Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь як цацка ў чужой мілітарысцкай гульні. У чым асаблівасьць цяперашніх вайсковых вучэньняў

Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022»
Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022»

10 лютага пачаліся беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», якія з самага пачатку выклікалі вялікі ажыятаж, нямала алярмісцкіх прагнозаў. Шмат хто назваў іх сродкам акупацыі Беларусі.

Сьцісла:

  • Ніколі раней Беларусь і Расея не праводзілі настолькі буйных вайсковых манэўраў на тэрыторыі незалежнай Беларусі.
  • Вучэньням спадарожнічае непразрыстасьць. Беларускі і расейскі бакі ўсяляк хаваюць важныя акалічнасьці, зьвязаныя зь імі.
  • Надзвычайнай закрытасьцю Расея імкнецца напужаць Захад і прымусіць яго саступіць.
  • Расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі ўзмацняецца, становіцца пастаяннай.
Расейскія войскі ў Беларусі
Расейскія войскі ў Беларусі

Першае, што зьвяртае на сябе ўвагу — гэта маштаб вучэньняў. Ніколі раней Беларусь і Расея не праводзілі настолькі буйных вайсковых манэўраў на тэрыторыі незалежнай Беларусі. Іхная працягласьць — 10 дзён — удвая большая, чым звычайна (калі параўноўваць, напрыклад, зь леташнімі «Захад- 2021»).

Паводле незалежных назіральнікаў, у вучэньнях з расейскага боку задзейнічалі самыя сучасныя віды ўзбраеньняў, напрыклад ракетныя комплексы «Искандер-М». Таксама ў іх бяруць удзел дэсантнікі, марская пяхота, артылерыя.

Адрозьніваецца і тэрыторыя правядзеньня вучэньняў. Калі раней яны ладзіліся амаль выключна ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях, то цяпер праходзяць фактычна на большай частцы краіны.

Другі важны момант — гэта непразрыстасьць у правядзеньні гэтых вучэньняў. Беларускі і расейскі бакі ўсяляк хаваюць усе акалічнасьці, зьвязаныя зь імі.

У прыватнасьці, загадкай зьяўляецца колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі. Была толькі заява, што яна не перавысіць абмежаваньні, прадугледжаныя Венскім дакумэнтам 2011 году. То бок 13 тысяч чалавек.

Аднак, паводле інфармацыі экспэртаў і выведкі заходніх краін, іх колькасьць значна перавышае згаданую лічбу. Напрыклад, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што паводле ягоных зьвестак, Расея перамясьціла на тэрыторыю Беларусі каля 30 тысяч сваіх вайскоўцаў.

Надзвычайная закрытасьць, штучнае стварэньне таямніцы падаграваюць падазрэньні адносна сапраўдных намераў арганізатараў вучэньняў. Бо невядомае пужае. У гэтым і ёсьць галоўная задума кіраўніцтва Расеі. Яно хоча такім чынам напалохаць Захад і прымусіць яго да саступак.

Яшчэ адно важнае адрозьненьне гэтых вучэньняў ад папярэдніх — канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. Вучэньні пройдуць у Лельчыцкім, Ельскім, Нараўлянскім, верагодна, у Лоеўскім раёнах Гомельскай вобласьці. На тле таго, што расейцы падвялі вялікую колькасьць войскаў да мяжы з Украінай на сваёй тэрыторыі, гэта выглядае даволі злавесна.

Шмат хто назваў гэтыя дзеяньні Расеі акупацыяй Беларусі. Ідзе дыскусія, ці вернуцца расейскія войскі назад. Лукашэнка і Крэмль вуснамі прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова запэўніваюць, што пасьля вучэньняў вайсковыя падразьдзяленьні РФ будуць выведзены зь Беларусі. Думаю, што так і будзе.

Але вось міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу, які на мінулым тыдні наведаў Менск, адзначыў, што на сёлета заплянавана больш за 20 сумесных мерапрыемстваў. Значыць, гэта не апошнія вучэньні, будуць яшчэ, мо толькі меншых маштабаў. Гэта значыць, расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі ўзмацняецца, становіцца пастаяннай. Адныя войскі выводзяцца, прыбываюць новыя, і так бесьперапынна.

Самае галоўнае палягае ў тым, што Беларусь намаганьнямі свайго кіраўніцтва ўцягваецца ў чужую мілітарысцкую гульню, якая відавочна супярэчыць міралюбівым настроям большасьці беларусаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG