- Мне здаецца, што можна давяраць лічбе ў 30 тысяч расейскіх вайскоўцаў, перакінутых у Беларусь, якую агучыў на мінулым тыдні генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Генэральны сакратар вельмі рэдка дае лічбы вось так — думаю, што іх крыніцай была выведка краін NATO.
- Гэта сапраўды найбольшая колькасьць расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі ад часоў халоднай вайны. Калі мы падумаем пра галоўныя вучэньні Беларусі і Расеі — я маю на ўвазе найперш «Захад», але таксама і «Шчыт саюзу» — дык там заўсёды было ня больш за 6000 ці 6500 расейскіх вайскоўцаў.
- Мне здаецца, што расейскае Міністэрства абароны называе лічбы, ніжэйшыя за колькасьць іх вайскоўцаў у Беларусі, бо ня ўсе яны будуць браць удзел у актыўнай фазе вучэньняў.
- Ёсьць падставы лічыць, што Беларусь і Расея спрабуюць абысьці Венскі дакумэнт АБСЭ (паводле якога трэба інфармаваць іншыя краіны і запрашаць назіральнікаў, калі ў вучэньнях бярэ ўдзел 13 тысяч і больш вайскоўцаў).
- У краін Балтыі, Польшчы і Ўкраіны могуць быць вялікія сумневы найперш наконт таго, колькі расейскіх салдат прыехала ў Беларусь і колькі зь іх бярэ ўдзел у актыўнай фазе вучэньняў.
- Беларусь таксама падпісвала дадатковыя дамовы з суседзямі — з Украінай, Польшчай, Латвіяй і Літвой. Там яшчэ большыя абмежаваньні. Напрыклад, назіраньне паміж Польшчай і Беларусьсю пачынаецца, калі вучэньні перавышаюць 6 тысяч вайскоўцаў, а таксама вызначаную колькасьць танкаў і іншых відаў узбраеньняў.
- Краіны Балтыі, якія даслалі запыт Беларусі з патрабаваньнем патлумачыць вайсковую актыўнасьць на сваёй тэрыторыі і даць адказы ў рамках Венскага дакумэнту АБСЭ, чакаюць магчымасьці абавязковага назіраньня. Каб іх інспэкцыі маглі паехаць у Беларусь назіраць за гэтымі вучэньнямі і пабачыць, што там фактычна адбываецца, якая там колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якая колькасьць беларускіх вайскоўцаў бярэ ў гэтым удзел.
- Таксама былі заявы з боку органаў улады Беларусі, што ў гэтых вучэньнях бяруць удзел практычна ўсе беларускія салдаты. А гэтых салдат больш за 45 тысяч. Гэта таксама азначае перавышэньне ўзроўняў, якія ёсьць у Венскім дакумэнце АБСЭ.
- Падчас цяперашніх вучэньняў мы бачым дэзынфармацыю і «ўкіды», каб запалохаць усіх — беларусаў, іншыя краіны.
- Міністэрства абароны Расеі заявіла, што пасьля вучэньняў усе войскі будуць выведзеныя зь Беларусі. Але праблема фактычна ня ў гэтым. Можа застацца абсталяваньне, якое магчыма скарыстаць пазьней. Частка зброі можа застацца, напрыклад у рамках сумеснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Частка зброі — да прыкладу, С-400 — можа застацца ў сумесным цэнтры навучаньня. Да таго ж можа быць такая частая ратацыя расейскіх войскаў і гэтулькі вучэньняў, што яны фактычна ўвесь час будуць у Беларусі, хоць афіцыйна базаў ня будзе.
- Ёсьць сьведчаньні дысьлякацыі расейскіх войскаў у Беларусі ў тых месцах, якія не былі анансаваныя як месцы вучэньняў. І гэта ўсё тычыцца паўднёвай мяжы Беларусі. Але я сумняваюся, што гэтыя расейскія падразьдзяленьні могуць быць скарыстаныя для агрэсіі Расеі супраць Украіны.
- Цяпер Расея мае на сваёй тэрыторыі каля мяжы з Украінай каля 130 тысяч вайскоўцаў. Да гэтага можна дадаць каля 30 тысяч у Беларусі. Украіна агулам мае амаль такую ж колькасьць вайскоўцаў. Для таго, хто хоча пачаць поўнамаштабную агрэсію, перавага яшчэ занадта малая.
- Поўнамаштабная агрэсія супраць Украіны была б канцом сучаснай Расеі. Думаю, што ў Беларусі яшчэ памятаюць «груз 200» падчас вайны ў Афганістане і як усё гэта паўплывала на грамадзтва і на эканоміку. Поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны прывяла б да яшчэ горшага, чым Афганістан для СССР. Выглядае, што ў Маскве гэта ўлічваюць.
- Таксама ёсьць сыгналы з боку расейскага грамадзтва і былых вайскоўцаў, нязгодных з такой палітыкай. Усе яны кажуць, што гэта быў бы канец такой Расеі, якую мы ведаем цяпер.
- Імавернасьць поўнамаштабнай агрэсіі я б ацаніла ня больш як у 20 працэнтаў. Расея вельмі добра ведае пра наступствы. Гэта ня будзе сцэнар Крыму, адкуль у Расею не дасылалі мёртвых вайскоўцаў. Там разумеюць і эканамічныя наступствы — найперш рэакцыю ЗША, але таксама і Эўразьвязу. Эканамічныя санкцыі тады, напэўна, будуць вельмі жорсткія для Расеі.
- Усе разумеюць, што Расея змагла б захапіць усю тэрыторыю Ўкраіны. Але што далей? Партызанская вайна? Напэўна так. Гэта каштавала б занадта дорага для Расеі.
- Я не выключаю, што ў наступныя месяцы ў Расеі пачнецца сур’ёзная дыскусія аб прызнаньни незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР». Для Расеі гэта можа быць частковым выхадам зь цяперашняй сытуацыі. Мы ведаем, што Расея заўсёды гатовая «абараняць сваіх грамадзян», як, напрыклад, было ў Грузіі ў 2008 годзе. У расейскіх СМІ ў апошнія тыдні зьявілася інфармацыя, што каля 750 тысяч жыхароў Данбасу на тэрыторыі, якая непадкантрольная Кіеву, атрымалі расейскае грамадзянства.
- Мне здаецца, што Крэмль і асабіста Пуцін пакуль не прынялі канчатковага рашэньня, што далей рабіць з Украінай і з вонкавай палітыкай Расеі.
- Калі агрэсія ўсё ж здарыцца, мне здаецца, што, на жаль, тэрыторыя Беларусі будзе для гэтага скарыстаная. Бо гэта было б важна з гледзішча ваеннай кампаніі. Але гэта не абавязкова будзе значыць, што нейкія расейскія падразьдзяленьні ўвойдуць ва Ўкраіну з боку Беларусі. Можа хапіць і таго, што там будуць войскі, якія будуць пагрозай для Ўкраіны. Гэтага было б дастаткова, каб прымусіць Украіну падзяліць свае сілы паміж абаронай на поўначы і на ўсходзе.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.