Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя жанчыны нікім не прызначаныя. Яны самі рызыкуюць». Псыхоляг, філёзаф і сацыёляг пра фэномэн жаночага трыё


Выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Барысаве, 23 ліпеня.

Чым тлумачыцца фэномэн папулярнасьці жаночага трыё, ці прагучыць у іхных прамовах фэмінісцкі парадак дня, ці слушна жанчынам адыходзіць на другі плян, калі адбудуцца перамены? Абмяркоўваюць філёзаф Вольга Шпарага, псыхоляг Вольга Андрэева і гендэрная экспэртка і сацыёляг Ірына Саламаціна.

Сьцісла

Андрэева:

  • Яны сымпатычныя маладому электарату і адпавядаюць патрэбам старэйшага пакаленьня, бо гавораць пра традыцыйныя каштоўнасьці.
  • Мы з мужчынамі ў адной лодцы, павінны змагацца за годнасьць і жанчын, і мужчын.

Шпарага:

  • Мне хочацца, каб у праграме прысутнічала хаця б згадка, што гендэрную роўнасьць будзем адстойваць. Магчыма, мы патрабуем занадта шмат у гэты момант.
  • Адрозна ад Ярмошынай, якую прызначыў Лукашэнка, гэтыя жанчыны нікім не прызначаныя. Яны самі рызыкуюць.

Саламаціна:

  • Я не прыгадаю ў новай гісторыі, каб жаночае лідэрства асацыявалася з такімі гетэрапатрыярхатнымі каштоўнасьцямі.
  • Па вялікім рахунку, гэта падтрымка традыцыйнай ролевай мадэлі, якую шмат гадоў Лукашэнка і наша дзяржава трансьлюе.

«Яшчэ ў 2015 годзе адзін з палітолягаў прапаноўваў сваю жонку ў якасьці альтэрнатыўнага кандыдата»

– Праз стрымы мы назіраем неверагодную папулярнасьць трох жанчын на выбарчых мітынгах у розных гарадах Беларусі. Такую колькасьць людзей і такога ўзроўню падтрымку цяжка прыгадаць. Чым вы тлумачыце фэномэн папулярнасьці жаночага трыё?

Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай.
Ірына Саламаціна, кіраўніца праекту "Гендэрны маршрут". Фота Марыны Бацюковай.

Ірына Саламаціна: Яшчэ ў 2015 годзе некалькі палітычных аналітыкаў і палітычных папулістаў прапаноўвалі выйсьце з крызісу старой апазыцыі, якая ўжо не натхняе масы. Адзін з палітолягаў прапаноўваў сваю жонку ў якасьці альтэрнатыўнага кандыдата. Працытую яшчэ аднаго папуліста, які пісаў, «што беларускаму грамадзтву не хапае «бабы», каб узьняцца, прачнуцца і актывізавацца супраць цяперашняга рэжыму». У 2015 годзе была кандыдатка на прэзыдэнта Тацяна Караткевіч, яна не зьбірала такія масы людзей, але нагадала старой апазыцыі старую формулу палітыка – кантактаваць з масамі.

Тацяна Караткевіч зрабілася вельмі вядомая таму, што пачала езьдзіць па рэгіёнах і проста гутарыць зь людзьмі. Яна нічога людзям не абяцала, проста ўступіла ў камунікацыю. Тое, што мы бачым цяпер, — увасобленая ідэя гэтых папулістаў. Ідэя Нікалюка была ў тым, што «калі вы вылучыце маю жонку ў якасьці кандыдаткі на альтэрнатыўнага кандыдата, яна зьбярэ 50% пратэставага электарату».

Цяпер у краіне крызіс, каранавірус, шмат праблемаў, улада паказала сваю няздольнасьць абараняць людзей. І на гэтым тле адбылося абʼяднаньне такіх жанчын. Яны адкрыта гавораць пра тое, што ўсё гэта яны робяць дзеля сваіх мужчын, дзеля каханьня да мужчын. Ня дзеля сябе. Яны гавораць пра несправядлівасьць, пра тое, што нашых мужчын не дапусьцілі да выбараў, і таму мы даможамся справядлівасьці.

Такая велізарная кансалідацыя масаў зьвязаная з тым, вакол якой мадэлі жаночага лідэрства сёньня гатова абʼяднацца дастаткова кансэрватыўнае грамадзтва Беларусі – вакол жанчыны, якая прызнаецца на сцэне ў любові да свайго мужа і дзяцей. Яна кажа, што яна часовы кандыдат; што як толькі зрынецца рэжым, уладу перадасьць мужу, годным мужчынам і гэтак далей. Для мяне гэты чыста беларускі фэномэн.

Я не прыгадаю ў новай гісторыі, каб жаночае лідэрства асацыявалася з такімі гетэрапатрыярхатнымі каштоўнасьцямі (каштоўнасьці, які прадпісваюць жанчыне жыць толькі дзеля мужчыны), калі жанчыны гавораць, што яны ахвяры і гатовыя адмовіцца ад усіх сваіх амбіцый, толькі каб расчысьціць дарогу сваім мужчынам.

«У нас любяць гаварыць пра традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці, і яны дакладна гэтаму адпавядаюць»

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: З пункту гледжаньня псыхалёгіі мы гаворым пра матывацыю, пра тое, як задавальняюцца чалавечыя патрэбы. І ў гэтым выпадку тры цудоўныя жанчыны, якія абʼядналіся і выклікаюць да сябе столькі ўвагі і падтрымкі, проста вельмі дакладна пацэлілі ў чалавечыя патрэбы, зьвязаныя з атрыманьнем клопату, дабрынёй. Гэтая патрэба ў бясьпечнай прыхільнасьці, у бясьпечных адносінах для нашага беларускага народу была фрустраваная. Мы заўсёды жылі ці на вайне, ці нам пагражалі. Заўсёды лексыка была пра небясьпеку. Пры гэтым патрэба ў бясьпецы, у бясьпечных стабільных адносінах, менавіта псыхалягічна стабільных – асноўная чалавечая патрэба.

І калі мы бачым такіх цудоўных жанчын, то гэта не ваяркі па прафэсіі, а іх сытуацыя змусіла стаць такімі. Яны сымпатычныя і маладому электарату, але яны адпавядаюць патрэбам і старэйшага пакаленьня, таму што яны гавораць пра традыцыйныя каштоўнасьці. У нас жа любяць гаварыць пра традыцыйныя каштоўнасьці, сямейныя каштоўнасьці. І яны дакладна гэтаму адпавядаюць. Таму яны такую вялікую колькасьць вельмі розных людзей абʼядналі вакол сябе. І тут менавіта дабрыня і клопат.

Калі згадаць сытуацыю з каранавірусам у сьвеце, то найлепшыя вынікі ў абароне насельніцтва былі ў краінах, якімі кіруюць жанчыны-лідэры. Рэйтынг Ангелы Мэркель вельмі моцна вырас, бо яна вельмі цёпла зьвярталася да людзей. Яе пасьля гэтага сталі называць Mutti -- мама, матуля нямецкага народу. Людзі сумуюць па клопаце і па такім стаўленьні. І гэтыя вобразы цудоўных жанчын цалкам адпавядаюць гэтай псыхалягічнай патрэбе.

«Я вельмі шкадую, што сёлета вылучыўся Андрэй Дзьмітрыеў, а не Тацяна Караткевіч»

Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Вольга Шпарага: Канечне, зьмяніліся настроі грамадзтва. База пратэсту пашырылася, мы бачым ажыўленьне розных сацыяльных групаў, і гэтае трыё адказвае на гэтае ажыўленьне. І я бачу адэкватны адказ, як выклікае водгук. Па-першае, яны гавораць не пра амбіцыі, а пра, умоўна, служэньне грамадзтву, грамадзкім інтарэсам. Па-другое, яны гавораць пра гвалт, і ў гэтым я бачу важнасьць гендэрнага, фэмінісцкага вымярэньня. Мы, фэміністкі, шмат пра гэта гаворым, зразумела, што крыху ў іншым ключы. Але лягічна чуць тут пра розныя формы гвалту.

Трэцяе — гэта тэма салідарызацыі: гэтыя жанчыны дэманструюць, што яны могуць салідарызавацца, і гэта таксама выклікае водгук. І чацьвёртае — гэта грамадзкая крэатыўнасьць, якую ў большай ступені ўвасабляе Марыя Калесьнікава. Яна крыху адрозьніваецца ад дзьвюх іншых жанчын, бо яна ў больш актыўнай пазыцыі. Грамадзкая крэатыўнасьць зьвязаная зь мірным пратэстам, які можа быць падтрыманы і салідарнасьцю, і новымі тэхналёгіямі, і новымі ідэямі.

Я для сябе таксама адзначыла значэньне Тацяны Караткевіч. НІСЭПД у 2015 годзе даваў лічбу 22% падтрымкі яе. Я вельмі шкадую, што сёлета вылучыўся Андрэй Дзьмітрыеў, а не Тацяна Караткевіч. Яна ўжо была прадвесьніцай таго, што жанчына можа быць палітыкам, што можа займаць ролю лідэркі. Я спадзяюся, што гэта – новы этап, калі фармуюцца новыя ўзоры жаночага ўдзелу.

«Я ня бачу ніякага фэмінізму ў абʼяднаньні жанчын дзеля мужчын»

– «А яшчэ зь Ціханоўскай прыкол у тым, што яе вобраз і кампанія выглядае трапна і з патрыярхальнай пазыцыі, і з фэмінісцкай!» – напісала дасьледчыца Маргарыта Тарайкевіч з Бэльгіі. Ці згодныя вы? Ці праўда яны задавальняюць і людзей з патрыярхальнымі поглядамі, і прыхільнікаў гендэрнай роўнасьці?

Ірына Саламаціна: Ня ведаю, з чаго аўтарка зыходзіла. Фэмінізм – гэта пра розныя формы прыгнёту. Давайце паглядзім, вакол чаго гэтыя жанчыны абʼядналіся. Гэта рыторыка баявых сябровак, салідарнасьці жанчын, маці... У нядаўнім інтэрвію Марыя Калесьнікава адкрыта кажа, што ўсе, хто за нас галасуе, фэміністы. А ўсе, хто супраць, атрымліваецца, не фэміністы? Я насамрэч ня бачу ніякага фэмінізму ў абʼяднаньні жанчын дзеля мужчын. Па вялікім рахунку, гэта падтрымка традыцыйнай ролевай мадэлі, якую шмат гадоў Лукашэнка і наша дзяржава трансьлюе. Патэрналізм над жанчынай, з аднаго боку, а з другога боку – жанчыны вельмі важныя.

Прэзыдэнт ня проста так кажа, што ён ня быў бы прэзыдэнтам без жанчын. Але ён падкрэсьлівае, хто галоўны. І сёньня мы бачым такое люстэрка толькі ад апазыцыі, якая ня ставіць пад сумнеў той традыцыйны парадак, які існуе ў Беларусі. І ў гэтым выпадку як фэміністка я ўздымаю пытаньне: а дзе ў жаночага абʼяднаньня, у абʼяднаных штабоў жаночы парадак дня? Па вялікім рахунку, яны сфакусаваныя на тое, каб людзі прыйшлі на выбары. Я сьвядомая грамадзянка, мяне ня трэба агітаваць, каб я прыйшла, бо я даўно жыву ў Беларусі і ведаю, што такое электаральныя цыклі. Я і так пайду на выбары.

– Ёсьць словы, а ёсьць справы. Менавіта Валер Цапкала зьехаў зь дзецьмі ў іншую краіну і імі займаецца, а не Вераніка.

– У дзень, калі Вераніка Цапкала сказала, што ёсьць інфармацыя, што яе могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, была невялікая нататка пра жанчыну зь Берасьця, якая пратэстуе супраць акумулятарнага заводу, да якой прыйшлі адпаведныя службы, якія спрабуюць яе пазбавіць бацькоўскіх правоў. Для мяне быў бы фэмінізм, каб жанчыны абʼядналіся ў тым ліку і вакол гэтага, вакол той тэмы, што жанчын-актывістак існая сыстэма сацыяльнай абароны шантажуе наяўнасьцю дзяцей да 18 гадоў. Ёсьць тэма хатняга гвалту, ёсьць тэмы, якія тычацца непасрэдна жанчын. Гэта пра фэмінізм, а не пра тое, што жанчыны абʼядналіся дзеля таго, каб зрынуць дыктатуру і саступіць месца новым годным кандыдатам-мужчынам.

«У нашай краіне мужчыны – ахвяры вельмі жорсткага гвалту з боку дзяржавы. Мы ў адной лодцы»

Вольга Андрэева: Я ня вельмі асьцерагаюся, што мала гучыць слова «фэмінізм». Я сама на працягу дзясяткаў гадоў прасоўваю гэтае слова ў сваіх інтэрвію, для таго каб людзі хаця б перасталі баяцца яго на бытавым узроўні. Слова «фэмінізм» ня лаянкавае. У любой аўтарытарнай, таталітарнай дзяржаве мужчыны таксама зьяўляюцца ахвярамі гвалту з боку дзяржавы. У нашай краіне мужчыны – ахвяры вельмі жорсткага гвалту з боку дзяржавы.

Мы ў адной лодцы, і ў гэтай сытуацыі нашая задача – абʼяднацца, а не супрацьстаўляць. Вывучаючы гісторыю фэмінізму, я сутыкалася з тым, што ў многіх зорак фэмінізму, клясыкаў фэмінізму былі вельмі шчасьлівыя шлюбы. У многіх з нас, фэміністак, ёсьць сыны. Мы з мужчынамі – у адной лодцы, мы павінны гэтыя ідэі фэмінізму зрабіць агульнымі і змагацца за годнасьць і жанчын, і мужчын. Я думаю, што на дадзеным этапе мы ня будзем супрацьстаўляць мужчын і жанчын і будзем гендэрную сьвядомасьць прасоўваць і сярод мужчын, і сярод жанчын.

Тое, што адбываецца цяпер, – прагматычна слушны пункт ўваходу. Мы кажам пра нашых мужчын: яны ня нашы ворагі, мы іх проста любім, і мы ня тое што ахвяры, мы проста, як у вайну, паўсталі як паўнавартасныя людзі і сталі ўдзельнічаць у палітычнай барацьбе. Гэта прыгожы ўваход з традыцыйнай пазыцыі ў тэму «жанчына і ўлада». Яны ж наўпрост пра ўладу ня кажуць. Для іх ня ўлада – мэта. Іх мэта – зьмяніць умовы жыцьця народу, вярнуць людзям годнасьць, вярнуць людзям правы, незалежна ад гендэру. Утылітарна гэта слушны шлях, а далей мы будзем нашыя ідэі разьвіваць і прасоўваць.

«Іх прысутнасьць на беларускай авансцэне пераменаў – гэта глыток паветра і для краінаў Эўразьвязу»

Вольга Шпарага: Мне хочацца з Ірынай пагаджацца, бо хочацца, каб фэмінісцкі, гендэрны парадак дня гучаў, каб у праграме прысутнічала хаця б згадка, што гендэрную роўнасьць мы будзем адстойваць. Магчыма, мы патрабуем занадта шмат у дадзены момант. Усё роўна, мне падаецца, мы ня можам гэтага не патрабаваць, калі гэта нашы каштоўнасьці і інтарэсы. Калі выказваецца нехта з журналістаў, што, маўляў, жанчыны прынесьлі сябе ў ахвяру, я пішу, што яны ж яшчэ і субʼекты, не забывайце пра тое, што ёсьць і іх, і нашы інтарэсы.

Як сказаў літоўскі палітоляг Юрконіс, сама іх прысутнасьць на беларускай авансцэне пераменаў – гэта глыток паветра і для краін Эўразьвязу, дзе вельмі мала жанчын у палітыцы. Адрозна ад Ярмошынай, якую прызначыў Лукашэнка, гэтыя жанчыны нікім не прызначаныя. Яны самі рызыкуюць. У гэтай гульні ёсьць стаўкі, і невядома, чым усё завершыцца.

Мы бачым, што ў іх крыху розныя галасы. Марыя Калесьнікава ў большай ступені гаворыць пра «мы», што мы разам усе з гэтым справімся. Я чытала інтэрвію, дзе яна кажа, што ёй важна займацца пашырэньнем правоў і магчымасьцяў жанчын. І раней яна гэтым займалася. Яна катэгарычна ня кажа, што сыдзе са сфэры палітыкі. Гэты імпульс, новыя вобразы, стратэгія, пазыцыя жанчын – вельмі важныя і ў фэміністычным сэнсе ў барацьбе за нашы каштоўнасьці. Я спадзяюся, што больш выразна будзе праяўляцца і прывычны фэмінісцкі парадак дня, калі размова ідзе пра гендэрную роўнасьць, пра жанчыну як субʼект, пра дапамогу жанчынам, пра праблемы жанчын.

«Уся кампанія Ганны Канапацкай пабудаваная на самадыскрэдытацыі»

– Што ня так з Ганнай Канапацкай? Яна казала і пра гендэрную роўнасьць, і пра важнасьць незалежнасьці і дэмакратыі. Але ўсё, што яна робіць, выклікае хутчэй нэгатыўную рэакцыю. А яна таксама жанчына-кандыдатка, таксама кажа пра пагрозы сваім дзецям.

Вольга Шпарага: Такое адчуваньне, што ўся кампанія Ганны Канапацкай пабудаваная на самадыскрэдытацыі. Пачынаючы зь яе заявы пра Бабарыку, калі яна проста выступіла на баку Лукашэнкі, і завяршаючы яе відэа, дзе яна крыху клаўнадай займаецца. Самадыскрэдытацыя тычыцца ўсяго – усіх яе тэзісаў, тых, хто яе падтрымлівае, тых каштоўнасьцяў, якія яна трансьлюе. Гэта складана ўспрымаць у сурʼёзным ключы. Гэта і дыскрэдытацыя гендэрнага парадку дня таксама. Усё, што яна кажа, трапляе ў сьметніцу. У тым ліку яе ўласны імідж.

Ірына Саламаціна: Ганна Канапацкая даўно ў палітыцы. У 2016-м у яе не адсочвалася ніякага гендэрнага парадку дня. Трэба аналізаваць ня толькі пол палітыка, а яго ці яе пасьлядоўнасьць і каштоўнасьці. Я спэцыяльна прачытала яе праграму. Там нічога няма пра гендэрную роўнасьць. Ёсьць фраза, што яна таксама маці і жанчына, і таму яна ведае, як мяняць у тым ліку і эканоміку. Месяц таму ў вялікім інтэрвію яна казала, што як палітык будзе змагацца з дыскрымінацыяй жанчын на рынку працы. А цяпер яе праграма нагадвае тэзісы партыі БНФ, бо ў яе ў камандзе ёсьць сябры БНФ.

Цяпер у Беларусі ўнікальная сытуацыя. Я даўно займаюся гендэрнай тэматыкай і разумею небясьпекі, калі жанчыны кажуць: давайце цяпер рэжым пераможам, а потым будзем займацца сацыяльнымі праблемамі. Я цудоўна памятаю спробы Ніны Стужынскай дамовіцца на чарговай парлямэнцкай кампаніі з кандыдатамі. Яна ўсіх сабрала ў гатэлі, расказала пра праблему раку малочнай залозы, раздала прэс-рэлізы і папрасіла хаця б каго з гэтых кандыдатаў-мужчын пры кантактах зь людзьмі агучыць праблему раку малочнай залозы.

Я там сядзела і чула, як мужчыны гаварылі – давайце мы спачатку рэжым пераможам, а потым будзем займацца вашымі сацыяльнымі праблемамі. Сёньня я тое самае чую ад кааліцыі штабоў: самае галоўнае — засяродзіцца на тым, каб перамагчы несправядлівасьць, таталітарны рэжым, забясьпечыць людзям справядлівыя выбары, а потым – за ўсё добрае. Я гэта бачу ўжо даўно і думаю пра тое, што будзе далей. Мяне таксама гэтыя жанчыны бясконца натхняюць. Я вельмі разумею, на якія рызыкі яны ідуць і якія наступствы могуць быць.

«Мы павінны іх падтрымаць, каб яны не сыходзілі»

– Усе тры жанчыны заяўляюць пра адсутнасьць палітычных амбіцый і гатовасьць у выпадку пераменаў абвясьціць новыя, справядлівыя выбары, у якіх будуць удзельнічаць кандыдаты, якіх не дапусьцілі на гэтых выбарах, і ўсе тыя, хто захоча. Ці слушна сысьці? Ці ня здрада гэта тым людзям, якія цяпер на мітынгах скандуюць «Сьвета!», бо Сьвятлана і яе паплечніцы з кожным днём набіраюцца досьведу, карэктуюць свае выступы, улічваючы патрэбы розных групаў людзей, становяцца рэальнымі публічнымі фігурамі, грамадзкімі дзеячамі.

Вольга Андрэева: Я гатовая, калі будзе неабходнасьць, нават асабіста іх падтрымліваць. Я думаю, мы павінны іх падтрымаць у іх руху, каб яны не адмаўляліся, не сыходзілі, нават калі нешта не атрымаецца, каб яны ў любым выпадку засталіся ў палітыцы. Я заўсёды гавару, што нам у Беларусі трэба дзяўчат клікаць у палітыку, трэба расьціць жанчын-палітыкаў, бо нам трэба шмат жанчын у палітыцы. Яны, можа, разбудзяць наступнае пакаленьне палітыкаў-жанчын. Трэба падтрымаць, каб яны не сыходзілі, каб яны станавіліся ўсё больш упэўненымі, падрыхтаванымі, уключаючы філязофію, сацыялёгію, псыхалёгію, разуменьне матываў людзей у палітычнай барацьбе. Магчыма, мы ад іх гэтага і чакаем.

Вольга Шпарага: Мне вельмі падабаецца ідэя Вольгі падтрымаць гэтых жанчын. Калі гэтая хваля толькі пачалася, загаварылі пра жаночы рух, узьнікненьне і ўзмацненьне яго. Калі б гэта дало імпульс жаночаму руху ў Беларусі, было б здорава. Ці заставацца ў палітыцы – гэта права і выбар жанчын. Яны – субʼекты, незалежна ад таго, чаго мы ад іх хочам і патрабуем. Гэта іх рашэньне. Я бачу, што ў іх розныя погляды. Мне больш важным падаецца, што яны паказалі новыя ўзоры, нейкіх жанчын натхнілі. Наша салідарызацыя -- і жанчын паміж сабой, і мужчын з намі -- адыграла б ролю, каб новыя жанчыны вылучаліся. Мы ведаем, што ў нашым асяродзьдзі шмат актыўных жанчын з досьведам актывізму, з працай у розных сфэрах, і ім сапраўды не хапае гэтай веры ў сябе, салідарызацыі, каб займацца палітыкай у розных сфэрах і быць лідэрамі на самым высокім узроўні.

«Маўклівая жонка моцнага кандыдата раптам пачынае праяўляць салідарнасьць у сытуацыі скрайняй несправядлівасьці»

– Я сачыла за выбарчай кампаніяй Валера Цапкалы. Вераніка заўсёды была побач, але, бадай, упершыню мы яе пачулі пасьля абʼяднаньня штабоў. Да арышту на пікетах па зборы подпісаў за Ціханоўскую заўсёды быў яе муж Сяргей, а не сама Сьвятлана. І яна стала сапраўды публічнай фігурай пасьля ягонага арышту. З Марыяй Калесьнікавай іншая сытуацыя, яна была публічным чалавекам, таленавітым арганізатарам, але на першыя ролі таксама выйшла пасьля арышту. Як вы мяркуеце, каб ня арышт Віктара Бабарыкі ды Сяргея Ціханоўскага і нерэгістрацыя Валера Цапкалы, ці адбыліся б як палітыкі і грамадзкія дзяячкі гэтыя тры жанчыны?

Ірына Саламаціна: У часе кампаніі Тацяны Караткевіч Андрэй Дзьмітрыеў таксама ўвесь час за яе гаварыў. Вераніка Цапкала, напэўна, самая цікавая гераіня. Яна сказала, што каманда яе мужа вырашыла далучыцца да каманды Сьвятланы Ціханоўскай, бо мы бачым, што прыбіраюць мужчын, самых годных кандыдатаў, і мы вырашылі абʼяднацца, каб праявіць жаночую салідарнасьць. Яна першая сказала, што ўлада баіцца жанчын, менавіта Сьвятланы, і таму мы павінны яе падтрымаць як маці і як жонку. Мне вельмі імпануе, што агучыў гэта ня муж, а яна.

Гэта і ёсьць тая інтэнцыя, калі маўклівая жонка моцнага кандыдата раптам пачынае праяўляць салідарнасьць у сытуацыі крайняй несправядлівасьці. Сьвятлана Ціханоўская была пастаўленая ў жахлівую сытуацыю. Марыя Калесьнікава казала, што было прадумана, што калі ўсіх прыбіраюць, то можна абʼяднацца. У гэтым абʼяднаньні ёсьць вельмі шмат сымпатычнага. На першым этапе, калі Кавалькова і Канапацкая ў нейкі момант абмяркоўвалі момант абʼяднаньня, мне вельмі падабалася, як яны адна адну падтрымлівалі, падкрэсьлівалі, што жанчыны паміж сабой могуць дамовіцца. І менавіта Вераніка Цапкала сказала, што яны дамовілася за 15 хвілін, што жанчынам прасьцей дамовіцца. І гэта цудоўны прыклад. Гэта вельмі цікавая кампанія, гэта вельмі яркія жанчыны.

«Кавалькова – яшчэ адзін баец у гэтым слаўным атрадзе»

Вольга Андрэева: Кавалькова не ўвайшла ў базавую групу з трох жанчын, яна каардынатарка ў абʼяднаным штабе. Яна шмат карысьці можа прынесьці на тым месцы, якое выбрала для сябе. Яна будзе разьвівацца як прафэсійны палітык. Мы будзем пра яе чуць. Яе далучэньне да абʼяднанага штабу – цудоўны прыклад. На жаль, шырока не вядома, што яна да штабу далучылася, а гэта каштоўная інфармацыя, што жанчына-палітык далучылася да абʼяднанага штабу. Гэта яшчэ адзін баец у гэтым слаўным атрадзе. І для выбарнікаў гэта вельмі важна, што яна туды прыйшла, адрозна ад Канапацкай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

  • Яны сымпатычныя маладому электарату і адпавядаюць патрэбам старэйшага пакаленьня, бо гавораць пра традыцыйныя каштоўнасьці.
  • Мы з мужчынамі ў адной лодцы, павінны змагацца за годнасьць і жанчын, і мужчын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG