Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустракаецца з украінскім дэпутатам Шаўчэнкам. Хто гэта і ці мае ён уплыў на ўхваленьне рашэньняў?

абноўлена

Яўген Шаўчэнка ў Палацы Незалежнасьці
Яўген Шаўчэнка ў Палацы Незалежнасьці

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Ўкраіна замарозіла свае афіцыйныя кантакты з Лукашэнкам і беларускімі ўладамі. Як заяўляў міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба, украінскі бок падтрымлівае палітычныя санкцыі супраць уладаў Беларусі, але ня бачыць мэтазгодным адмаўляцца ці абмяжоўваць эканамічную супрацу зь гэтай краінай.

На гэтым тле сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад кіроўнай партыі «Слуга народу» Яўгенам Шаўчэнкам.

Лукашэнка падчас сустрэчы абурыўся, што Ўкраіна наклала забарону ў гандлі зь Беларусьсю на 300 мільёнаў даляраў. Пры тым, што тавараабарот — «пад 5 мільярдаў даляраў». «Ну, а калі мы закрыем для Ўкраіны некаторыя пазыцыі і рэчы?», — спытаўся Лукашэнка. І выказаў упэўненасьць, што гандаль з Эўразьвязам Украіне не дапаможа.

Свабода сабрала некалькі фактаў пра дэпутата, які прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як і Лукашэнка, пачынаў у калгасе

Яўген Шаўчэнка нарадзіўся ў Мелітопалі Запароскай вобласьці ў 1972 годзе. Пасьля заканчэньня школы служыў у войску на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці. Потым працаваў электрыкам у калгасе, але далейшую кар’еру вырашыў зьвязаць з юрыспрудэнцыяй. Дыплём юрыста атрымаў пасьля заканчэньня прыватнага ўнівэрсытэту ў Запарожжы і пачаў працаваць прадпрымальнікам.

Адзіным, што яго зьвязвала зь сельскай гаспадаркай, заставалася прадпрыемства «Аграсталь», якое займалася вырошчваньне збожжавых і тэхнічных культур, і ў якім ён меў сваю частку. Цяпер, паводле судовага рашэньня, прадпрыемства абвешчана банкрутам. Ідзе працэдура спыненьня ягонай дзейнасьці.

Як прабіўся ў Вярхоўную Раду

Яўген Шаўчэнка з 2012 году спрабаваў прабіцца ў парлямэнт. Пасьля двух няўдалых спробаў «акенца магчымасьці» адчынілася ў 2019 годзе. Ён спачатку быў даверанай асобай Уладзіміра Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах, а ўжо пасьля іх паводле сьпісаў партыі «Слуга народу» прайшоў у Вярхоўную Раду Ўкраіны.

Цяпер у парлямэнце ён ачольвае адну з падгруп камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях эканамічнай палітыкі. І адначасова ўваходзіць у групы міжпарлямэнцкіх сувязяў з Казахстанам, Грузіяй, Азэрбайджанам, Кітаем, Іракам, Сынгапурам і Швайцарыяй.

Яўген Шаўчэнка ў дзень сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Яўген Шаўчэнка ў дзень сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам

Павіншаваў Лукашэнку пасьля выбараў 9 жніўня

Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта ў Беларусі і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.

Яшчэ празь 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.

Прыехаў на «ўсебеларускі народны сход»

У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка прымаў удзел ва «ўсебеларускім народным сходзе».

Крытыку ў грамадзтве выклікалі ня толькі ягоныя заявы ў беларускім пытаньні, але і ўдзел у этэрах расейскіх тэлеканалаў. У адным з выступаў ён расказаў пра кепскіх нацыяналістаў ва Ўкраіне, палітыка якіх «накіравана на вайну і варожасьць». Пазьней ён яшчэ заявіў, што Майдан быў памылкай, а на ўсходзе краіны трывае грамадзянскі канфлікт.

У той жа час кіраўніцтва «Слугі народу» ніводнага разу не адрэагавала на заклікі калег выключыць яго з шэрагаў праўладнай фракцыі.

Поўны цёзка агента праваахоўных органаў

Ва Ўкраіне Яўгена Шаўчэнку часта блытаюць зь іншым Яўгенам Шаўчэнкам, вядомым як агент Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро, які дапамог раскрыць некалькі спраў, калі за хабары спрабавалі закрыць крымінальныя справы. Імя гэтага агента фігуравала таксама ў нібыта карупцыйнай справе Алега Гладкоўскага, найбліжэйшага партнэра Пятра Парашэнкі. Тады гэтая справа істотна паўплывала на выбарчую прэзыдэнцкую кампанію.

Цяпер агент Шаўчэнка сам апынуўся пад хатнім арыштам — праз падазрэньне ва ўдзеле ў стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі разам зь цяпер ужо затрыманым Сямёнам Сяменчанкам, былым камандзірам добраахвотніцкага батальёну «Данбас».

Такая блытаніна вельмі раздражняла дэпутата Шаўчэнку.

Кіраўніцтва парлямэнцкай фракцыі «Слуга народу» неаднойчы заяўляла, што ўсё, што робіць і заяўляе Яўген Шаўчэнка, зьяўляецца ягонай асабістай справай.

Менавіта такім чынам у фракцыі ўспрынялі і цяперашнюю ягоную паездку ў Менск на сустрэчу з Лукашэнкам.

«Усе сустрэчы, якія ён праводзіць ці будзе праводзіць, зьяўляюцца ягонай прыватнай ініцыятывай. Ён дзейнічае як прыватная асоба, а не прадстаўнік дзяржавы», — заявіў намесьнік кіраўніка фракцыі «Слуга народу» Аляксандар Карніенка. У той жа час, паводле яго, фракцыя абавязкова папросіць Яўгена Шаўчэнку патлумачыць сваю паездку і сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміла ўкраінскае выданьне liga.net.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG