Лінкі ўнівэрсальнага доступу

G7 запатрабавала ад Расеі спыніць правакацыі ля межаў Украіны


Міністры замежных спраў краін «сямёркі», а таксама прадстаўнік Эўразьвязу, выказалі занепакоенасьць нарошчваньнем канцэнтрацыі войскаў Расеі ля межаў з Украінай і ў Крыме і заклікалі Маскву спыніць іх.

«Гэтыя маштабныя перамяшчэньні войскаў без папярэдняга паведамленьня ўяўляюць сабой пагрозьлівыя і дэстабілізуючыя дзеяньні», — гаворыцца ў сумеснай заяве G7.

Міністры заклікалі Расею неадкладна зьнізіць напружанасьць у адпаведнасьці зь яе міжнароднымі абавязаньнямі, а таксама выконваць прынцыпы АБСЭ аб празрыстасьці перамяшчэньня вайскоўцаў.

Аб перамяшчэньні расейскіх войскаў паведамлялася яшчэ ў сакавіку. Перасоўваньне вайскоўцаў назіраецца ў Растоўскай і Варонескай абласьцях, а таксама ў анэксаваным Расеяй Крыме.

Паводле ацэнак CIT, канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля мяжы з Украінай — максымальная з 2015 году. 12 красавіка прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Юлія Мэндэль заявіла, што Расея разьмясьціла ля мяжы з Украінай і ў Крыме больш за 80 тысяч вайскоўцаў.

Раней кіраўніцтва непрызнанай «ДНР» заяўляла, што ля межаў прарасейскіх сэпаратыстаў Кіеў з пачатку году сканцэнтраваў сотні адзінак цяжкага ўзбраеньня.

У Крамлі заяўляюць, што перасоўваньне расейскіх войскаў па сваёй тэрыторыі не павінна нікога хваляваць, адначасова пагражаюць Украіне «наступствамі» ў выпадку гіпатэтычнага наступу на пазыцыі сэпаратыстаў у Данбасе.

Калі Кіеў пачне баявыя дзеяньні ў Данбасе, гэта стане «пачаткам канца Ўкраіны», заявіў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Козак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG