Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адказнасьць за эскаляцыю ляжыць на Расеі». У Кіеве прайшла тэрміновая сустрэча кіраўнікоў МЗС краін Балтыі і Ўкраіны


Украінскія вайскоўцы непадалёк ад Данецку

Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што міжнародная салідарнасьць і падтрымка Ўкраіны зьяўляюцца элемэнтам стрымліваньня Расеі ад магчымых вайсковых дзеяньняў.

«Мы асуджаем абвастрэньне Расеяй сытуацыі. Дзеяньні і заявы Масквы накіраваныя на эскаляцыю вайсковай напружанасьці і падрыў дыпляматычных намаганьняў ва ўрэгуляваньні расейска-ўкраінскага канфлікту», — заявіў Дзьмітро Кулеба па выніках сустрэчы са сваімі калегамі зь Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Міністры замежных справаў трох балтыйскіх краін прыбылі сёньня ў Кіеў з тэрміновым візытам, каб выказаць сваю падтрымку на тле актывізацыі Расеяй сваіх войскаў уздоўж межаў з Украінай.

«Балтыйскія краіны гэтаксама добра, як і Ўкраіна, ведаюць, што такое быць аб’ектам таксычнай расейскай прапаганды, але ўсе ўражаны тым узроўнем расейскай дэзынфармацыі, якая назіраецца апошнім часам ня толькі ў расейскіх тэлешоў, а і ў заявах расейскіх чыноўнікаў. Яны адкрыта пагражаюць Украіне вайной і палохаюць зьнішчэньнем украінскай дзяржаўнасьці. Я хачу сёньня адказаць на гэта вельмі проста. Двума сказамі: «Не дачакаецеся» і «Мы не баімся!» Украіна і сама дастаткова моцная, і мы маем надзейных сяброў для таго, каб абараніць сваю дзяржаўнасьць», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.

Міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевічс заявіў, што Эўрапейскі зьвяз мусіць быць гатовы ўвесьці новыя сэктаральныя санкцыі супраць Расеі ў выпадку агрэсіі супраць Украіны.

«Я хачу падкрэсьліць, што мы не заклікаем абодва бакі да дээскаляцыі. Ёсьць толькі адзін бок, які чыніць ваенны ціск, назапашваючы вайсковыя сілы. Калі заклікі не спрацуюць, мы мусім зьвярнуцца да самых суровых захадаў, якія ёсьць у распараджэньні ЭЗ — сэктаральных санкцый. Я ня думаю, што на гэты раз можна будзе ўнесьці ў чорны сьпіс некалькіх вайскоўцаў і думаць, што задача выканана. Я думаю, гэта тое, да чаго Эўразьвяз мусіць быць гатовы», — сказаў Эдгар Рынкевічс.

Ён падкрэсьліў, што Расея нясе поўную адказнасьць за цяпершанюю эскаляцыю вакол Украіны.

Міністры замежных справаў Эстоніі і Літвы Ева-Марыя Ліймэтс і Габрыелюс Ландсбергіс таксама пацьвердзілі, што падтрымліваюць Украіну ня толькі ў канфлікце з Расеяй, а і ў яе памкненьні да інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO.

«Менавіта Расея павінна прыпыніць свае агрэсіўныя дзеяньні і вярнуцца на адзін дзейны шлях — палітычны шлях перамоў у менскім і нармандзкім фарматах», — сказаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Балтыйскія партнэры Ўкраіны пацьвердзілі гатоўнасьць да супольных дзеяньняў в рамках ААН, АБСЭ і іншых міжнародных арганізацый, каб кансалідаваць міжнародную падтрымку Ўкраіны ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі.
«Сьвет на баку Ўкраіны і міжнароднага права. І гэта адзін з элемэнтаў стрымліваньня Расеі ад безразважных дзеяньняў», — перакананы міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба.

Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран, выступаючы 14 красавіка перад чальцамі падкамітэту Эўрапейскага парлямэнту па бясьпецы і абароне, заявіў, што максымальная канцэнтрацыя расейскіх войскаў на межах Украіны можа дасягнуць 110 тысяч вайскоўцаў у складзе 56 тактычных груп.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG