Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі, ёсьць параненыя. Людныя пратэсты былі ва ўсіх абласных цэнтрах, шэрагу буйных гарадоў


Пратэстовец у Менску, ноч на 10 жніўня

Вечарам 9 жніўня, пасьля заканчэньня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, каля стэлы «Менск — горад-герой» сабраліся групы людзей, каб выказаць сваё незадавальненьне несумленнай, на іх думку, выбарчай кампаніяй. Іх сустрэлі праваахоўнікі, якія спрабавалі разагнаць пратэст, ужывалі розныя спэцсродкі — у тым ліку сьвятлашумавыя гранаты і вадамёты. Шматлюдныя пратэсты, сутычкі і затрыманьні адбыліся таксама ва ўсіх абласных цэнтрах і шэрагу буйных гарадоў.

Агульную колькасьць пратэстоўцаў цяжка ацаніць — яны не былі цэнтралізаваныя, былі расьсеянымі па розных месцах у Менску, пратэсты ў розны час адбываліся ў розных гарадах. Ад раніцы 9 жніўня, у тым ліку падчас пратэстаў, практычна адсутнічаў доступ да сацыяльных сетак і мэсэнджэраў, былі праблемы з доступам да інтэрнэту на вуліцах.

А 2-й гадзіне ночы 10 жніўня прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава паведаміла Свабодзе, што несанкцыянаваныя акцыі «яшчэ ня скончаныя», таму падлічыць затрыманых яна яшчэ ня можа. Зарыманні сапраўды працягнуліся і пасьля таго.

У шпіталі хуткай дапамогі Свабодзе сказалі, што ня могуць назваць колькасьць параненых — спаслаліся на адсутнасьць кіраўніцтва. Сьведкі кажуць, што бачылі ня менш за 10 параненых.

Цягам хваляваньняў у Менску адбылося некалькі арганізаваных разгонаў з выкарыстаньнем дручкоў і шчытоў, сьвятлашумавых гранатаў, вадамётаў і іншых спэцсродкаў. Карэспандэнты бачылі некалькіх параненых. На вачах карэспандэнтаў Свабоды выкарысталі ня менш за 10 сьвятлошумавых гранатаў

Паводле сьведкаў, адна машына канвойнай службы ўнутраных войскаў, шэры аўтазак, пад’ехала да натоўпу пратэстоўцаў ззаду — тыя яе абступілі, каб не прапусьціць, але кіроўца толькі паскорыўся. Некаторыя пратэстоўцы не пасьпелі адскочыць і былі параненыя. У машыне пратэстоўцы разьбілі шыбы. Адзін з пратэстоўцаў зачапіўся за дворнікі машыны — тая правезла яго паўтара дзясятка мэтраў, рэзка затармазіла і скінула, той упаў, ударыўшыся галавой.

Паводле падлікаў карэспандэнтаў Свабоды, толькі каля стэлы ў Менску было прыблізна 3000 чалавек, але людзі былі і на вуліцах паблізу — яны не маглі трапіць да стэлы празь блякаваньне. На праспэкце Машэрава пратэстоўцы спрабавалі сабраць барыкады з падручных сродкаў, адбіваліся ад атакаў АМАП. Як назіраў карэспандэнт Свабоды, калі вадамёты рушылі натоўп дэманстрантаў, іх спыніў звычайны маршрутны гарадзкі аўтобус, які перагарадзіў дарогу, што дало пратэстоўцам магчымасьць уцячы.

Бяляцкі: пратэст быў хаатычны і без адзінага цэнтру, сілы былі няроўныя

Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў 60 прозьвішчаў затрыманых у часе разгону. Паводле праваабаронцаў, у дзень выбараў былі затрыманыя прынамсі 120 чалавек.

Як кажа старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, праз праблемы з сувязьзю і раздробленасьці акцыяў немагчыма сабраць поўную інфармацыю пра колькасьць затрыманых. Ёсьць сьведчаньні, што затрыманыя журналісты.

Бяляцкі асабіста назіраў падзеі ў Менску. Ён заявіў Свабодзе: на ягоную думку, дэманстранты ня мелі адзінага кіроўнага цэнтру, дзейнічалі групамі, але хаатычна. Міліцыя ўжыла супраць іх «увесь спэктар наяўных спэцсродкаў, што было празьмерным: сілы былі няроўнымі».

Адзін з пратэстоўцаў, 35-гадовы Аляксандар, распавёў Свабодзе, што ў адрозьненьне ад папярэдніх акцыяў, дэманстранты адбіваліся, адбівалі затрыманых паплечнікаў, спрабавалі стварыць барыкады. На яго думку, людзей справакавала на пратэсты тое, што «гэта ня выбары, а фальсыфікацыя, злачынства, зьдзек з народу». Ён думае, што колькасьць галасоў за Лукашэнку ў некалькі разоў завысілі, за Ціханоўскую — занізілі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG