Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты пажар Лукашэнка не пагасіць», — расейскі апазыцыйны палітык Мілоў

абноўлена

Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімер Мілоў падтрымлівае мірныя пратэсты ў Беларусі, якіх, на ягоную думку, дзейны кіраўнік ужо ня зможа пагасіць. Мілоў разважае пра розную рэакцыю ў Расеі і будучыя заходнія санкцыі.


Сьцісла

  • Гэта нашмат горш, чым у нас. У Расеі сьлезацечны газ — рэдкасьць, а сьвятлашумавых гранатаў і вадамётаў у нас не было.
  • Цяпер пратэстуе ўвесь беларускі народ, яму ўжо не патрэбны нейкі лідэр, каб яго некуды клікаць.
  • Вельмі расчараваны віншаваньнем ад Пашыньяна. Яго ніхто не прымушаў гэтага рабіць. На маю думку, гэта натуральнае наступства той эвалюцыі, празь якую ідзе Армэнія.
  • Расчароўвае рэакцыя ад ЗША, Трамп маўчыць, выказаўся толькі ягоны апанэнт Джо Байдэн.
  • За некалькі дзён пратэстаў прыкметы стомленасьці ўжо праяўляюцца на нізавым узроўні сілавых структураў.

«Мы ўжо ўбачылі дух супраціву беларускага народу»

Уладзімір Мілоў
Уладзімір Мілоў

— Сытуацыя ў Беларусі мяне вельмі натхняе. Мы ў Расеі маем дастаткова цяжкі досьвед пратэстаў супраць нашай дыктатуры. Натхняе, што, нягледзячы на калясальную тактыку запалохваньня, якую ўжывае Лукашэнка, людзі ўсё роўна выходзяць. Прычым ёсьць пацярпелыя, ёсьць загінулы, кадры зь Беларусі цяжка глядзець. Тыя спэцсродкі, той арсэнал зброі, які ўжываюць сілавікі, — гэта ўсё нашмат горш, чым у нас. У Расеі сьлезацечны газ — рэдкасьць, а сьвятлашумавых гранатаў і вадамётаў у нас не было. Гэта вельмі небясьпечныя для здароўя рэчы. Карэспандэнт штабу Навальнага Дзьмітрый Нізоўцаў толькі вярнуўся зь Менску і бачыў на свае вочы, як людзей раняць гэтымі гранатамі.

Жахлівыя фота і відэа, на якіх сілавікі зьбіваюць людзей дручкамі і нагамі. І, нягледзячы на гэта, людзі ўсё роўна масава выходзяць ужо ня першы дзень. Тое, што ўдалося перамагчы страх і людзі гатовыя адстойваць свой выбар і права на перамены, вельмі натхняе. І хто б што ні гаварыў, што пратэсты будуць затухаць, што людзі вечна ня будуць выходзіць, мы ўжо ўбачылі гэты дух супраціву беларускага народу. Гэта неймаверна крута.


«Людзей проста дастала ўся гэтая сыстэма»

— Святлана Ціханоўская была вымушаная зьехаць у Літву пад ціскам уладаў, у Расеі знаходзіцца Вераніка Цапкала, у Менску з аб’яднанага штабу — Марыя Калесьнікава. Пратэстамі фактычна ніхто не кіруе, у іх няма лідэра. Людзі самаарганізоўваюцца. Як вам бачыцца пасьпяховасьць такога неарганізаванага пратэсту, хаатычнага ў пэўнай ступені?

— Я б ня стаў гаварыць пра хаатычнасьць. Проста цяпер пратэстуе ўвесь беларускі народ з сваёй асабістай прычыны. Яму ўжо не патрэбны нейкі лідэр, каб яго некуды клікаць. Людзей проста дастала ўся гэтая сыстэма, і ў гэтым адзінстве, сумесным выхадзе на вуліцы яны бачаць шанец на перамены. Усе яны, уключаючы і Сьвятлану Ціханоўскую, і абʼяднаны штаб, паспрабавалі мірны спосаб дамагчыся пераменаў праз выбары. Усё, што мы бачылі апошнія дні, сьведчыць, што Лукашэнка не гатовы на гэты спосаб пагаджацца. Значыць, будуць іншыя спосабы, і тут ужо не патрэбныя лідэры, не патрэбны штаб. Усё і так зразумела. Адбываецца калясальная самаарганізацыя. Лідэрства як такое ў тым пратэсьце ўжо не патрэбнае. Людзі змагаюцца не на заклік лідэра, а за сваю будучыню, за свой выбар, за сваю свабоду.

«Людзі назіраюць за падзеямі апошніх дзён і бачаць, што ў Беларусі дыктатура яшчэ больш жорсткая, чым у Расеі»

— Як бы вы ацанілі рэакцыю ў Расеі на беларускія пратэсты?

— Раней у Расеі дамінаваў настрой, што так, Лукашэнка дыктатар, але ў яго парадак — дарогі будуюць, заводы працуюць, пшаніца расьце. Такое яшчэ ёсьць, але маштабы гэта значна зьменшыліся. Людзі назіраюць за падзеямі апошніх дзён і бачаць, што ў Беларусі дыктатура яшчэ больш жорсткая, чым у нас. Усё параўноўваюць. Трэба ўлічваць, што Пуцін моцна страціў папулярнасьць у Расеі. Усе ведаюць пра нядопуск да выбараў у Расеі, пра нашы разгоны, але цяпер бачаць, што ў Беларусі гэта адбываецца яшчэ горш і яшчэ больш жорстка.

Масава прыходзіць разуменьне, што дыктатура — агульная хвароба. Што да афіцыйнай рэакцыі, то яна розная. Пуцін павіншаваў Лукашэнку, на дзяржаўных каналах ідзе пазытыў пра яго, але вельмі многія «ланцужныя сабакі» і ляяльныя элемэнты сыстэмы кшталту Жырыноўскага і Затуліна, многія ляяльныя расейскай уладзе СМІ вельмі жорстка крытыкуюць Лукашэнку ледзь не апошнімі словам за жорсткі разгон. Ёсьць рознагалосьсе, і гэта значыць, што зьверху не ідзе агульнага сыгналу, і, значыць, думка «так дзейнічаць нельга» ёсьць ня толькі ў шараговых людзей, але і ўнутры істэблішмэнту. Гэта добрыя прыкметы.

Тое, што нельга біць і забіваць, ужываць гвалт, што патрэбная свабода выбару, можна пачуць нават з высокіх трыбунаў. Шчыра кажучы, для Расеі гэта вялікая экзотыка. У нас жорстка ставіліся да таго, што называюць майданам, і недазволенага выхаду на плошчу, а цяпер чуем іншыя ноткі, і гэта частка вялікага працэсу зьменаў, якія адбываюцца і ў Расеі.

Чаму лідэр мірных пратэстаў Пашыньян павіншаваў Лукашэнку

— Віншаваньняў зь перамогай Аляксандар Лукашэнка атрымаў няшмат, збольшага ад кіраўнікоў аўтарытарных дзяржаваў. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў да дыялёгу ўлады і апазыцыі. Для многіх беларусаў дзіўным падалося віншаваньне ад армянскага прэмʼера Пашыньяна, які прыйшоў да ўлады ў выніку мірных пратэстаў. Як вы ацэньваеце рэакцыю на постсавецкай прасторы і на Захадзе? Тую, што ўжо ёсьць, і тую, што можа быць?

— Што да постсавецкай прасторы, то ўсё прадказальна. Віншуе «клюб дыктатараў», якія традыцыйна адзін за аднаго трымаюцца і ваююць з уласным народам. Для іх гэта клясна, Лукашэнка ўтрымаў уладу. Пуцін глядзіць на гэта як на магчымую прэлюдыю да магчымых падзеяў у нас. Я вельмі расчараваны віншаваньнем ад Пашыньяна. Яго ніхто не прымушаў гэтага рабіць. На маю думку, гэта натуральнае наступства той эвалюцыі, празь якую ідзе Армэнія. Пашыньян знаходзіцца ў вялікай пастцы, ён моцна палітычна і эканамічна залежны ад Расеі. У Армэніі няма ніякіх крокаў і рухаў у бок эўрапейскай інтэграцыі, няма альтэрнатывы, і яму няма да каго падацца. Гравітацыя яго зацягвае ў прапуцінскую сетку. Гэта сумна, але ня дзіўна.

Мне ня вельмі падабаецца, як паводзіць сябе Зяленскі. На яго месцы я б устрымаўся ад кантактаў з Лукашэнкам. А яны сустракаюцца і дэманструюць вялікае сяброўства. Зразумела, што ён ня можа не віншаваць Лукашэнку, бо гэта ва Ўкраіне не ацэняць, але гэта выглядае крыху няшчырым.

Што тычыцца міжнароднай рэакцыі, то вельмі моцную рэакцыю мы бачым ад дэмакратычнай Эўропы. Моцна выступілі ўсе кіраўнікі ЭЗ і ўсе буйныя фракцыі ў Эўрапарлямэнце. Унесены праект канкрэтных санкцыяў, ініцыяваны пазаплянавы саміт ЭЗ аб сытуацыі ў Беларусі. Расчароўвае рэакцыя ад ЗША: Трамп маўчыць, выказаўся толькі ягоны апанэнт Джо Байдэн. Была заява дзяржаўнага сакратара Пампэо, але, на маю думку, Пампэо сам ускосна спрыяў цяперашнім падзеям, бо незразумела чаму езьдзіў да Лукашэнкі. Мне падаецца, што гэты візыт натхніў Лукашэнку, у тым ліку і перад выбарамі, што ён можа сабе такое дазволіць, калі беспрэцэдэнтна за доўгі час да яго прыехаў дзяржаўны сакратар ЗША. Галоўнае — рэакцыя Эўропы, якая будзе моцнай. Даўно ў Эўропе так голасна не гучалі словы аб дэмакратычных каштоўнасьцях, аб правах людзей у суседніх краінах.

— Калі пратэсты атрымаецца пагасіць, якім можа быць шостае прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?

— Я думаю, што ў яго не атрымаецца гэта заціснуць. Адбылася сурʼёзная перамена ў дыспазыцыі. Раней была вялікая незадаволенасьць Лукашэнкам, але ўсе лічылі, што 50 зь нечым працэнтаў народу ўсё роўна за яго. Гэтага больш няма, і гэта больш ня вернецца. Усе ведаюць, што Лукашэнка не карыстаецца народнай падтрымкай. Палітолягі гэта называюць крызісам легітымнасьці. Сілавымі мэтадамі ён можа паспрыяць таму, што пратэсты на пэўны час аслабеюць, але я перакананы, што яны ня сыдуць, будуць новыя нагоды, калі яны будуць разгарацца.

Ён сам прыводзіць увесь час аналёгіі з пажарам, які ён сам жа і распаліў, не жадаючы правесьці справядлівыя выбары. Гэты пажар загасіць не атрымаецца. Ён надалей шугае. Цяпер тактыка на вымотваньне сыстэмы. Сыстэма моцная, апарат здушэньня моцны, але яна не ўсёмагутная. Яе таксама можна выматаць. За некалькі дзён пратэстаў прыкметы стомленасьці ўжо праяўляюцца на нізавым узроўні сілавых структураў. Гэта трэба рабіць і надалей. Мне падаецца, што беларусы поўныя рашучасьці гэта рабіць. Я ў іх веру. Яны цудоўна праявілі сябе ў часе апошніх падзеяў. І, самае галоўнае, людзі не гатовыя больш жыць у аблытанай шчупальцамі дыктатуры краіне. Можа, спатрэбіцца час, будзе цяжка, але ў выніку ўсё будзе добра.

  • 48-гадовы Ўладзімір Мілоў — расейскі апазыцыйны палітык, грамадзкі дзяяч, блогер.
  • У 2012–2015 гадах узначальваў партыю «Дэмакратычны выбар».
  • Разам з Барысам Нямцовым апублікаваў брашуру «Пуцін. Вынікі», у якой рэзка скрытыкаваў дзеяньні расейскай улады.
  • У 2002 годзе быў намесьнікам міністра энэргетыкі Расеі.
  • Адзін з стваральнікаў кааліцыі «За Расею без самавольства і карупцыі».
  • Вядзе на сваім youtube-канале штотыднёвую перадачу пра міжнародную палітыку «Обнимашки с диктаторами», многія выпускі якой прысьвячае сытуацыі ў Беларусі.
  • Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

    • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
    • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
    • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
    • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
    • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
    • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
    • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
    • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
    • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
    • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG