Першыя людныя пікеты за Лукашэнку прайшлі ў Пінску, дзе не далі месца Ціханоўскай. ВІДЭА

Мітынг-канцэрт за Аляксандра Лукашэнку ў Пінску, 2 жніўня. Фота: Павал Куніцкі, Tut.by
Мітынг-канцэрт за Аляксандра Лукашэнку ў Пінску, 2 жніўня. Фота: Павал Куніцкі, Tut.by

На выходных, 1 і 2 жніўня ў Пінску прайшлі перадвыбарчыя пікеты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Раней, адзначае Tut.by, пікетаў у горадзе не дазволілі кандыдатцы Сьвятлане Ціханоўскай — адзінае месца для агітацыі было занята пікетамі за Лукашэнку.

Выданьне «Мэдыя-Палесьсе» зрабіла відэарэпартаж зь пікетаў у падтрымку Лукашэнкі. Сам кандыдат на іх не прыяжджаў.

Як адзначае Tut.by, пляцоўку ў парку культуры і адпачынку занялі пікетамі ў падтрымку Лукашэнкі кожны дзень ад 24 ліпеня да 8 жніўня, з 8 раніцы да 10 вечара. Пляцоўку зарэзэрвавала давераная асоба Лукашэнкі Тацяна Лугіна. Мясцовыя ўлады прапануюць прыхільнікам Ціханоўскай дамаўляцца зь ёй пра магчымасьць агітацыі на адзінай дазволенай у горадзе пляцоўцы, але кантактаў не даюць, як не даюць і іншай пляцоўкі.

Да 1 жніўня пляцоўку не выкарыстоўвалі пад пікеты або іншыя імпрэзы перадвыбарчай кампаніі. Мітынгі-канцэрты 1 і 2 жніўня не анансаваліся ў інтэрнэце.

Гэтыя імпрэзы сталі фактычна першымі люднымі вулічнымі акцыямі ў падтрымку Лукашэнкі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў. Ранейшыя пікеты за Лукашэнку былі бязьлюднымі, але давераныя асобы Лукашэнкі праводзілі сустрэчы з выбарнікамі ў закрытых памяшканьнях.

Паводле Tut.by, на канцэрт у нядзелю асноўная маса людзей прыйшла каля 17 гадзінаў — гэта былі мэдыкі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацыяў. Некаторым зь іх там давалі ганаровыя граматы і лісты падзякі. Усе апытаныя сьцьвярджалі, што прыйшлі дабраахвотна.

На акцыі ў нядзелю выступіла і Тацяна Лугіна, але за час выступу не назвала імя чалавека, за якога агітавала, і на пытаньні наведнікаў ня стала адказваць — пакінула сцэну адразу пасьля выступу, на якім заклікала пайсьці на ўчасткі і «зрабіць слушны выбар».

​
XS
SM
MD
LG