Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замест вайны з Украінай Расея паглыне Беларусь». Меркаваньне расейскага палітоляга


Ці стануць беларуска-расейскія вучэньні пралёгам да разьмяшчэньня ў Беларусі расейскіх войскаў на сталай аснове? Чым такі варыянт для Крамля больш прывабны за ўварваньне ва Ўкраіну? Чаму расейская вайсковая база не зьявілася ў Беларусі раней? Наколькі ўсталяваньне вайсковага кантролю над Беларусьсю стане аргумэнтам для Масквы ў дужаньні з Захадам наконт новай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе і сьвеце?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, экспэрт у зьнешняй і абароннай палітыцы Павал Лузін.

Лузін

Павал Лузін
Павал Лузін
  • Для расейскай улады сталая вайсковая прысутнасьць у Беларусі пажаданая, і такія вучэньні адпрацоўваюць разгортваньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі на выпадак або вострага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, або транзыту ўлады, каб Лукашэнка ўжо больш ніколі ня мог вярнуцца да шматвэктарнай палітыкі.
  • Акрамя таго, з тэрыторыі Беларусі зручна ціснуць і на краіны Балтыі, і на Польшчу, і на Ўкраіну. І на выпадак прамой канфрантацыі РФ з NATO расейскія войскі ў Беларусі павінны прыкрываць Калінінградзкую вобласьць.
  • Гэта можа і не ўвасобіцца ў сталую вайсковую базу, але Расея вядзе пра гэта размовы фактычна зь сярэдзіны 2010-х гадоў. Пасьля кожнай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка кажа, што пытаньне пра базу не абмяркоўвалася. Гэта сьведчыць пра тое, што якраз абмяркоўвалася.
  • Звычайна на вучэньні перакідаюць войскі з акругаў, суседніх зь месцам правядзеньня вучэньняў. Цяпер у Беларусь перакідаюцца войскі з Усходняй акругі.
  • Міністэрствы абароны Беларусі і РФ заявілі, што паведамленьня пра гэтыя вучэньні не патрабуюць правілы АБСЭ, гэта значыць, што агульная колькасьць удзельнікаў невялікая. Я лічу, што размова ідзе пра некалькі тысячаў — да 10 тысячаў — расейскіх вайскоўцаў на манэўрах у Беларусі.
  • Калі перасоўваюцца войскі з Усходняй акругі, вам прапускныя магчымасьці чыгункі не дадуць правезьці вельмі шмат салдатаў.
  • Калі нехта кажа, што Лукашэнка — марыянэтка Пуціна і Пуціну дастаткова бразнуць кулаком па стале, каб дамагчыся свайго, то такі чалавек вельмі перабольшвае пэрсаніфікацыю расейскай улады. Гэта вельмі зручна — казаць, што ў нас пэрсаналісцкая дыктатура.
  • Расейская сыстэма значна менш пэрсаніфікаваная, чым казахстанская ці беларуская. У Расеі частка палітычных функцыяў ляжыць на дзяржаўных карпарацыях, такіх як Газпром і Сбербанк. Ня трэба лічыць, што ўсё ў Расеі залежыць ад Пуціна.
  • Гэтак жа недарэчна лічыць Лукашэнку марыянэткай. Ён вопытны, спрактыкаваны палітык, які ўмее скарыстоўваць тыя магчымасьці, якія ў яго ёсьць. І ён жа не адзін, у яго ёсьць згуртаваная, кансалідаваная кіроўная эліта. І ён выразьнік інтарэсаў гэтай эліты. Яна ня хоча губляць незалежнасьць.
  • Другі яго рэсурс — гэта сыстэма міжнародных адносінаў. Якая прадугледжвае, што Беларусь — незалежная дзяржава. І гэта догма, якая не аспрэчваецца.
  • А чаму Расея ня бразнула кулаком і не ўвяла войскі? А што потым зь Беларусьсю рабіць? А ці будзе на гэта згода міжнароднай супольнасьці? Трэба міжнародная згода, хай і маўклівая, на тое, што Беларусь — гэта ўнутраная справа Расеі.
  • Зараз мэта Расеі — пераканаць Захад, каб ён даў згоду на любое разьвіцьцё падзеяў у Беларусі, якое палічыць патрэбным Расея.
  • Для рэалізацыі армянскага варыянту трэба ня толькі вайсковая база, трэба кантроль над ключавымі актывамі. Там усё гэта ёсьць: ня толькі база, але і расейскія кампаніі.
  • Для Расеі пытаньне паставак харчаваньня зь Беларусі — гэта пытаньне харчовай бясьпекі Расеі.
  • Раней заходнія палітыкі не казалі, што Захад будзе сілай абараняць Беларусь. Але яны і не казалі, што гатовыя прымірыцца з тым, што яна перастане быць незалежнай. Расея здолела дамагчыся, каб на Захадзе многія прыйшлі да высновы, што Лукашэнка — гэта марыянэтка Пуціна, а Беларусь — зона выключных інтарэсаў Расеі. Хоць я не лічу, што ён марыянэтка.
  • Я ня думаю, што акупацыя рэальная. Але больш глыбокая інтэграцыя, у тым ліку і ў вайсковай сфэры, зьменіць сытуацыю. Сталая расейская вайсковая прысутнасьць дазволіць ціснуць на краіны Балтыі, на Польшчу, на Ўкраіну.
  • Многіх у NATO хвалюе небясьпека так званага сувальскага калідора — вузкай паласы на мяжы Польшчы і Літвы, якая месьціцца паміж Беларусьсю і Калінінградзкай вобласьцю РФ. Цяпер расейскія войскі толькі на адным баку гэтага калідора — у Калінінградзкай вобласьці. А на другім — беларускія. А Беларусь — гэта ўсё ж не Расея. А вось калі расейскае войска зьявіцца на абодвух баках, гэта памяняе сытуацыю.
  • З Крыму ці Данецку да цэнтру Ўкраіны даволі далёка. А з поўначы, зь Беларусі — даволі блізка. Я тут не кажу пра ўварваньне, я кажу пра магчымасьці ціску.
  • Тут няма перадвызначанасьці, але ёсьць набор магчымасьцяў для Расеі.
  • Можа атрымацца так, што Расея адвядзе войскі ад Варонежа, паказаўшы, што не зьбіраецца наступаць на Ўкраіну. Дээскаляцыя. Але паралельна забірае Беларусь. «Паглыбляем інтэграцыю». І на Захадзе ўздыхнуць з палёгкай. Ну і ладна, на Ўкраіну ж не напалі, а Лукашэнка ж і раней быў расейскай марыянэткай.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG