Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ганна сваёй адыёзнасьцю падае нам сыгналы». Былы памочнік Канапацкай пра яе паводзіны


Ганна Канапацкая і Дзяніс Ціханенка
Ганна Канапацкая і Дзяніс Ціханенка

Дзяніс Ціханенка тры гады працаваў памочнікам Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў. У інтэрвію Свабодзе ён выказаўся пра яе паводзіны падчас прэзыдэнцкай кампаніі, патлумачыў, чаму рэгістрацыя Ціханоўскай можа быць пасткай, і назваў самага моцнага кандыдата, якога ня ў стане прыбраць з выбарчай гонкі нават сам Лукашэнка.

Сьцісла:

  • Тое, што пачало зьяўляцца на пачатку году ад імя Канапацкай, магу сьцьвярджаць амаль на 100%, гэта не яе словы і тэксты.
  • Яна цяпер знаходзіцца пад ціскам, магчыма спэцслужбаў. Адкрыта пра гэта сказаць ня зможа.
  • КДБ у 2017 годзе папярэдзіў Канапацкую, каб яна не вяла актыўнай палітычнай і самастойнай дзейнасьці.
  • Лукашэнка ўказам прабачыў запазычанасьць перад бюджэтам Пухавіцкага камбінату, частка акцыяў якога належыць Канапацкай.
  • Безь Ціханоўскага не было б ані Цапкалы, ані Бабарыкі.
  • Ціханоўскую ад самага пачатку цягнулі ў гэтую кампанію за вушы. Яе групу зарэгістравалі незаконна.
  • Ёсьць і другі спосаб, акрамя байкоту, сарваць выбары — гэта галасаваць супраць усіх.
  • Лёгікі цягнуць Ціханоўскую за вушы ў кампанію далей няма. Яе здымуць у канцы кампаніі.
  • Лукашэнка рэгістраваў Ціханоўскую не дзеля таго, каб аддаць ёй уладу 9 жніўня.

«Калі ёй і раяць, то гэта паліттэхнолягі з пагонамі»

— Вы тры гады дапамагалі Ганьне Канапацкай, калі яна была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, вялі яе сацыяльныя сеткі, дапамагалі паліттэхналягічнымі парадамі. Сёньня Ганна праводзіць ці ня самую экстравагантную кампанію, і многія не разумеюць яе мэтаў. Што пра яе стратэгію і тактыку думаеце вы?

— Тое, што адбываецца, мяне ня проста зьдзіўляе, мяне гэта абурае, як большасьць людзей, якія ў тэме. Людзі разумеюць, што гэта як мінімум вельмі дзіўныя паводзіны, асабліва ў статусе кандыдата ў прэзыдэнты.

— Чаму Ганна Канапацкая крытыкуе ўсіх апанэнтаў, акрамя Лукашэнкі, называе іх крамлёўскімі марыянэткамі?

— Яшчэ да пачатку прэзыдэнцкай кампаніі ў яе пачалі зьяўляцца дзіўныя допісы ў яе сацыяльных сетках, у прыватнасьці ў Фэйсбуку. Было відаць, што гэта піша не яна. Я зь ёй працаваў тры гады, я цудоўна ведаю, як яна гаворыць, як выказвае свае думкі. Тое, што пачало зьяўляцца на пачатку году, магу сьцьвярджаць амаль на 100%, гэта не яе словы і тэксты. Нават калі яе папрасіць паўтарыць іх, то яна ня зможа гэтага зрабіць сваімі словамі. Гэтыя складаныя выразы, з эпітэтамі, грувасткімі абаротамі, яна так не размаўляе. Гэта адразу выклікала ў мяне недавер.

— Многіх абурыла яе параўнаньне Бабарыкі з пэдафілам. На вашу думку, гэта яе словы?

— За тры гады дэпутацкай працы чагосьці падобнага я ад яе ня чуў. Яна сказала гэта на «Белсаце», але вельмі лёгка можна зразумець, калі Ганна гаворыць нейкі завучаны тэкст або фразы. Яны часта паўтараюцца ў яе інтэрвію. Гэта адна з тых фразаў, бо перад гэтым яна была ў яе на Фэйсбуку. Гэта жудаснае параўнаньне, я нават не хачу гэтага паўтараць. Я ўпэўнены, што гэта не яе самадзейнасьць.

— Ёй так раяць паліттэхнолягі?

— Калі ёй і раяць, то гэта паліттэхнолягі з пагонамі.

— Ці бачыце вы лёгіку ў стратэгіі яе кампаніі?

— Калі пачалася сама кампанія, то спачатку гэта нагадвала адлюстраваньне паводзінаў Лукашэнкі. Як паліттэхноляг, палітоляг і яе былы памочнік я бачыў, што яна капіруе паводзіны Лукашэнкі. У гэтым ёсьць акрэсьленая тэхналёгія. Супернікі-кандыдаты, асбаліва моцнага канкурэнта, пачынаюць такім чынам паўтараць яго паводзіны, разумеючы, што за ім стаяць больш крутыя тэхнолягі, то бок трэба выкарыстоўваць такія самыя спосабы, каб дасягнуць такога самага посьпеху.

Але цяпер, супастаўляючы мноства фактараў, тое, як яна сябе паводзіць у прэзыдэнцкай кампаніі, якія заявы яна робіць і які ў яе рэйтынг, я магу зрабіць выснову, што на яе ўплываюць.

— У вас ёсьць здагадкі, хто гэта можа быць?

— Яна пачала мяняцца недзе год таму. Я памятаю, як яна моцна нэрвавалася. Адбыліся пэўныя падзеі вакол яе актыўнасьцяў, тады ж прагучала і ідэя закону аб абароне і гарантыях прэзыдэнта. Па сутнасьці гэта вывад Лукашэнкі з-пад крымінальнай адказнасьці за ўчыненае на пасадзе прэзыдэнта. Я з гэтага раблю выснову, што яна цяпер знаходзіцца пад ціскам, магчыма, пад ціскам спэцслужбаў. Зразумела, што адкрыта пра гэта яна сказаць ня можа. Магчыма, яна знаходзіцца пад шантажом, і гэта праяўляецца ў такіх яе паводзінах.

— Што супраць яе могуць выкарыстоўваць і чым, на вашу думку, могуць шантажаваць?

— Часам лёгіку паводзінаў спэцслужбаў зразумець даволі складана, як і лёгіку Лукашэнкі. Я магу вам прывесьці такі прыклад. У 2017 годзе Ганна абвясьціла кампанію «Наперад, Беларусь». Чаму гэтая кампанія так хутка развалілася? Былі розныя чуткі, нешта казаў я, нешта казала і яна сама. А папраўдзе літаральна празь некалькі дзён да яе прыйшлі з КДБ. Яна сама мне пра гэта сказала адразу пасьля сустрэчы. Яе папярэдзілі, каб яна не вяла такой актыўнай палітычнай і самастойнай дзейнасьці.

— Яе дзеці за мяжой, бізнэсу ў яе няма. Чым, на вашу думку, яе могуць шантажаваць?

— У кожнага чалавека ёсьць у шафе шкілеты. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што Лукашэнка ўказам прабачыў запазычанасьць перад бюджэтам Пухавіцкага камбінату, частка акцыяў якога належыць Ганьне. Сума там была даволі вялікая — каля 10 мільёнаў даляраў. Трэба разумець, што гэта доўг за доўг. Камбінату вінаватыя былі калгасы, а камбінат вінаваты бюджэту. Гэта вынік безгападарчасьці, дзяржаўнай формы ўласнасьці. Нехта нешта скрадзе, нехта зьліе салярку, і ў выніку атрымліваюцца вялікія сумы страчаных грошай. І дзяржава ў выніку сьпісвае пазыкі. Ці за гэта Ганна адпрацоўвае, на 100% сьцьвердзіць нельга, але гэта можа мець дачыненьне да справы. Бо за бізнэс, які ў Канапацкай быў і якога цяпер няма, тут няма за што зачапіцца. Усе мы са слабасьцямі, тут няма сэнсу нават нешта прыдумляць. Маглі проста напалохаць, і чалавек потым цалкам кантралюецца.

Дзяніс Ціханенка
Дзяніс Ціханенка

«Канапацкая нават ня здолела перапісаць тэлефонны даведнік»

— Як вы паставіліся да яе блытаніны наконт сабраных подпісаў. Ці сабрала яна неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч?

— Не сабрала. Проста ЦВК атрымала палітычнае рашэньне яе рэгістраваць, вось і ўсё. Гэта было банальнае перапісваньне тэлефоннага даведніка. Але нават гэтае заданьне яна выканаць не змагла. Успомніце, калі адбылася блытаніна з колькасьцю подпісаў, то Чэрачань адразу прызнаўся, што ён здаў 106 тысяч. А Канапацкая называла то адну лічбу, то другую, і яны ніяк не сыходзіліся. Ярмошына нават жартавала з гэтага, маўляў, калі несур’ёзна падыходзіць да кампаніі, то так у іх і атрымліваецца. А гэта сьведчыць толькі пра тое, што ўсе гэтыя лічбы намаляваныя, там нічога жывога няма.

Я ведаю, што такое палітычная кампанія. Кандыдат сьпіць з гэтымі лічбамі, калі зьбірае подпісы. Каардынатары тэлефануюць да яго кожны вечар і называюць усе лічбы. Ён жыве гэтымі лічбамі, бо ад гэтага залежыць твой далейшы лёс як кандыдата. Таму гэтыя заявы пра тое, што я ня ведаю, колькі я здала, гэта поўная лухта.

— Многія крокі Канапацкай выклікаюць у публікі сьмех і становяцца мэмамі. Яна кажа, што сабрала тысячы подпісаў на БелАЗе, хаця дакумэнты сьведчаць пра адваротнае. Яна адмовілася ад дэбатаў і нарабіла сьмеху сваім тлумачэньнем. Цяпер яна не заявіла аніводнага пікету. Пра што такія рэчы сьведчаць?

— Нуль пікетаў гэта адно, але ў яе ўсяго тры давераныя асобы. З аднаго боку, мы бачым правакацыйныя і бескультурныя паводзіны, але з другога боку, за яе падпісваецца Чыгір. Гэта вельмі дзіўная кампанія. Нават калі прызнаць, што Канапацкая спойлер, то спойлеры сябе паводзяць ціха, яны не прыцягваюць да сябе ўвагу.

Можна ўявіць, што Канапацкая хайпуе, але які ў гэты сэнс, калі яе падтрымка ў раёне 1%? Нават калі мы на хвіліну ўявім, што Лукашэнка вырашыў правесьці сумленныя выбары, то нават у такіх умовах у яе няма шанцаў. Тое, што робіць Ганна, ня ўпісваецца ні ў якую лёгіку, нават у лёгіку статыста.

У мяне часам складаецца ўражаньне, што Ганна сваімі адыёзнымі паводзінамі падае нам нейкія сыгналы. Я адпрацаваў зь ёю тры гады і нічога кепскага сказаць пра яе не магу. Актыўнасьць Ганны ў парлямэнце людзям падабалася, яна зьбірала пераважна пазытыўныя ацэнкі. І тут яна рэзка разварочваецца на 180 градусаў. Гэта нелягічныя паводзіны нармальнага чалавека. Відавочна, што тут прысутнічае нейкі вонкавы фактар. Яе дзіўныя крокі я б мог параўнаць з тым, калі жартуюць: «Вы падміргніце, калі вас завэрбавалі».

— Публічна гаворыцца пра некалькі асобаў зь яе акружэньня — Ігар Лялькоў з БНФ, Міхаіл Чыгір і бацька. Ці вядома вам нешта пра яе штаб, хто туды ўваходзіць?

— Калі завяршыўся яе парлямэнцкі тэрмін, у сьнежні 2019 году, то завяршыліся і мае паўнамоцтвы як памочніка. Я ёй тады прапанаваў дапамогу, разумеючы, што яна пойдзе на прэзыдэнцкія выбары. І рух «Наперад, Беларусь» меўся быць трамплінам для яе кампаніі. У мяне былі нават пэўныя напрацоўкі для гэтай кампаніі. Я прапаноўваў зьбіраць групу праз гугл-форму, як гэта зрабіў Бабарыка, падрыхтаваць дакумэнты. Але яна ўвесь час адцягвала рашэньне, нібыта чакала нейкага сыгналу. Яе рэакцыя была нечакана рэзкай. Яна сказала не, і мы разышліся. Яна паўсюль мяне забаніла. У мяне толькі агульная інфармацыя, што на яе працуе Ігар Лялькоў і «Моладзь БНФ». Кажуць яшчэ пра нейкіх актывістаў горадзенскага АГП. Але я думаю, што большасьць сяброў групы — звычайныя статысты. Жывых іх ніхто ня бачыў, ніхто ня кажа, што ён дапамагаў нешта рабіць Канапацкай.

«Безь Ціханоўскага не было б ані Цапкалы, ані Бабарыкі»

— Давайце пагаворым пра гэтую выбарчую кампанію. Ці лічыце вы яе сапраўды ўнікальнай ў найноўшай гісторыі Беларусі, як многія кажуць і пішуць?

— Гэтая выбарчая кампанія незвычайная для Беларусі. Яна створаная за кошт нечаканасьці зьяўленьня некаторых кандыдатаў, такіх як Цапкала. Калі пра Бабарыку можна было здагадвацца, то пра Цапкалу ніхто ня мог падумаць. І Ціханоўскі, безь якога б не было ані Цапкалы, ані Бабарыкі. Ім даў старт Ціханоўскі.

— А што такога зрабіў Ціханоўскі?

— Гэта таксама тэхналёгія, якую я, дарэчы, прапаноўваў у свой час Канапацкай. Сутнасьць была ў тым, каб езьдзіць па рэгіёнах, па гарадах і праводзіць сустрэчы ў фармаце адкрытага мікрафона. Мы плянавалі, што мы будзем слухаць людзей і фіксаваць праблемы, каб потым на гэтай фактуры пабудаваць прэзыдэнцкія відэаролікі і пасланьне.

Ціханоўскі даў людзям выгаварыцца і здабыў на гэтым шалёную папулярнасьць. Гэтым трамплінам скарысталася каманда Бабарыкі, якая хутка стварыла вялікую ініцыятыўную групу і здабыла ўвагу СМІ. Улада ў такіх умовах працаваць не прызвычаілася, бо яна ў прынцыпе ня звыкла працаваць законна. Супраціўляцца сучасным паліттэхналёгіям улада проста ня ў стане. У яе ёсьць адзін надзейны спосаб гуляць у шахматы — дошкай па галаве. Спачатку выключылі Ціханоўскага, а потым Бабарыку, самых папулярных. Цапкалу выключылі спакойна, магчыма, кампрамат выявяць пазьней, Лукашэнка любіць яго трымаць. Цяпер зьявіўся аб’яднаны штаб, але я бачу ў гэтым пастку.

— Чаму? Вакол гэтых жанчын зьявіўся ажыятаж, яны правялі пасьпяховы першы пікет, і выглядае, што Ціханоўская здольная акумуляваць прыхільнікаў пераменаў вакол сябе?

— Тут працуе не папулярнасьць Ціханоўскай, а непапулярнасьць Лукашэнкі. У людзей накіпела, яны супраць улады, але гэта ня значыць, што яны за Ціханоўскую.

«Ініцыятыўную групу Ціханоўскай зарэгістравалі незаконна»

— Вы сказалі, што Ціханоўская — гэта пастка. У чым яе сэнс?

— Ціханоўскую ад самага пачатку цягнулі ў гэтую кампанію за вушы. Яе ініцыятыўную групу зарэгістравалі незаконна. Перад гэтым дзясяткам кандыдатаў пратэсту Статкевіча адмовілі ў рэгістрацыі з прычыны нядобраахвотнасьці ўдзелу ў выбарах тых асобаў, якія ўвайшлі ў склад групы. Чальцы ЦВК званілі, і людзі ім не маглі пацьвердзіць, за каго яны былі, або называлі імя Статкевіча. Гэтага ЦВК хапіла, каб ім адмовіць, бо Ярмошына разумела, што яны ідуць на выбары выключна дзеля пратэсту.

А што адбылося зь Ціханоўскай? Яна падае дакумэнты на Сяргея паводле даверанасьці. ЦВК ёй адмаўляе. На другі дзень яна прыносіць той самы сьпіс чальцоў ініцыятыўнай групы і падае яго. Гэта сьпіс Сяргея, яна не зьбірала подпісы за сябе. Гэта называецца падлог, і ЦВК на гэта заплюшчыў вочы, нават не правяраў групу. А там жа ўсе падпісаліся за Сяргея, а не за яе. Гэта на 100% левы сьпіс.

Прыгадайце, калі Сьвятлана выйшла пасьля рэгістрацыі групы. Яна нічога не камэнтавала журналістам, яна ўцякла з каменным тварам, сказаўшы толькі, што Сяргея вызвалілі. А яго ў гэты дзень, пасьля рэгістрацыі, вызваляюць з сутак датэрмінова. Гэта была ўгода. Сяргея вызвалілі ўзамен за тое, што яна зарэгістравала групу на сябе. ЦВК у той самы дзень адмовіў кандыдатам Статкевіча, але групу Ціханоўскай з ідэнтычным парушэньнем зарэгістраваў.

Ідзем далей. Апошнія выходныя збору подпісаў. Што робіць Сьвятлана? Здымае ўсе пікеты і нічога не тлумачыць, нібыта ёсьць пагроза правакацый. Гэтая фраза мне нагадала словы фігурнатаў справы аб выбуху ў менскім мэтро. Калі сьледчы спытаў у аднаго зь іх пра матыў, той адказаў: для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь. Я вельмі добра ведаю гэты раён Віцебску, адкуль тыя хлопцы, я там доўгі час жыў. Хлопцы, якія там жывуць, такіх словаў ня чулі за ўсё жыцьцё. І калі я пачуў словы Ціханоўскай, то мяне ўсяго перасмыкнула. Гэта нетыповыя словы для чалавека, які першы дзень у палітыцы. І яна зьняла ўсе пікеты. А гэта ж быў максымальны пік актыўнасьці, калі плянавалася заключная акцыя на Камароўцы. Ня думаю, што Сьвятлана зьняла гэтыя пікеты па сваёй волі, гэта быў ціск.

І трэці факт — гэта рэгістрацыя кандыдата. Ці ўспомніце вы за 26 гадоў выбараў у Беларусі, каб ЦВК зарэгістраваў кандыдатам таго, хто не запісаў у дэклярацыі дом? Гэта нонсэнс. У нас, наадварот, шукаюць зачэпку, каб цябе зьняць. Мяне ў 2016 годзе хацелі зьняць за адну акцыю беларускага прадпрыемства з 1994 году, пра якую я даўно забыў. Яны гэта адкапалі і прад’явілі. Казлова з АГП зьнялі праз тое, што ён не ўказаў нейкі гнілы мапед. А як запаролі дэклярацыю жонкі Цапкалы за непазначаныя акцыі, на якіх яна зарабіла 30 рублёў? А тут мы бачым дом, які ня ўнесьлі ў дэклярацыю.

Ну і зьвярніце ўвагу на заяву Ціханоўскай, што яна абвесьціць новыя выбары, калі пераможа. Гэта або правакацыя, або абсалютная некампэтэнтнасьць. Прапаганда за гэта цяпер можа зачапіцца. Прэзыдэнт у Беларусі выбары не прызначае, гэта робіць парлямэнт.

— Яна можа падаць у адстаўку, і тады парлямэнт будзе вымушаны прызначыць новыя выбары.

— Адстаўку ўсё роўна павінен прыняць парлямэнт. Тэарэтычна ён можа не пагадзіцца. Гэта ў Лукашэнкі ён падкантрольны. Але ў прававой Беларусі парлямэнт можа і не пагадзіцца. Гэта больш тэорыя, але трэба разумець, у якую гульню мы цяпер гуляем, на якім узроўні знаходзіцца адказнасьць тых словаў, якія мы кажам. Прапаганда цяпер можа яе размазаць. Лукашэнка заўсёды карыстаецца вобразам ворага, і цяпер такім ворагам пачнуць ляпіць Ціханоўскую. Я думаю, што менавіта таму яе і прыцягнулі ў кампанію, каб пэрсаналізаваць вобраз ворага і накіраваць усю магутнасьць прапаганды на піяр гэтага страшнага вобразу. І ў гэтую пастку залятаюць паравозам Бабарыка і Цапкала.

Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску
Пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Менску

«Ёсьць і другі спосаб, акрамя байкоту, сарваць выбары»

— І што вы лічыце ў такой сытуацыі самымі аптымальнымі паводзінамі для выбарцаў?

— Я прапаную давесьці сытуацыю да палітычнага крызісу. Гэта можа адбыцца толькі тады, калі мы зрываем выбары. У Беларусі чамусьці лічаць, што сарваць выбары можна толькі байкотам. Улада малюе яўку ў рэгіёнах да 80%. Што ёй перашкаджае зрабіць гэта і цяпер? Байкотам мы яўку не сарвём. Нават калі ніхто ня прыйдзе, яны ўсё роўна напішуць тое, што захочуць. Пры тым, што гэтым разам у нас ня будзе БДІПЧ АБСЭ. Улады зацягвалі зь іх запрашэньнем наўмысна. Але ёсьць і другі спосаб сарваць выбары — гэта галасаваць супраць усіх. Гэта прыводзіць да таго, што ніхто не набірае 50%, і выбары зрываюцца. Гэта ўжо паказьнік сілы і ціску. Калі можна мабілізаваць людзей галасаваць супраць усіх плюс назіральнікі, абарона галасоў, то гэта іншы расклад.

— А чым гэта больш эфэктыўна? Сфальсыфікаваць лічбы можна гэтак жа, як і раней, а адсутнасьць асобы, за якую людзі жадаюць галасаваць, робіць бессэнсоўным любы пратэст, бо няма за што выходзіць, калі няма чалавека.

— Ціханоўскую пакінулі, бо яна была самай слабой пасьля Бабарыкі і Цапкалы. Гэта зямля і неба, калі казаць і пра бэкграўнд, і пра харызму, і пра адукацыю. Вельмі здорава, што ў гэтых жанчын ёсьць свае вобразы, сымбалі, што яны дамовіліся за 15 хвілінаў і зрабілі тое, чаго не маглі зрабіць мужчыны. Але ў тых мужчынаў, пра якіх мы кажам, палітычны досьвед значна большы. У нас прасьцей галасаваць за кагосьці, чым супраць усіх. Але ў парлямэнцкіх выбарах, калі прыбраць праўладных, перамагае кандыдат супраць усіх. На прэзыдэнцкіх выбарах ніхто гэтага не спрабаваў.

Існуе небясьпека паўтору «апошняга тыдня», калі Ціханоўская зьняла пікеты. Уявіце сабе такі сцэнар. Заўтра пачынаецца датэрміновае галасаваньне, і Ціханоўскую здымаюць. І ўсё, няма куды павярнуць кампанію. А мы ня можам захаваць Ціханоўскую на 100%. Ёй могуць зрабіць два папярэджаньні — і канец. Гэта элемэнтарна. Калі мы зараз цалкам сыдзем у стратэгію галасаваць за Ціханоўскую, мы можам трапіць у капкан. Мы на яе накіроўваем усю агітацыю, і яе здымаюць. І што мы робім далей? Часу няма. Людзі на выбары не ідуць. А кандыдата «супраць усіх» зьняць немагчыма, забіць, немагчыма і не зарэгістраваць.

Мне кажуць, што калі не зарэгіструюць Ціханоўскую, тады мы, маўляў, пераарыентуем на «супраць усіх». Але электаральныя паводзіны так не працуюць. Гэта як «Тытанік», які немагчыма хутка спыніць.

Дый які сэнс Лукашэнку ствараць у сябе пад носам усё гэта, пікеты, мітынгі? Улада гэтага баіцца. Лёгікі цягнуць Ціханоўскую за вушы ў кампанію далей — няма. У ёй яны створаць вобраз ворага, каб аб’яднаць электарат вакол Лукашэнкі. А потым, я лічу, яны здымуць Ціханоўскую. Яны зьбяруць усіх у адным месцы і выключаць сьвет. Найхутчэй яе здымуць напрыканцы кампаніі, калі будзе пік, каб разьвярнуць людзей не ўдалося.

Людзі прыйдуць на ўчасткі, а там проста насупраць яе прозьвішча — слова «выбыла». Таму я лічу, што павінна абгаворвацца магчымасьць запаснога варыянту, галасаваць у такім выпадку супраць усіх. А потым трэба абараняць галасы.

— А як можна абараніць галасы?

— Я прапанаваў ідэю Цэнтральнай электроннай камісіі, каб сфатаграфаваць бюлетэнь і выкласьці яго ў інтэрнэт, у гугл-форму ці ў воблака. Гэта ня проста задосіць або заблякаваць. Ёсьць розныя ініцыятывы, і яны могуць працаваць паралельна. Мы канцэнтруем людзей, бачым, колькі людзей за каго прагаласавала. Калі мы зьбяром электронна больш, чым некалькі адсоткаў, якія нам напішуць, то мы ўсе пабачым падман. Уявіце: нам напішуць 4%, а мы набяром празь лічбавыя формы ў разы больш. Асабіста я за варыянт здымку бяз пашпарта, бо ня кожны захоча на такое ісьці. Важна атрымаць бюлетэнь і падмацаваць яго сваёй электроннай поштай. Нам не патрэбны нават 100% нашых прыхільнікаў. ЦВК можа напісаць Ціханоўскай 3%, гэта 210 000 выбарнікаў, А мы атрымаем 500 000 бюлетэняў, то бок фальсыфікацыя даказаная, мы маем доказ таго, што нас падманулі. Нам важна паказаць не электаральную большасьць, а больш таго, што нам намалююць. Калі нам намалююць 5%, то мы зьбіраем 6% выбарнікаў і гэтага дастаткова, каб абвясьціць выбары сфальсыфікаванымі. Тым больш, што Ярмошына заявіла, што рабіць фота і выкладаць законна, абы не выкладаць да 20:00. Людзі ня могуць стрываць падман.

Гэта можа прывесьці да палітычнага крызісу, ён патрэбны дзеля таго, каб палітычна ціснуць на ўладу, каб пачаць перамовы. Бо сёньня прыхільнікі Ціханоўскай упэўненыя ў перамозе і ўжо думаюць пра рэформы, але ня пройдзены важны бар’ер.

Іншая скрайнасьць — трэба выходзіць на вуліцу. Так, гэта трэба будзе рабіць, але ў Беларусі паўмільёна людзей ня выйдзе, а значыць, і міліцыя ня пяройдзе на бок людзей. Трэба шукаць залатую сярэдзіну. Трэба ствараць палітычны крызіс, які прывядзе да перамоваў, трэба прымусіць уладу з намі лічыцца.

— Аб’яднаньня штабоў улада наўрад ці чакала. Ці супольная праца некалькіх кандыдатаў у стане парушыць сцэнар улады?

— Стратэгія і тактыка Сяргея Ціханоўскага была пабудаваная на адваротным працэсе. Ён казаў, што ня будзе нават рэгістравацца, калі на выбарах будзе Лукашэнка, а лічыць будзе Ярмошына. Вось апублікавалі заяўкі на масавыя мерапрыемствы. У Ціханоўскай іх менш, чым у Дзьмітрыева. Як такое магчыма? Акрамя Лукашэнкі, у закрытых памяшканьнях, у школах, ДК, якія нам даюць бясплатна, толькі Дзьмітрыеў у Віцебску адну сустрэчу арганізаваў. Як такое можа быць?

Я веру ў сілу аб’яднаньня, я за, але ў мяне ўнутранае перакананьне, што гэта як злы рок — яно адбылося, і яно нас прывядзе ў пастку. Так, мітынг на Бангалоры быў клясны, але 8 тысяч для Менску гэта мала. 10% выбарнікаў — гэта 700 000 чалавек. Ёсьць пэўныя схемы, колькі павінна выйсьці на вуліцу, каб за цябе прагаласавала столькі і столькі. Каб сабраць 10% галасоў выбарнікаў, трэба сабраць на вуліцы 30 тысяч чалавек. У нас вельмі завышаныя чаканьні. Я гэта перажыў пасьля таго, як Канапацкая прайшла ў парлямэнт. Людзі пісалі лісты з усёй краіны, я 1,5 года разьбіраў звароты грамадзян. Я нават ня мог заняцца іншымі справамі. Вялізная маса людзей гарыць перамогай, але ў нас няма мэханізму гэтай перамогі. Мы нават тое, што ёсьць, ня можам нармальна выкарыстаць.

Лукашэнка рэгістраваў Ціханоўскую не дзеля таго, каб аддаць ёй уладу 9 жніўня. І наіўна лічыць, што нават калі нас будзе большасьць, то Лукашэнка падыме рукі і здасца 9 жніўня. Мы мусім загадзя прадугледзець крокі, якія трэба рабіць пасьля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG