Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Расея можа напасьці на Ўкраіну. Некалькі магчымых сцэнароў


Камандуючы ўзброенымі сіламі Заходняй вайсковай акругі РФ Аляксандар Жураўлёў, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін і расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу
Камандуючы ўзброенымі сіламі Заходняй вайсковай акругі РФ Аляксандар Жураўлёў, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін і расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу

Украінскія ўлады разглядаюць некалькі сцэнароў разьвіцьця вайсковых падзеяў і лічаць, што імавернасьць нападу Расеі на Ўкраіну вельмі высокая. Наколькі магчымы прамы напад з боку Расеі і адкуль?

Думкі экспэртаў вывучаў тэлеканал «Настоящее время».

Крым

Ва ўкраінскім Міністэрстве абароны заявілі, што Расея можа напасьці на Ўкраіну з боку анэксаванага Крыму. Па дадзеных выведкі, там ужо сканцэнтравана каля 40 тысяч расейских вайскоўцаў. Іх мэтай можа быць напад на паўднёвыя рэгіёны Ўкраіны, каб аднавіць падачу вады на паўвостраў.

Дырэктар вайсковых праграмаў Цэнтру Разумкова Мікалай Сунгуроўскі сьцьвярджае, што ў акваторыю Чорнага мора і ў Крым Расея сапраўды сьцягвае дастаткова вялікія сілы: каля 50 вайсковых караблёў, 230 танкаў, дэсантна-штурмавыя брыгады. Расея ўскосна пацьвердзіла перакідваньне войскаў у Крым, параіўшы ЗША «трымацца далей» ад анэксаванага паўвострава.

Аднак вяртаньне вады ў Крым — гэта не самамэта для Расеі, лічыць экспэрт. На яго думку, паказальнае нарошчваньне арміі каля межаў Украіны — гэта палітычны ціск з мэтай прымусіць Кіеў адмовіцца ад сяброўства ў ЭЗ і NATO.

На яго думку, калі ў Крамля не атрымаецца спалохаць вайсковай сілай Украіну, правакацый варта чакаць адразу ў некалькіх украінскіх рэгіёнах:

«Паказаць сваю слабасьць, асабліва напярэдадні выбараў, ён ня можа. Яму патрэбна хуткая і пераможная вайна, — разважае Сунгуровскі пра магчымую лёгіку прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна. — Удар будзе зь некалькіх кірункаў. Яны пастараюцца расьцягнуць нашую абарону на поўдзень, на поўнач, на ўсход, на захад — у Прыднястроўе ў тым ліку».

Прыднястроўе

У Прыднястроўі расейскія вайскоўцы базуюцца на сталай аснове як міратворцы, афіцыйна іх там каля 2 тысяч, але дакладная колькасьць невядомая, расказвае былы міністар абароны Малдовы Анатоль Шалару.

«Ёсьць сучасная зброя і сучасная амуніцыя ў прыднястроўцаў. Там ня толькі кантынгент расейскі знаходзіцца: яны могуць сабраць, мабілізаваць каля 25-30 тысяч чалавек, што істотна для таго становішча, якое складваецца вакол Украіны, — расказвае Шалару, міністар абароны Малдовы ў 2015–2016 гадах. — Расейскія войскі выконваюць функцыю камандаваньня, штабу. У прыднястроўцаў нават допуску няма да складоў зброі, яны ім проста падпарадкоўваюцца».

Малдаўскі палітык кажа, што яшчэ 10 гадоў таму ў Беларусь з Расеі даставілі эшалёны з вайсковай тэхнікай.

«Расея заклала ў Прыднястроўе міну запаволенага дзеяньня, і гэта было зроблена з дапамогай Украіны, — падкрэсьлівае Шалару. — Пачынаючы з 2011 году, праз Украіну праехала дзесьці пяць эшалёнаў вайсковай тэхнікі са зброяй. У прынцыпе, мы ня ведаем, што там было, мы ведаем толькі, што гэта была вайсковая дапамога. Таксама зброя ішла праз адэскі порт. І, быўшы міністрам абароны, я бываў неаднаразова ў Кіеве, пытаўся, што там было ў гэтых эшалёнах. І ніхто нічога ня мог мне сказаць».

Данбас

Яшчэ адзін флянг, адкуль, па зьвестках украінскай выведкі, магчыма чакаць расейскіх правакацыяў, — Усход Украіны, дзе знаходзяцца так званыя «ДНР» і «ЛНР». Туды і да паўночнай мяжы Ўкраіны Расея перакінула Першую танкавую армію і 150-ю мотастралковую дывізію, сукупна гэта каля 40 тысяч вайскоўцаў.

Беларусь

Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран заявіў, што варта перасьцерагацца таксама базаваньня расейскага войска ў Беларусі. Але беларускі вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін хоць і не адмаўляе, што сумесных з Расеяй вучэньняў у Беларусі стала больш, ён думае, што нападу з боку гэтай краіны Ўкраіне чакаць ня варта.

«Я б сказаў, што канцэнтрацыя войскаў у Беларусі — гэта дэманстрацыі ў адрас Польшчы, улічваючы, што ў Беларусі з Польшчай вельмі пагоршыліся адносіны і Лукашэнка паабяцаў кожны месяц праводзіць вайсковыя вучэньні, — разважае Алесін. — Расея вядзе цяпер інфармацыйна-псыхалягічную вайну».

На думку беларускага экспэрта, Расея можа пайсьці на адкрыты вайсковы канфлікт, калі з украінскай зброі будзе забіты грамадзянін з расейскім пашпартам, — такім чынам яна як бы выступіць у яго абарону. І хутчэй за ўсё, кажа Алесін, гэта можа адбыцца на Данбасе, улічваючы, што многія жыхары непадкантрольных тэрыторыяў і ўзброеныя сэпаратысты ўжо маюць пашпарты Расеі.

Але асноўны ўдар, на яго думку, калі будзе нанесены, то не адтуль:

«Можна нанесьці ўдары ракетамі: яны ж перакінулі ў Чорнае мора малыя ракетныя караблі, якія базаваліся ў Касьпійскім моры, — кажа Алесін. — У іх караблі, у якіх на борце ад 4 да 6 ракет з далёкасьцю палёту да 1600 км. Больш за тое: улічваючы, што ў іх такія ж караблі ёсьць і ў Балтыйскім моры, яны могуць стрэльнуць праз тэрыторыю недружалюбнай ім Польшчы».

Погляд з Расеі

У вайсковых экспэртаў з Расеі думкі наконт далейшых дзеяньняў арміі Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны падзяліліся. Адны лічаць, што Расея нападзе адразу ў некалькіх месцах і сьвет у гэтым выпадку будзе стаяць на парозе Трэцяй сусьветнай вайны. Іншыя лічаць, што Расея не гатовая да вайны фінансава, ды і рэйтынг Пуціна ад гэтага мала зьменіцца:

«Галоўнае пытаньне палягае ў тым, ці будзе наогул вайсковы канфлікт, зьяўляецца гэта піярам ці падрыхтоўкай да вайны? — кажа Андрэй Калесьнікаў, экспэрт Маскоўскага Цэнтру Карнэгі. — У маім уяўленьні цяперашняя канцэнтрацыя войскаў — гэта піяр. З пасланьнямі Захаду і ўнутранай аўдыторыі: мабілізуйцеся. А аўдыторыя пры гэтым ня хоча мабілізавацца. Але, тым ня менш, якая-небудзь адна вайскова-тэхнічная памылка можа ператварыцца ў гарачую фазу вайны, і тады гэта сапраўды страшна».

На красавік у Расеі было заплянавана больш за 4 тысячы вайсковых вучэньняў, па розных зьвестках, задзейнічаюць у іх да паўмільёна вайскоўцаў. Колькі зь іх яшчэ перакінуць да межаў Украіны, невядома. Па вэрсіі самой Украіны — каля 110 тысяч. Пры гэтым, дзе менавіта сканцэнтравалася ўкраінскае войска ў сувязі з нарастаньнем канфлікту, улады краіны не паведамляюць. Колькасьць украінскай арміі, па афіцыйных дадзеных, — 250 тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG