8 тысяч чалавек, няспынныя авацыі: мітынг Ціханоўскай у Баранавічах

абноўлена
Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Ціханоўская ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Сьвятлана Ціханоўская ў Горадні

На мітынгу кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай 2 жніўня ў Баранавічах яшчэ да пачатку мітынгу сабраўся натоўп людзей.

Сьвятлану Ціханоўскую і прадстаўніц аб'яднанага штабу Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу жыхары Баранавіч сустрэлі гучнымі авацыямі, пад песьню «Разбуры турмы муры», якая традыцыйна гучыць на ўсіх пікетах Сьвятланы Ціханоўскай.

На сцэне «тройцу» сустрэў «хлебам-сольлю» баранавіцкі грамадзкі актывіст Мікалай Чарнавус: ён прыйшоў зь вялікім караваем і пажадаў ім здароўя, посьпехаў і каб Ціханоўская «набрала 76 працэнтаў, а 24 ужо пакінем ім». Людзі сустрэлі гэтыя словы дружным сьмехам.

Сьвятлана Ціханоўская пачала выступ з таго, што павіншавала беларускую «крылатую пяхоту» зь 90-годзьдзем Паветрана-дэсантных войскаў і дадала, што беларусы вельмі хочуць паважаць сваё войска: «Паступіце так, каб мы вамі ганарыліся», — сказала яна. Людзі на гэта закрычалі ёй «малайчына!»

Падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай увесь час гучаць авацыі: людзі скандуюць «дзякуй!», «малайчына!»

Праваабаронцы «Вясны», паводле стану на 11.10, налічылі больш за 7400 прысутных на мітынгу ў Баранавічах. У 11.20 праваабаронцы скончылі назіраньне, агулам яны налічылі на мітынгу 8 тысяч чалавек.

Мітынг дазволены мясцовай уладай і праходзіць у мясцовым парку культуры і адпачынку імя 30-годзьдзя ВЛКСМ на вуліцы Камсамольскай.

Раней опэрная спявачка Маргарыта Ляўчук паведаміла ў Фэйсбуку, што будзе сьпяваць на пікетах Ціханоўскай у яе родным горадзе Берасьці, а таксама ў Баранавічах, разам зь піяністам Канстанцінам Гарачым.

31 ліпеня і 1 жніўня Ціханоўская разам з прадстаўніцамі аб’яднанаг штабу ўжо пабывала ў Смаргоні, Маладэчна, Лідзе, Горадні, Ваўкавыску і Слоніме.

​
XS
SM
MD
LG