Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Незалежнасьць губляе Лукашэнка, а не Беларусь». Ціханоўская выступіла з заявай з нагоды пачатку вайсковых вучэньняў


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

10 лютага на тэрыторыі Беларусі пачаліся сумесныя расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022». З гэтай нагоды Сьвятлана Ціханоўская выступіла з заявай.

«Відэа і фота вайсковай тэхнікі, якая зьяўляецца па ўсёй краіне, выклікаюць у мяне абурэньне. Рэжым намагаецца зрабіць гэтую карціну нормай, а танкі і гаўбіцы ў навінах штодзённай рутынай — каб прывучыць беларусаў да думкі пра вайну, адцягнуць увагу ад крызісу, беззаконьня, звальненьняў, ад тысяч людзей у турмах па палітычных матывах. Вайну, якую рэжым вядзе з выдуманымі ворагамі, ён пачаў навязваць усёй краіне.

Я ня бачу падставаў для ўдзелу Беларусі ў такіх вучэньнях. Цяпер у рэгіёне вельмі напружаная сытуацыя, і вучэньні гэтае напружаньне толькі ўзмацняюць. Але жыхары нашай краіны цэняць мір, нэўтралітэт і ня хочуць быць крыніцай небясьпекі для суседзяў», — заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што Лукашэнка прайграў выбары і з 2020 году ня мае права займаць пасаду прэзыдэнта і прадстаўляць інтарэсы. Паводле Ціханоўскай, Лукашэнка цяпер спрабуе ўцягнуць Беларусь у новы крызіс і міжнародны канфлікт, «а расплачвацца за гэта будуць простыя беларусы».

Ціханоўская заявіла, што беларускія войскі і беларуская зямля не павінны выкарыстоўвацца супраць Украіны: вучэньні трэба як мага хутчэй скончыць і вывесьці расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі.

«Я чую засьцярогі пра тое, што Беларусь губляе сваю незалежнасьць. І я хачу падкрэсьліць: незалежнасьць імкліва губляе Лукашэнка. А Беларусь будзе адстойваць свой сувэрэнітэт — і цяпер, і заўсёды», — сказала Ціханоўская.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG