Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Армэніі Пашыньян павіншаваў Лукашэнку з пераабраньнем


Нікол Пашыньян
Нікол Пашыньян

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян накіраваў віншавальнае пасланьне Аляксандру Лукашэнку, паведамляе «Интерфакс».

«Віншую з пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Жадаю Вам посьпехаў і новых зьдзяйсненьняў на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Упэўнены, што сумеснымі намаганьнямі мы і надалей будзем умацоўваць дружбу паміж нашымі народамі і пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі як на двухбаковай аснове, так і ў рамках міжнародных арганізацый і інтэграцыйных абʼяднаньняў», — гаворыцца ў пасланьні Пашыньяна.

Як паведамляе прэс-служба армянскага ўраду, прэмʼер Армэніі адзначыў, што гатовы прыкласьці ўсе намаганьні для найпаўнейшай рэалізацыі ўсяго патэнцыялу адносін паміж дзьвюма краінамі.

«Карыстаючыся выпадкам, жадаю Вам, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, моцнага здароўя, а брацкаму народу Беларусі — міру і працьвітаньня», — адзначыў Пашыньян.

Раней у панядзелак Цэнтрвыбаркам апублікаваў абноўленыя дадзеныя па выніках галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларуcі, якія прайшлі 9 жніўня. Паводле афіцыйных лічбаў, Аляксандр Лукашэнка набраў 80,08% галасоў выбарнікаў, а ягоная галоўная суперніца Сьвятлана Ціханоўская — 10,09%.

Ціханоўская не прызнала перамогі Лукашэнкі і заявіла на прэсавай канфэрэнцыі 10 жніўня лічыць сябе пераможцай на выбарах кіраўніка дзяржавы. Сваю выснову яна аргумэнтавала колькасьцю ахвотных за яе прагаласаваць на ўчастках: «Вы бачылі, што адбывалася на ўчастках. У нас ёсьць зьвесткі незалежных назіральнікаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG