Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У заканадаўства Ўкраіны вярнулі норму аб забароне набыцьця электраэнэргіі зь Беларусі


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў закон пра рынак электрычнай энэргіі, якія дазваляюць забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

У прыватнасьці, дэпутаты вярнулі рэгулятару рынку электраэнэргіі паўнамоцтва зацьвярджаць парадак разьмеркаваньня прапускной здольнасьці міждзяржаўных перасылак электраэнэргіі з трэцімі краінамі. У гэтую групу краін уключаныя «дзяржавы, якія не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці».

Цяпер гэты закон павінен падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Падчас падрыхтоўкі гэтых зьменаў старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус адзначаў, што ня бачыць мэтазгоднасьці працягваць пастаўкі зь Беларусі і Расеі ў сувязі з завяршэньнем ацяпляльнага сэзону.

«Складаны зімовы пэрыяд мы прайшлі, за апошні месяц запасы вугалю на складах вырасьлі больш як удвая. У нас на сёньня дастаткова ўласных рэсурсаў, ацяпляльны сэзон завяршаецца, сонца становіцца больш, таму і далей у нас няма патрэбы ў гэтым. А далей, на наступную зіму, будзем асобна глядзець, які ў нас будзе дэфіцыт», — заявіў ён.

Цягам студзеня—сакавіка 2021 году Беларусь павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 разы да 503,5 мільёна кіляват-гадзін у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Разам з тым у нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» зьвярнулі ўвагу на тое, што ў лютым-сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі ўжо пачалі зьніжацца.

На пачатку году ў сувязі з рэзкім пахаладаньнем Украіна вымушаная была павялічыць закуп электраэнэргіі за мяжой, каб збалянсаваць сваю энэргетычную сыстэму ва ўмовах павелічэньня энэргаспажываньня. Пры гэтым ва ўкраінскай кампаніі падкрэсьлілі, што агульны аб’ём замежнай электраэнэргіі ў першыя тры месяцы году склаў толькі 2,2% ад агульнага спажываньня.

Адноўленыя з пачатку 2021 году пастаўкі энэргіі зь Беларусі і Расеі выклікалі жорсткую крытыку ўкраінскіх уладаў з боку іх апанэнтаў. Яны пераконвалі ўлады: аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі выцесьніць з энэргетычнага рынку Ўкраіны вугаль, што прывядзе да закрыцьця шахтаў, а таксама да скарачэньня вытворчасьці энэргіі на ўкраінскіх АЭС, каляпсу энэргетычнай сыстэмы, і, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязаньні ў сынхранізацыі з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG