Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Берасьця папярэдзіла праваабаронца Рамана Кісьляка за інтэрвію Deutsche Welle


Раман Кісьляк каля акумулятарнага заводу пад Берасьцем

Пракуратура Берасьця 22 красавіка вынесла афіцыйнае папярэджаньне мясцоваму праваабаронцу Раману Кісьляку.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, напярэдадні яму патэлефанаваў участковы інспэктар міліцыі і запатрабаваў зьявіцца ў пракуратуру.

«Сёньня ў пракуратуры гораду гаворка ішла пра маё інтэрвію Deutsche Welle, якое выйшла 19 красавіка з нагоды сытуацыі з акумулятарным заводам пад Берасьцем. У сакавіку яго ўвялі ў эксплюатацыю, хоць улады абяцалі, што гэтага ня будзе да правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму пра лёс заводу», — сказаў Кісьляк.

«Як я зразумеў, у пракуратуры палічылі, што гэтае маё інтэрвію можа справакаваць несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы праціўнікаў акумулятарнага заводу, і таму мне вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне», — заявіў праваабаронца.

Кісьляк мае намер абскардзіць папярэджаньне як незаконнае, якое парушае яго права на свабоднае выказваньне думкі.

«Мабыць, улады лічаць, што ў канфлікце з акумулятарным заводам пастаўленая кропка. Але праблема нікуды ня зьнікла. Людзі абураныя, што іх меркаваньне праігнараванае, і будуць усімі законнымі спосабамі дамагацца закрыцьця гэтага небясьпечнага для жыцьця заводу», — сказаў Кісьляк.

Раман Кісьляк каля акумулятарнага заводу, верасень 2019-га
Раман Кісьляк каля акумулятарнага заводу, верасень 2019-га

Праціўнікі акумулятарнага заводу, які збудавалі пад Берасьцем, лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекту.

Уладальнік заводу — ТАА «Акумулятарны альянс». 85% долі кампаніі належаць Сяргею Кагановічу (намесьнік дырэктара кампаніі «Сем узгоркаў бел», удзельнічаў у спаборніцтвах у хакеі з удзелам каманды Аляксандра Лукашэнкі), 15% — Дзьмітрыю Баскаву (трэнэр хакейнай каманды Лукашэнкі, старшыня Фэдэрацыі хакею).

22 чэрвеня 2020 года Лукашэнка на сустрэчы з грамадзкасьцю Брэста, на якой прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства, паабяцаў правесьці рэфэрэндум аб лёсе завода. Яго плянавалася арганізаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Сёлета 15 сакавіка прэс-служба ТАА «Акумулятарны альянс» паведаміла, што на заводзе завяршыла працу прыёмачная камісія, атрыманы поўны пакет дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адпаведнасьць прадпрыемства патрабаваньням экалягічнай бясьпекі і эксплуатацыйнай надзейнасьці. Пасьля гэтага завод увялі ў эксплуатацыю.

У сакавіку Тэльмінскі сельвыканкам Берасьцейскага раёну адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму пра лёс заводу. Рэфэрэндум плянаваўся на тэрыторыі Тэльмінскага сельсавету, дзе месьціцца прадпрыемства. Адмову ўлады патлумачылі тым, што ў кампэтэнцыю сельскага выканкаму не ўваходзіць пытаньне разьмяшчэньня і эксплуатацыі заводу.

Грамадзкая кампанія супраць акумулятарнага заводу пачалася ў студзені 2018 году. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзеньне ў 336 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю — 29 красавіка 2018 году, на якую прыйшло каля дзьвюх тысяч чалавек.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG