Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засталося ад сувэрэнітэту Беларусі? Дыскусія аналітыкаў


Расейская вайсковая тэхніка перад вучэньнямі «Саюзная рашучасьць — 2022» у Беларусі
Расейская вайсковая тэхніка перад вучэньнямі «Саюзная рашучасьць — 2022» у Беларусі

Якія сапраўдныя маштабы цяперашніх беларуска-расейскіх вучэньняў? Ці ёсьць яшчэ выбар у Аляксандра Лукашэнкі? Якія меры прыме Захад адносна Беларусі пры розных ступенях яе ангажаванасьці ў вайскова-палітычны крызіс? Ці слушнае ўяўленьне, што ад вайскова-палітычнага сувэрэнітэту Беларусі ўжо нічога не засталося?

Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium дыскутуюць дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.

Сьлюнькін

  • Выбар у Лукашэнкі па-ранейшаму застаецца. Я нязгодны з думкай, што ён стаў цалкам несамастойны. Цэнтар прыняцьця рашэньняў пакуль ня быў цалкам перанесены ў Маскву. Гэта было бачна і па зьмесьце інтэграцыйных дакумэнтаў, падпісаных летась.
  • У вайсковай сфэры паглыбленьне залежнасьці найбольшае. Лукашэнка спрабуе прадаваць сваю антызаходнюю палітыку і рыторыку. Але я ня думаю, што ён гатовы ваяваць за інтарэсы Расеі з Украінай. Я нават ня ўпэўнены, што ён гатовы даць для гэтага тэрыторыю Беларусі.
  • Магчыма, мэта беларуска-расейскіх вучэньняў — адцягнуць украінскія сілы з галоўнага кірунку магчымага ўдару.
Павал Сьлюнькін
Павал Сьлюнькін
  • Ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі мае двух адрасатаў — унутраную публіку, якой трэба тлумачыць, чаму працягваюцца рэпрэсіі і чаму з Захадам такія кепскія адносіны, і Маскву, якой ён прадае сваю геапалітычную ляяльнасьць.
  • Наколькі далёка гатовы пайсьці Лукашэнка — невядома. Да таго ж, хутчэй за ўсё, Уладзімір Пуцін ня дзеліцца зь ім усімі сваімі плянамі стварэньня напружанасьці. У гэтым максымальная небясьпека і для Лукашэнкі асабіста, і для беларускай дзяржавы ў цэлым.

Сівіцкі

  • Пасьля 2017 году на фоне дыскусіяў пра колькасьць вагонаў, якія перавозілі расейскія войскі на вучэньні ў Беларусь, Міністэрства абароны РФ засакрэціла інфармацыю пра тэндэры на замову вагонаў для транспартаваньня войскаў і вайсковых грузаў. Таму мы ня маем прамых зьвестак, колькі вайсковае ведамства Расеі зафрахтавала вагонаў на беларускі кірунак на 2022 год.
  • Калі глядзець зьвесткі па тэндэрах на 2021 год (тады праводзіліся вучэньні «Захад-2021»), тады на ўсе кірункі Расея патраціла 910 мільёнаў расейскіх рублёў (прыкладна 11 мільёнаў даляраў).
Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі
  • Ёсьць зьвесткі на гэты год на ўсе кірункі — гэта 860 мільёнаў расейскіх рублёў. Гэта менш, чым летась. Расея не плянуе ніякіх вучэньняў за мяжой, акрамя вучэньняў у Беларусі. З гэтага я раблю выснову, што колькасьць расейскіх войскаў, якія будуць браць у іх удзел у лютым, будзе прыкладна такая ж, як і на леташніх вучэньнях «Захад-2021».
  • Міністэрства абароны Беларусі зрабіла тлумачэньне, што парамэтры вучэньняў не патрабуюць інфармаваньня АБСЭ. Гэта значыць, што ў вучэньнях будуць браць удзел ня больш за 12,5 тысячы вайскоўцаў, зь іх расейскіх — каля 3 тысячаў.
  • Я лічу, што дадзеныя, зьлітыя праз ТГ-канал «Супольнасьць беларускіх чыгуначнікаў», не зусім адпавядаюць рэчаіснасьці.
  • Расеі зараз і ня трэба шмат войскаў уласна ў Беларусі. Яна канцэнтруе значныя сілы ня толькі на заходняй мяжы з Украінай, але на паўночна-заходняй, у Смаленскай вобласьці, на сутыку межаў Беларусі, Украіны і Расеі.
  • Туды зараз перакінутыя сілы дзьвюх арміяў. Расея зможа іх вельмі хутка перакінуць на тэрыторыю Беларусі нават не па чыгунцы.
  • Украінцы цяпер зыходзяць з думкі, што ў выпадку, калі пачнецца вайна, беларускае войска выступіць на баку Расеі. Таму ў апошнія тыдні Ўкраіна ўзмацняе паўночную мяжу. У выпадку вайны Расея наўрад ці будзе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для ўдару сухапутнымі сіламі, а вось для авіяўдараў, ракетна-бомбавых удараў — будзе. Празь Беларусь Украіну бамбаваць зручна, бо ва Ўкраіны на поўначы мала сілаў СПА.
  • Расейскія войскі ў Беларусі — гэта пагроза ня толькі Ўкраіне, але і Польшчы і краінам Балтыі. І цяперашняя палітыка Лукашэнкі — гэта, апроч іншага, запрашэньне Злучаным Штатам да дыялёгу праз эскаляцыю напружанасьці.

Сьлюнькін

  • У дыпляматычных дыскусіях не разглядаюцца надта канкрэтныя сытуацыі разьвіцьця падзеяў, яны ідуць у больш шырокім кантэксьце. Ня думаю, што амэрыканскія дыпляматы агучвалі беларускім калегам, што канкрэтна будзе Беларусі за той ці іншы сцэнар удзелу ў расейскім уварваньні.
  • Мяркую, што ў агульных рысах было сказана, што будзе Беларусі за прамы ўдзел у расейскай агрэсіі. Лукашэнку, нягледзячы на саюзьніцкія адносіны з Расеяй, складана супрацьстаяць такой дзяржаве, як ЗША. У яго няма ніякіх гарантыяў, што Масква кампэнсуе яму ўсе магчымыя страты ад амэрыканскай рэакцыі.
  • Лукашэнка і МЗС Беларусі і самі разумеюць, чаго Беларусі будзе каштаваць удзел у агрэсіі. Ён ня ведае, што будзе рабіць Пуцін. Магчыма, і сам Пуцін гэтага ня ведае, наколькі далёка ён пойдзе. Ён гэтым і гуляе. Але гэта і пастка. Ён падымае стаўкі, але і Захад іх падымае ў адказ.
  • Павялічыліся вайсковыя пастаўкі Ўкраіне, Джо Байдэн разважае над магчымасьцю паслаць дадатковыя войскі ва Ўсходнюю Эўропу.
  • Байдэн ужо трапіў у скандал, калі сказаў, што адказ ня будзе вельмі жорсткі на «невялікае ўварваньне». Яго скрытыкавалі, і ён узяў свае словы назад, сказаўшы, што жорсткія меры будуць у адказ на любое ўварваньне.
  • Калі Пуцін цьвёрда ўпэўнены, што пры сучасным сьветапарадку Расея не захаваецца як вялікая дзяржава і што гэты сьветапарадак трэба памяняць, баюся, што яго не стрымаюць ніякія санкцыі.
  • Нікому ня выгаднае ўяўленьне пра тое, што Беларусь ні на што не ўплывае. Гэта пазбаўляе яе суб’ектнасьці — і народ, і Лукашэнку, і яго чынавенства. Гэтае ўяўленьне — вельмі кепскі вынік, да якога Лукашэнка прывёў краіну за 27 гадоў свайго кіраваньня.

Сівіцкі

  • Успрыняцьцё Беларусі на Захадзе заўсёды было вынікам каньюнктуры двухбаковых адносінаў. У 2014–2019 гадах Беларусь успрымалася як краіна, якая робіць унёсак у падтрыманьне рэгіянальнай бясьпекі.
  • Цяпер Беларусь у вачах Захаду страчвае субʼектнасьць, і гэта вынік рыторыкі, якою сёньня карыстаецца афіцыйны Менск. Але фактычна нічога ж не зьмянілася. Менск захоўвае стратэгічную аўтаномію. Расейскія войскі, якія прыбываюць у Беларусь, будуць падпарадкоўвацца кіраўніку Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі.
  • Калі Беларусь стане пляцоўкай ціску на Ўкраіну, тым больш калі зь яе тэрыторыі будуць нанесеныя ўдары па Ўкраіне, а тым больш калі беларускае войска будзе ўдзельнічаць у гэтым нападзе, — ЗША будуць трактаваць Беларусь як краіну-агрэсара.
  • Я ня ведаю, ці будуць уведзеныя «пякельныя» санкцыі адносна Расеі, а вось адносна Беларусі яны могуць быць уведзеныя без істотных наступстваў для ЗША.
  • Расея можа пайсьці на прызнаньне незалежнасьці ДНР і ЛНР і ўвесьці на іх тэрыторыю свой вайсковы кантынгент. Калі гэта адбудзецца падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць» у Беларусі, у Беларусі могуць узьнікнуць вялікія праблемы.
  • Расея і ЗША працуюць над тым, каб прымусіць Уладзіміра Зяленскага выконваць Менскія пагадненьні. Гэта вынікае з заяваў дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
  • Гэта можа быць падобна да расейска-грузінскага канфлікту 2008 году, які ня меў колькі-небудзь істотных наступстваў для Расеі. Тады ў Менск прыяжджалі прадстаўнікі Захаду і казалі, што калі Беларусь прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, яна будзе адключаная ад банкаўскай сыстэмы SWIFT.

Сьлюнькін

  • Магчымыя дыпляматычныя наступствы былі сфармуляваныя ва ўказе Байдэна. Лёгіка будзе падштурхоўваць да яшчэ больш жорсткіх санкцыяў адносна найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў і дзяржаўных ведамстваў.
  • Але ў выпадку ваеннага канфлікту наўрад ці найбольш за яго пакараюць Лукашэнку. Беларусь там зараз не ўспрымаюць як самастойны субʼект палітыкі. Які сэнс караць такі несамастойны абʼект?
  • Ад Байдэна будуць патрабаваць пакараньня Расеі і Пуціна.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG