Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам ёсьць чаму павучыцца ў вас» — расейская партыя ПАРНАС падтрымала «барацьбу за свабоду» ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

Расейская апазыцыйная Партыя народнай свабоды (ПАРНАС) у звароце да грамадзянаў Беларусі падтрымала «барацьбу за свабоду», і заявіла, што «дзяржаўная незалежнасьць вашай краіны і свабода сьвятыя для нас».

«Пасьля краху камуністычнай тыраніі і здабыцьця Беларусьсю дзяржаўнай незалежнасьці ў вас, як і ў Расеі, знайшліся людзі, якія, прыйшоўшы да ўлады ў выніку дэмакратычных працэдур, выкарыстоўвалі гэтую ўладу не для таго, каб вывесьці нашы народы на шлях свабоды і дабрабыту, а каб вярнуць іх у таталітарнае мінулае. Яны скарысталіся тым, што ў нашых грамадзтвах не было ўстоянай звычкі да дэмакратыі і, ашукаўшы людзей, растапталі яе першыя парасткі. Усе канстытуцыйныя абмежаваньні, пастаўленыя на шляху тыраніі, былі патаптаныя ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, у Расеі — Уладзімірам Пуціным», — гаворыцца ў звароце расейскай апазыцыйнай партыі.

Аўтары звароту падкрэсьліваюць, што «выбары прэзыдэнта, якія павінны адбыцца ў Беларусі 9 жніўня, Аляксандр Лукашэнка хацеў чарговым разам ператварыць у фарс аднадушнай ухвалы свайго кіраваньня. Але ня выйшла. Вылучылася некалькі апазыцыйных кандыдатаў, якіх ён схаваў у турму ці выціснуў з краіны, не дапусьціўшы рэгістрацыі. Аднак, народ Беларусі не адступіў і аб’яднаўся для барацьбы з дыктатурай. Беспрэцэдэнтныя мітынгі ў падтрымку апазыцыі праходзяць у многіх гарадах вашай краіны».

«Асабліва важна, што перадвыбарчыя штабы апазыцыйных кандыдатаў абʼядналіся і абяцаюць, у выпадку перамогі, вызваліць усіх палітычных зьняволеных і ў самыя кароткія тэрміны правесьці новыя, свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары. Гэта мудры палітычны крок і тут нам ёсьць чаму павучыцца ў вас, дарагія беларусы», — гаворыцца ў адкрытым звароце Расейскай Партыі народнай свабоды (ПАРНАС), якая запэўнівае, што падтрымлівае барацьбу за свабоду грамадзянаў Беларусі, і што дзяржаўная незалежнасьць і свабода Беларусі «сьвятыя для нас».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG