Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара баранавіцкай газэты 4 гадзіны апытвалі ў пастарунку за інтэрвію зь Ціханоўскай. Яму пагражае крымінальная справа


Уладзімер Янукевіч, архіўнае фота

Чатыры з паловай гадзіны доўжылася апытаньне галоўнага рэдактара баранавіцкай незалежнай газэты Intex-press Уладзімера Янукевіча ў Баранавіцкім гарадзкім аддзеле ўнутраных спраў, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы і пачалі праверку для завядзеньня крымінальнай справы. Прычына — інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае 14 красавіка.

Адміністрацыйныя пратаколы склалі за парушэньне заканадаўства аб СМІ — адзін на выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», другі — на Янукевіча як індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць сайт intex-press.by.

Міліцыянты вырашаюць, ці не завесьці яшчэ крымінальную справу паводле артыкулу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Людмілу Сьцяцко, якая зрабіла інтэрвію зь Ціханоўскай, выклікалі ў міліцыю на 23 красавіка ў якасьці сьведкі.

15 красавіка баранавіцкая пракуратура за гэтае інтэрвію вынесла Ўладзімеру Янукевічу папярэджаньне.

«Мы заўсёды кіруемся інтарэсамі нашых чытачоў і іхным правам на атрыманьне інфармацыі. Гэтае інтэрвію ня стала выключэньнем. Мы не разумеем, якія менавіта словы ў інтэрвію парушылі дзейнае заканадаўства. У міліцыі мне таксама не змаглі гэтага патлумачыць. Такое адчуваньне, што ня зьмест, а сам факт гэтага інтэрвію выклікаў прэтэнзіі да нас. Мы расцэньваем гэта як ціск на свабоду слова», — сказаў Уладзімер Янукевіч службе маніторынгу БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG