Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыяй «пераварот» Масква дэманструе, што кар’ера і жыцьцё Лукашэнкі залежаць ад волі Крамля, — палітоляг


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас таварыскага хакейнага матча ў Сочы, 7 лютага 2020

Кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі аналізуе, хто і для чаго прыдумаў апэрацыю «пераварот», выдзяляе тое адзінае, што можа прапанаваць Расея кіраўніку Беларусі, а таксама дае сваю, незвычайную, вэрсію, які ж дэкрэт рыхтуе Аляксандар Лукашэнка.

Сьцісла:

  • Лукашэнка спрабуе выкарыстаць «пераварот», каб прадэманстраваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Расеі
  • Калі Крэмль пажадае, то наступны раз такую апэратыўную камбінацыю давядзе да лягічнага канца і пераварот атрымаецца.
  • Аляксандар Лукашэнка сам загнаў сябе ў палітычную і геапалітычную пастку, і цяпер ён у вельмі ўразьлівым становішчы
  • Адзінае, што Расея можа прапанаваць — пэўныя фізычныя і фінансавыя гарантыі Лукашэнку і ягонай сям’і.
  • Імавернасьць таго, што Лукашэнка цалкам капітулюе перад расейскімі патрабаваньнямі, як заўсёды, вельмі малая.
  • Не выключаю, што сярод абвінавачаных зьявяцца і некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

— Хто, на вашую думку, быў сапраўдным аўтарам і ініцыятарам «змовы», за якую затрымалі Фядуту, Кастусёва і Зянковіча? Ці гэта праца беларускіх сілавікоў, ці ўсё закруцілі расейскія спэцслужбы, а беларускія былі проста пастаўленыя перад фактам?

— Мне падаецца, што аўтарства гэтай камбінацыі належыць расейскаму боку. Не сакрэт, што ад пачатку пратэстаў адзін з апазыцыйных беларускіх цэнтраў узьнік у Маскве. Валер Цапкала стварыў Камітэт народнага выратаваньня, які быў падтрыманы расейскім алігархам Дзьмітрыем Мазепіным. Гэты камітэт, сярод іншага, гуртаваў вакол сябе былых чыноўнікаў, бо Масква стала месцам працаўладкаваньня многіх былых прадстаўнікоў беларускай улады.

Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі

Расейскі бок мог выкарыстаць гэтыя працэсы, каб стварыць мітычную арганізацыю, якая нібыта рыхтавала вайсковы пераварот у Беларусі. Яны разыгралі апэратыўную камбінацыю, запрасіўшы ў якасьці паліткансультантаў Фядуту і Зянковіча. Але галоўная мэта гэтай камбінацыі заключалася ў тым, каб паўтарыць «выпадак Эрдагана». Я нагадаю, што ў 2016 годзе Расея папярэдзіла турэцкага прэзыдэнта аб нібыта падрыхтоўцы ваеннага перавароту з боку ЗША і прапаведніка Фэтхулаха Гюлена, які меў шмат пасьлядоўнікаў сярод вайскоўцаў і сілавікоў.

— Зразумела, мэта той апэрацыі была пасварыць Турэччыну з ЗША і адарваць яе ад празаходняй агульнай пазыцыі. Вы маеце на ўвазе, што па гэтай жа схеме Расея прыдумала гэты «пераварот», каб пасварыць Менск з Вашынгтонам?

— Так, тыя абвінавачаньні, якія прагучалі ў бок амэрыканскага кіраўніцтва з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, прывядуць да сур’ёзнага пагаршэньня адносінаў Беларусі з ЗША. З улікам таго, што і Польшча прагучала ў «сьпісе» краінаў-замоўцаў гэтага «перавароту» — то і пагаршэньне адносінаў з Эўразьвязам.

Не выпадкова, што «змова» была выкрыта за тыдзень да перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным у Маскве, дзе павінны былі абмяркоўвацца парамэтры новай стратэгічнай угоды паміж Менскам і Масквой.

— Але ж ніхто гвалтоўна не прымушаў Лукашэнку гаварыць, што менавіта кіраўніцтва ЗША дало дазвол на «змову». Ён гэта заявіў цалкам добраахвотна — дакладна ведаючы, што ягоную заяву адразу зьняпраўдзяць амэрыканцы. То бок, можа, гэта было ягонае сьвядомае жаданьне зараз сьцьвердзіць, што «я цалкам з табой, Уладзімір Пуцін», і гатовы пайсьці на любы канфлікт з амэрыканцамі?

— З аднаго боку, так, Лукашэнка спрабуе выкарыстаць гэты інцыдэнт, каб прадэманстраваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Расеі. Зь іншага боку, калі ў Масквы такое атрымалася з турэцкім прэзыдэнтам, чаму гэта ня можа атрымацца з Лукашэнкам — з улікам уплыву расейскіх спэцслужбаў на палітычныя працэсы ў Беларусі? Цалкам верагодна, што яны здолелі пераканаць яго, што спроба такога перавароту сапраўды рыхтавалася.

Але, як я ўжо казаў, гэта цалкам расейская апэратыўная камбінацыя. Відавочна, што Фядута і Зянковіч сустракаліся з прадстаўнікамі расейскіх сілавых колаў. Чаму ж расейцы вырашылі зьліць гэтую інфармацыю? Відавочна, што Масква такім чынам падкрэсьлівае, што палітычная кар’ера Лукашэнкі і ягонае жыцьцё цалкам залежаць ад волі Крамля. І калі Крэмль пажадае, то наступным разам такую апэратыўную камбінацыю давядзе да лягічнага канца і пераварот атрымаецца.

— Як вы адзначылі, на сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна 22 красавіка павінны абмяркоўвацца парамэтры новай стратэгічнай угоды паміж Менскам і Масквой. Што вы маеце на ўвазе, як можа выглядаць гэтая новая канфігурацыя адносінаў?

— Мне падаецца, сытуацыя цалкам нагадвае працэсы, якія мы назіралі ў 2010–11 годзе, калі Масква і Менск шукалі нейкія новыя парамэтры пэўнай стратэгічнай дамовы. Як і тады, прадмет гэтых перамоваў заключаецца ў тым, што Лукашэнка шукае фінансавую і палітычную падтрымку з боку Расеі, а Крэмль патрабуе ўзамен стратэгічныя саступкі, зьвязаныя з паглыбленьнем інтэграцыі. Калі ў 2011 годзе гэтая інтэграцыя адбывалася ў рамках Мытнага саюзу, потым ЭўрАзЭС, то цяпер гаворка ідзе пра паглыбленьне інтэграцыі ў двухбаковым фармаце ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы».

Мы ведаем, што на парадку дня будуць такія пытаньні, як стварэньне адзіных рынкаў нафты, газу, нафтапрадуктаў, адзіная сельскагаспадарчая і прамысловая палітыка. Гэта якраз тыя «дарожныя мапы», якія так і не былі ўзгодненыя. Таксама пытаньні гарманізацыі падатковых сыстэмаў. Расея патрабуе прывязаць вырашэньне гэтых пытаньняў (адзіныя рынкі нафтапрадуктаў) да гарманізацыі падатковага заканадаўства.

Але да гэтага дадаецца пытаньне трансфэру ўлады ў Беларусі, канстытуцыйнай рэформы, паглыбленьне вайскова-палітычнай інтэграцыі. Таму гэта будзе пакетная ўгода, і Расея прасоўвае менавіта такі фармат.

— Вы пералічылі, што хоча Масква атрымаць ад Лукашэнкі. Але што Крэмль можа прапанаваць яму (ня будзем у дадзеным выпадку казаць пра Беларусь)? Чаго Лукашэнка можа патрабаваць у адказ і што ён можа атрымаць?

— Аляксандар Лукашэнка сам загнаў сябе ў палітычную і геапалітычную пастку, і цяпер ён у вельмі ўразьлівым становішчы. Крэмль дэманструе, што можа вырашыць «пытаньне Лукашэнкі» проста з дапамогай сілы. Уся гісторыя пра нібыта пераварот — гэта перш за ўсё спосаб Крамля псыхалягічна ціснуць на Лукашэнку і дамагчыся ад яго тых стратэгічных саступак, пра якія я казаў. Таму адзінае, што Расея можа прапанаваць, — тое, што яны гатовыя даць пэўныя фізычныя і фінансавыя гарантыі Лукашэнку і ягонай сям’і.

Пра гэта і пойдзе размова ў Маскве. Але верагоднасьць таго, што Лукашэнка цалкам капітулюе перад расейскімі патрабаваньнямі, як заўсёды, вельмі малая.

— Аляксандар Лукашэнка днямі аб’явіў, што хутка абвесьціць нейкае важнае рашэньне. Ці рызыкняце спрагназаваць, што гэта можа быць?

— Наўрад ці гаворка ідзе пра паглыбленьне інтэграцыі. Хутчэй за ўсё, беларускае кіраўніцтва паспрабуе і далей раскруціць гэтую гісторыю зь «пераваротам», і я не выключаю, што сярод абвінавачаных зьявяцца і некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Гэта патрэбна будзе Лукашэнку, каб, з аднаго боку, абвінаваціць гэтых людзей, а зь іншага — правесьці пэўную амністыю. Адначасова абмежаваць многіх людзей у палітычных правах, забараніць ім прымаць удзел у выбарах на нейкі тэрмін — якраз на той пэрыяд, пакуль у краіне будзе ісьці працэс трансфэру ўлады.

Такім крокам Лукашэнка мог бы забіць двух зайцоў. Стварыць падставы для новай гульні з Захадам, бо гэта асноўнае патрабаваньне — вызваленьне палітзьняволеных. І, зь іншага боку, забясьпечыць сабе стабільныя пазыцыі ў перамовах з Масквой. Бо адно з патрабаваньняў Крамля — каб Бабарыка быў вызвалены і прымаў удзел у перамоўным працэсе. І таму тут узьнікне пытаньне, хто прыйдзе на іхныя месцы. Магчыма, гэта таксама будзе абмяркоўвацца ў Маскве. Не выключаю, што ў гэтым кантэксьце можа ўзьнікнуць фігура Сяргея Румаса, былога прэм’ера Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG