рыхтуецца заступіць на баявое дзяжурства ў супрацьпаветранай абароне ў складзе Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА на палігоне ў Берасьцейскай вобласьці, паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі са спасылкай на расейскі бок.

«Асабісты склад адпрацаваў разгортваньне баявой тэхнікі на пазыцыях і пачаў трэнінгі ў кантролі паветранай прасторы ў вызначанай зоне адказнасьці», — адзначылі ў расейскім ведамстве.

На якім канкрэтна палігоне разгарнуліся разьлікі комплексу, не паведамляецца. Раней заяўлялася, што праверка сіл рэагаваньня і вучэньні пройдуць на «асобных участках мясцовасьці» і пяці палігонах, у тым ліку ў Берасьцейскай вобласьці — на Берасьцейскім, Даманаўскім і Обуз-Лясноўскім.

Аб пачатку перакіданьня ў Беларусь двух дывізіёнаў зэнітных ракетных сыстэм С-400 «Трыюмф» аб’яднаньня ВПС і СПА Ўсходняй вайсковай акругі (Далёкі Ўсход РФ) расейскае ведамства паведаміла 21 студзеня. Баявыя разьлікі комплексу прыбылі ў Беларусь 3 лютага.

С-400 — сыстэма СПА далёкага дзеяньня, прызначаная для паражэньня самалётаў стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, балістычных ракет, гіпэргукавых цэляў. У склад стандартнага дывізіёну ўваходзяць восем пускавых установак з чатырма зэнітнымі ракетамі ў кожнай.

За дзень да пачатку манэўраў у Беларусь прыляцеў начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі генэрал арміі Валерый Герасімаў. Герасімаў — сярод адказных за анэксію ўкраінскага Крыму і разьвязваньне вайны на Данбасе.

Як паведамляе ТАСС, ён праверыць гатоўнасьць да вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022», якія павінны пачацца заўтра і паводле афіцыйных заяваў пройдуць да 20 лютага. Расейскі бок заяўляў, што пасьля вучэньняў іх войскі пакінуць Беларусь.

Герасімаў сярод адказных за анэксію ўкраінскага Крыму і разьвязваньне вайны на Данбасе.

Першага лютага пачалася праверка сіл рэагаваньня Саюзнай дзяржавы. У рамках яе другога этапу з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі пройдуць вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідвае ў Беларусь войскі і тэхніку. Акрамя комплексу С-400 «Трыюмф», ужо перакінулі дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматцэлевыя зьнішчальнікі Су-35С, штурмавікі Су-25СМ і іншую тэхніку.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

XS
SM
MD
LG