Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы ў сьмяротнай небясьпецы». Як беларускія «раёнкі» выдаюць месцы вучэньняў на ўкраінскай мяжы

Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022»
Расейскія вайскоўцы на вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022»

Афіцыйна вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» пройдуць на пяці палігонах і чатырох вайсковых аэрадромах. Дзяржаўныя выданьні памежных з Украінай раёнаў Беларусі публікуюць інфармацыю пра тое, што ў гэты пэрыяд на розных палігонах будуць адбывацца і іншыя вучэньні.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Акрамя іх, для правядзеньня вучэньняў плянуюць выкарыстаць чатыры вайсковыя аэрадромы — у Мачулішчах, Лідзе, Баранавічах і Лунінцы. Гэтак вынікае з паведамленьняў Міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

У той жа час відавочцы паведамляюць, што зборы расейскай вайсковай тэхнікі і салдатаў заўважалі і ў іншых месцах Беларусі. Нават там, дзе вайсковых палігонаў няма і ніколі не было. Найбольш такіх паведамленьняў з Рэчыцы, разьмешчанай за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Паводле сьведчаньняў жыхароў гораду, расейцы ў Рэчыцы ня толькі разгружаюць зброю з чыгуначных плятформаў, але і занялі як мінімум два закінутыя заводы.

Зьяўленьне расейскіх вайскоўцаў на чыгуначных вузлах і аўтамабільных дарогах Беларусі актыўна абмяркоўваюць у тэлеграм-чатах. У рэдакцыі недзяржаўных СМІ, у тым ліку Свабоды, рэгулярна дасылаюць фота і відэа зь перамяшчэньнямі расейскіх войскаў. Раніцай 9 лютага, напрыклад, непадалёк ад Берасьця заўважылі групу расейскіх баявых верталётаў. Паведамленьні пра расейскія войскі таксама зьяўляюцца і ў афіцыйных СМІ. Прычым ня толькі на дзяржаўнай тэлевізіі і ў цэнтральных газэтах.

Свабода заўважыла, што мясцовыя газэты памежных з Украінай раёнаў Беларусі амаль адначасова апублікавалі шэраг паведамленьняў пра вучэньні з баявой стральбой у пэрыяд афіцыйнага правядзеньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022».

Паводле абвестак, гэтыя вучэньні будуць адбывацца ня ў тых месцах, якія Міністэрства абароны Беларусі вызначыла як афіцыйныя для вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022».

«Сьмяротная небясьпека»

Паведамленьне нараўлянскай газэты «Прыпяцкая праўда» было апублікаванае 7 лютага. Яно кароткае, але зьмяшчае пацьверджаньне таго, што манэўры зьяўляюцца часткай анансаванай «Саюзнай рашучасьці — 2022».

«У пэрыяд з 10 па 20 лютага на асобных участках Нараўлянскага раёну будуць праходзіць сумесныя мерапрыемствы Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі ў рамках вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022», — гаворыцца там.

8 лютага лельчыцкае выданьне «Светлае жыццё» паведаміла, што ў пэрыяд з 14 па 16 лютага 2022 году на тэрыторыі былога палігону, які мяжуе з населенымі пунктамі Нова-Палесьсе, Ударнае, Замошша, Убарцкая Рудня, Ветвіца, Сярэднія Печы, Сіманічы, Сіманіцкая Рудня, Слабада, Іванава Слабада, Тонеж, Тонеская Рудня, Карма, Дзяржынск, будуць праводзіцца вучэньні з баявой стральбой.

«Небясьпечна для жыцьця»

«У пэрыяд з 14 па 16 лютага 2022 году на тэрыторыі былога палігону, якая мяжуе з населенымі пунктамі Луткі, Талмачова, Кароцічы, Аздамічы, Цярэблічы, Мачуль, Велямічы, Альпень, Рубель, Хатамель, Старына, Адвяржычы, Манькавічы, Малыя Вікоры, Струга, Ямнае, Вузьляжжа, Усьцімле, Альманская Кашара, Альманы, будуць праводзіцца вучэньні з баявой стральбой», — паведаміла 8 лютага выданьне «Навіны Століна».

Акрамя згаданых у цытаце населеных пунктаў, у невялікім паведамленьні таксама пералічваецца яшчэ больш за 20 вёсак, тэрыторыя побач зь якімі абвешчаная «забароненай зонай».

«Зьяўленьне на ўказанай тэрыторыі небясьпечнае для жыцьця!.. Вы падвяргаецеся сьмяротнай небясьпецы! — папярэджвае раёнка. — Каб пазьбегнуць няшчасных выпадкаў і ахвяр пры правядзеньні баявой стральбы, катэгарычна забараняецца збор мэталічнага лому і асабліва неразарваных снарадаў, бо пры мінімальным перамяшчэньні такога снарада ён можа падарвацца».

Акрамя гэтага, на абазначанай тэрыторыі, паводле раённай газэты, будзе забаронены «праезд і праход усіх грамадзян». А таксама нарыхтоўка дроў і збор ламачча, паляваньне, рыбалка і «знаходжаньне зь іншых прычынаў».

Вучэньні могуць закрануць тэрыторыі заказьнікаў і нацпарку

З Украінай мяжуе 15 раёнаў Беларусі — 7 у Берасьцейскай вобласьці і 8 у Гомельскай. Як мінімум у 4 зь іх заплянавалі вайсковыя вучэньні з баявой стральбой. Да згаданых у публікацыях раёнак Нараўлянскага, Лельчыцкага і Столінскага яшчэ можа дадаць Берасьцейскі, дзе разьмешчаны аднайменны дзейны палігон. Правядзеньне вучэньняў там анансавалася ад самага пачатку. Іншыя раённыя выданьні памежных рэгіёнаў інфармацыі аб расейска-беларускіх вучэньнях на сваёй тэрыторыі пакуль не публікавалі.

Анансаваная лельчыцкай і столінскай раённымі газэтамі баявая стральба будзе праходзіць на тэрыторыі былых вайсковых палігонаў, якія былі створаныя на тэрыторыі Беларусі ў савецкія часы, а ў сярэдзіне 90-х паступова выйшлі з ужытку. Пры гэтым частка такіх палігонаў была пераўтвораная ў прыродныя заказьнікі.

Некаторыя населеныя пункты, вакол якіх, паводле лельчыцкай газэты, будзе праводзіцца баявая стральба, разьмешчаныя побач з Нацыянальным паркам «Прыпяцкі». Паводле столінскай раёнкі, вайсковыя вучэньні на тэрыторыі раёну часткова закрануць ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты». Названыя ў публікацыі газэты населеныя пункты знаходзяцца ў ягоных ваколіцах.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG