Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін, сьціснуўшы кулакі, будзе на баку Лукашэнкі», — расейскі апазыцыянэр Мілоў пра наймітаў і мітынгі ў Беларусі


Уладзімір Мілоў

Расейскі апазыцыйны палітык Уладзімір Мілоў не выключае драматычнага разьвіцьця падзей у Беларусі, мяркуе, што для Пуціна лепшы Лукашэнка, чым зьмена ўлады праз народны пратэст, і называе Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу «будучыняй Беларусі».

Хто такі Мілоў

  • 48-гадовы Ўладзімір Мілоў — расейскі апазыцыйны палітык, грамадзкі дзеяч, блогер.
  • У 2012–2015 гадах узначальваў партыю «Дэмакратычны выбар».
  • Разам з Барысам Нямцовым апублікаваў брашуру «Пуцін. Вынікі», у якой рэзка скрытыкаваў дзеяньні расейскай улады.
  • У 2002 годзе быў намесьнікам міністра энэргетыкі Расеі.
  • Адзін са стваральнікаў кааліцыі «За Расею без самавольства і карупцыі».
  • Вядзе на сваім youtube-канале штотыднёвую перадачу пра міжнародную палітыку «Обнимашки с диктаторами», многія выпускі якой прысьвячае сытуацыі ў Беларусі.

Сьцісла

  • Пуціна хацеў бы атрымаць у Менску больш згаворлівага лідэра, але ёсьць больш небясьпечная для яго рэч, чым незгаворлівы Лукашэнка. Гэта зьмена ўлады зьнізу ўверх з масавым удзелам народу.
  • Мы чакаем вельмі складанага супрацьстаяньня бліжэйшым часам. На жаль, бачна, што ўпарты дыктатар гатовы ісьці на многае.
  • Гэтых «прыгожынцаў» ужо выкарыстоўваюць ня толькі як гарматнае мяса на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, імі пачалі ўжо гандляваць — хочаце намаляваць вайсковы пераварот, каб скасаваць выбары, мы вам падкінем нашых хлопчыкаў.
  • Беларусь рэальна знаходзіцца на перадавым краі барацьбы за перамены на дыктатарскай постсавецкай прасторы.
  • Гэта ваша будучыня, а не калгасная намэнклятура з нанятым эскортам, ня гэтыя «ражаныя» фэльдмаршалы.
  • Многія палітыкі ў Беларусі знайшлі ў сабе мужнасьць і сілы гэта зрабіць, і мы бачым вельмі моцную прэзыдэнцкую кампанію Сьвятланы Ціханоўскай.

«Пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі»

— Уладзімір, у той момант, калі мы з вамі размаўляем, у Менску праходзіць агітацыйны мітынг кандыдаткі на прэзыдэнта Святланы Ціханоўскай. У сувязі затрыманымі ў Беларусі наёмнікамі ЧВК «Вагнэр», якія, як заявілі беларускія спэцслужбы, прыбылі ў Беларусь дэстабілізаваць абстаноўку напярэдадні выбараў, улады ўвялі на мітынгу беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі. Як вам бачыцца з Масквы, што цяпер адбываецца ў Беларусі? З чым гэта можна параўнаць?

Уладзімір Мілоў
Уладзімір Мілоў

— Я вельмі ўважліва сачу за сытуацыяй апошнія месяцы. Многія з нас вельмі сымпатызуюць барацьбе беларусаў за свабоду ад гэтай дыктатуры, якая надакучыла і струхлела. Мы падтрымліваем адзінага кандыдата ад народу Сьвятлану Ціханоўскую і жадаем ёй посьпеху. Мы паміж сабой усё гэта абмяркоўваем і чакаем вельмі нэрвовага разьвіцьця падзей. Лукашэнка, з аднаго боку, разумее, што ён цалкам згубіў папулярнасьць у краіне. Для гэтага дастаткова паглядзець на беспрэцэдэнтныя акцыі ў падтрымку Ціханоўскай па ўсёй краіне апошнія тыдні. З другога боку, ён зусім ня мае намеру аддаваць уладу, пра што і гаворыць. Таму такая дылема, і, на жаль, не абыдзецца без таго, што Лукашэнка пойдзе на жорсткія захады. Па тым энтузіязьме, зь якім беларусы выходзяць падтрымліваць перамены, я таксама бачу, што яны не зьбіраюцца здавацца, на шчасьце. Адзінае, што гэта можа прывесьці да драматычных сцэнараў. Вельмі складана прадказаць, што гэта будзе.

З гісторыі з «вагнэраўцамі» бачна, што Лукашэнка гатовы на абсалютна ідыёцкія схемы. Шчыра кажучы, я не зразумеў, навошта ён гэта ўсё задумаў. Мы ўсе, калі пайшлі паведамленьні пра затрыманьні «вагнэраўцаў», думалі, што гэта стане падставай для адмены ці пераносу выбараў. Кшталту — спроба перавароту з замежным удзелам. Але пакуль гэта выкарыстоўваюць для таго, каб зрабіць перашкоды з допускам людзей на мітынгі. Паглядзім. Мы чакаем вельмі складанага супрацьстаяньня бліжэйшым часам. На жаль, бачна, што ўпарты дыктатар гатовы ісьці на многае і ня хоча сыходзіць. Ня хочацца рабіць змрочных прагнозаў, але я думаю, што далей сытуацыя можа разьвівацца па даволі жорсткім сцэнары.

«Адзінае рацыянальнае тлумачэньне — гэта нейкі „договорняк“ з Крамлём»

— Перад выбарамі або падчас масавых пратэстаў спэцслужбы ў Беларусі раскрываюць змовы — то дохлых пацукоў апазыцыя ў водаправод хоча падкінуць, то Лукашэнка заяўляе ў 2017 годзе, што празь мяжу прарваўся ўкраінскі джып, а потым арыштоўваюць дзясяткі чалавек па справе арганізацыі, якая спыніла існаваньне вельмі даўно. Цяпер у Беларусі арыштавалі баевікоў ПВК «Вагнэр», і упершыню перад выбарамі беларускія спэцслужбы знаходзяць расейскі сьлед. Якая ваша ацэнка?

— Я знаходжу гэтаму адзінае рацыянальнае тлумачэньне — гэта нейкі «договорняк» з Крамлём. Так публічна тузаць Расею за нібыта спробу вайсковага ўмяшаньня ў суседняй краіне... І гэта ня проста суседняя краіна. Расея дэманструе асаблівыя адносіны зь Беларусьсю як вянец свайго геапалітычнага посьпеху. Ня тое што кажуць пра магчымае паглынаньне Беларусі, на цяперашняй стадыі лічыцца, што ў нас ёсьць адна краіна, якая нам сябар заўсёды, нягледзячы ні на што. Гэта вельмі сур’ёзны ўдар па іміджы Крамля, што яны паслалі нібыта наймітаў.

І тое, што расейскі бок гэты трывае, на маю думку, сьведчыць пра тое, што гэта, найхутчэй, папярэдняя дамоўленасьць. Я адчуваю, што гэтых «прыгожынцаў», «вагнэраўцаў» ужо выкарыстоўваюць ня толькі як гарматнае мяса на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, імі пачалі ўжо гандляваць... Хлопцы, хочаце намаляваць вайсковы пераварот, каб скасаваць выбары — давайце мы вам падкінем нашых хлопчыкаў, вы іх арыштуеце, пасадзіце, і яны будуць ляпіць «переваротчыкаў». У мяне адчуваньне, што група «Вагнэр» перайшла на зарабляньне яшчэ і такім спосабам.

Я ня вельмі веру, што Лукашэнка можа з такімі рэзкімі рэчамі выступаць без папярэдняга абмеркаваньня з Пуціным і Масквой. І рэакцыя Масквы вельмі спакойная. У нас жа ўзбуджаюцца ў адказ на абсалютна мінімальныя рэчы. Нехта ў брытанскай газэце артыкул пра Сталіна і пакт Молатава-Рыбэнтропа напісаў, а расейскі МЗС бяжыць і пачкамі робіць заявы. А тут такая гісторыя — і нічога. Гэта першая прыкмета, што яны ў курсе і не зьбіраюцца нічога рабіць. Я думаю, што за гэтым стаіць пэўная дамоўная аснова.

«Крэмль ня проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары»

— Уладзімір, як вам бачыцца, ці зьбіраецца Крэмль неяк уплываць, умешвацца ў выбары прэзыдэнта Беларусі? У Беларусі практычна нацыяналізаваны газпромаўскі банк, былы старшыня рады дырэктараў якога, прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта цяпер у турме. Якой вам бачыцца пазыцыя Крамля? Вельмі невыразная пакуль...

— Я абсалютна перакананы, што Крэмль ня проста хоча, але і відавочна ўмешваецца ў беларускія выбары, таму што Пуціна, безумоўна, дастаў Лукашэнка. Ён хацеў бы атрымаць больш згаворлівага лідэра, больш слабога лідэра ў Менску. Але ёсьць больш небясьпечная для Пуціна рэч, чым незгаворлівы Лукашэнка. Гэта зьмена ўлады зьнізу ўверх з масавым удзелам народу, калі народ выходзіць і заяўляе: «Я тут гулец, я вырашаю, хто будзе лідэрам, ня нейкія закулісныя дамоўленасьці ўнутры эліты ці паміж Менскам і Масквой, а вось мы, беларускі народ, вырашым, хто будзе краінай кіраваць». Гэта для Пуціна страшная сытуацыя, страшэнная атрута. І пры ўсім тым нэгатыве, які існуе ў Пуціна да Лукашэнкі, вядома, ён хацеў бы неяк сытуацыяй скарыстацца, каб яго зьмяніць, але чаго Пуцін не гатовы рабіць — гэта мяняць Лукашэнку шляхам народнай рэвалюцыі. Гэта горшая опцыя, чым калі Лукашэнка застаецца на месцы.

— Усе, хто ўдзельнічае ў гэтых выбарах, і тыя, хто ня змог удзельнічаць, не зьяўляюцца антырасейскімі кандыдатамі. І Віктар Бабарыка, і Валер Цапкала на пытаньне «Чый Крым?» ніколі не давалі адказу, што Крым украінскі...

— Безумоўна, ніхто з кандыдатаў не настроены сварыцца з Расеяй, якая зьяўляецца галоўным эканамічным партнэрам. Амаль палова беларускага экспарту ідзе ў Расею. Беларуская залежнасьць калясальная. Але размова не пра кандыдатаў на прэзыдэнта, размова пра тое, што для Пуціна нават унутрыпалітычна вельмі небясьпечная ў бліжэйшай краіне зьмена ўлады праз народную рэвалюцыю. Нават калі разглядаць варыянт розных камбінацый, пры якіх Лукашэнка проста ціха сыдзе з улады — там Крэмль быў бы гатовы пагуляць. Але калі выбіраць паміж Лукашэнкам і народнай рэвалюцыяй, тут Пуцін, сьціснуўшы кулакі, будзе граць на баку Лукашэнкі. Народныя рэвалюцыі для Пуціна — самы страшэнны вораг, які б слабы і арыентаваны на Расею палітык ні прыйшоў у выніку да ўлады.

«Абʼяднаньне адбываецца, калі зьяўляецца рэальная сіла, за якой відаць падтрымка народу»

— У сераду апазыцыйная расейская партыя ПАРНАС у адкрытым звароце падтрымала грамадзян Беларусі ў іх барацьбе за перамены, падкрэсьліла, як важная для расейскіх дэмакратычных сілаў незалежнасьць Беларусі, і нават сказала, што «і нам бы павучыцца ад вас» у пляне абʼяднаньня. Барыс Нямцоў часта казаў, што Беларусь раней за Расею стане дэмакратычнай краінай. Наколькі ўважліва расейскія дэмакратычныя сілы сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі? Памятаю часы, калі расейскія апазыцыянэры прыяжджалі на мітынгі ў Менск.

— Мы вельмі ўважліва сочым. Я хацеў бы сказаць вельмі простую рэч. Мы пабачылі, што абʼяднаньне адбываецца, калі зьяўляецца рэальная сіла, якая мае падтрымку народу. Вельмі здорава, заслугоўвае вялікай павагі і аплядысмэнтаў, што зьнятыя кандыдаты без усялякіх умоваў абʼядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай у адзіную кампанію. Але гэтаму папярэднічала тое, што зьявіўся муж Сьвятланы, Сяргей Ціханоўскі, зь якога ўсё і пачалося, ягоны супэрпапулярны youtube-канал, які расказваў праўду пра тое, што ў краіне адбываецца. Ён езьдзіў па краіне, размаўляў зь людзьмі, гэта ператварылася ў нацыянальны фэномэн. І гэта стварыла базу для такога абʼяднаньня.

Я ў тым ліку і расейскім многім сваім калегам па апазыцыі хачу сказаць — вельмі просты выбар, які мы бачым на прыкладзе Беларусі — проста падтрымлівайце моцных, тых, хто працуе зь людзьмі, не спрабуйце сабе вытаргаваць месца за нейкім сталом у «палітбюро», як у нас многія «старыя» дэмакраты прывыклі рабіць. У вас вялікая гісторыя апазыцыі ў Беларусі, вы зразумееце, пра што я. Калі зьяўляецца новая, моцная сіла, якую падтрымлівае народ, падтрымайце яе.

Многія палітыкі ў Беларусі знайшлі ў сабе мужнасьць і сілы гэта зрабіць, і мы бачым вельмі моцную прэзыдэнцкую кампанію Сьвятланы Ціханоўскай. Я сваім расейскім калегам кажу — бярыце прыклад з гэтага, і мы будзем рухацца па тым жа шляху, як Беларусь, якая, як я лічу, рэальна знаходзіцца на перадавым краі барацьбы за перамены на дыктатарскай постсавецкай прасторы.

«Гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды ня сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад»

— Аляксандар Лукашэнка зь дзяўчатамі са службы пратаколу ці жанчынамі, якія аддана служаць на важных пасадах, кшталту Лідзіі Ярмошынай, — гэта патрыярхальная карцінка, з аднаго боку, і тры сьмелыя, адважныя, цудоўныя жанчыны — абсалютна іншая карцінка, з другога. Ці слушна гэтым жанчынам сыходзіць, калі яны дасягнуць пастаўленай мэты — пераменаў, новых выбараў і вызваленьня палітвязьняў?

— Гэта проста неверагодная карцінка. Вашая будучыня — гэта, а не калгасная намэнклятура з нанятым эскортам, ня гэтыя «ражаныя» фэльдмаршалы, якія, акрамя карупцыйных, ніякіх іншых войнаў не вялі. Вось гэта вашая будучыня. Тут пытаньне ня ў тым, ці застануцца яны ў палітыцы. Яны ўжо ўвайшлі ў гісторыю як сымбаль новай Беларусі і беларускага грамадзтва, якое хоча разьвівацца, хоча свабоды, хоча быць сучасным, перадавым, эўрапейскім.

Гэтая карціна, гэты вобраз новай Беларусі ўжо нікуды ня сыдзе і будзе натхняць людзей яшчэ гады наперад. Спадзяюся, што падзеі пойдуць па лепшым сцэнары. Таму тут пытаньне ня ў тым, хто канкрэтна будзе ўдзельнічаць у палітыцы, а што канкрэтна ўдалося зрабіць беларусам падчас гэтай кампаніі — паказаць усім новы вобраз будучыні і вобраз краіны. Гэта здорава. Гэта фантастыка. Я перакананы, што мы хутка пабачым Беларусь такой, а ня «ражанай», калгаснай, якой яе спрабуе зрабіць Лукашэнка.

«Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас»

Ваш блог на youtube «Обнимашки с диктаторами» апошнім часам вы часта прысьвячаеце Беларусі. У свой час вы ўдзельнічалі ў спэцыяльным праекце «Белсату». Ці зьвязвае вас што-небудзь зь Беларусьсю, акрамя прафэсійнай цікавасьці?

— Я чалавек глябалісцкіх поглядаў. З маімі эўрапейскімі калегамі мы называем сябе «1989 kid», дзіця 1989 году, калі былі аксамітныя рэвалюцыі, зьнесьлі Бэрлінскі мур. Мы ўсе марым пра адзіную эўрапейскую прастору свабоды, праўды і прагрэсу, дзе ўсім будзе месца. Калі мы бачым суседнюю краіну, дзе мы часта бывалі, вельмі любім цудоўных людзей, якія там жывуць, зь якіх зьдзекуецца мафіёзная дыктатура, якая цягне іх у мінулае, — мы заўсёды падтрымліваем барацьбу гэтай краіны за свабоду. Ці гэта Ўкраіна, ці гэта Беларусь... У Армэніі нядаўна былі падобныя падзеі, і мы вельмі падтрымлівалі тыя перамены, якія прынёс Нікол Пашыньян.

Гэта ня нешта ўнікальнае, проста мы хочам жыць з усімі нашымі суседзямі на раўнапраўных умовах у агульным эўрапейскім доме ва ўмовах свабоды і прагрэсу. І нас вельмі раздражняе, калі зьяўляецца такая дыктатура і мафія, якія гэты прагрэс і свабоду стрымліваюць. Мы ведаем, як гэта баліць, на сваім прыкладзе, і мы адчуваем гэты боль у вас. І заўсёды будзем падтрымліваць вашу барацьбу за свабоду. Жыве Беларусь!

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG