Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анэксаваным Крыме абмяжуюць падачу вады мясцовым, каб яе хапіла турыстам


Алушта

У анэксаваным Крыме ўлады скароцяць падачу вады жыхарам Алушты да пяці гадзін на суткі.

Пра гэта паведаміла кіраўніца расейскай адміністрацыі курортнага гораду Галіна Огнева. Паводле яе, такая мера дазволіць на працягу ўсяго курортнага сэзону не абмяжоўваць водазабесьпячэньне санаторыяў, пансіянатаў і гатэляў, у якіх спыняюцца турысты. «Незалежна ад таго, вялікія гэта будуць або маленькія гатэлі, мы іх забясьпечым вадой», — паабяцала Огнева.

Выданьне «Адкрытыя мэдыя» адзначае пры гэтым, што ўзровень захворваньня каранавірусам у Крыме вырас за апошнія два тыдні амаль удвая, і што найбольш цяжкая сытуацыя менавіта ў Алушце. Нягледзячы на гэта, кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў выключыў увядзеньне карантыну і ўзмацненьне жорсткасьці патрабаваньняў да турыстычнай галіны.

  • Сытуацыя зь пітной вадой у Крыме рэзка пагоршылася на пачатку 2020 году, калі праз адсутнасьць ападкаў на паўвостраве зьмялелі многія вадаёмы, а запас вады ў вадасховішчах зьнізіўся да 37 %. У сувязі з гэтым жыхары Сімферопаля, аднаго з найбуйнейшых крымскіх гарадоў, маглі карыстацца вадой толькі чатыры гадзіны на дзень, пагадзінны графік падачы вады ўводзілі ў курортных гарадах Алушта і Партэніт, а ў Севастопалі праз дэфіцыт пітной вады абвяшчалі «рэжым павышанай гатоўнасьці». Па прагнозах навукоўцаў, засуха ў Крыме можа працягнуцца і ў 2021 годзе. Да 1 лютага ў крымскіх вадасховішчах назапасілася вады амаль у два з паловай разы менш, чым да таго ж месяца мінулага года.
  • Да анэксіі Крыму каля 85% патрэбаў мясцовых жыхароў у прэснай вадзе забясьпечваў Паўночна-Крымскі канал, які ідзе ад Дняпра. Пасьля рэфэрэндуму аб далучэньні да Расеі, легітымнасьць якога міжнародная супольнасьць не прызнае, Украіна канал перакрыла. Улады краіны заяўляюць, што гаворка пра аднаўленьне водазабесьпячэньня можа ісьці толькі пасьля дэакупацыі паўвострава.
  • Расейскія ўлады з 2014 года абяцаюць вырашыць праблему з водазабесьпячэньнем ў Крыме. На гэтыя мэты зьбіраліся выдзеліць дзясяткі мільярдаў рублёў з фэдэральнага бюджэту, аднак заплянаваныя вадасховішча да гэтага часу не пабудаваныя. У кастрычніку мінулага году ўрад РФ прадставіў чарговы «комплексны плян» водазабесьпячэньня Крыму, кошт якога ацэнены ў 48 мільярдаў рублёў (каля 600 мільёнаў даляраў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG