Юры Ўласаў, давераная асоба кандыдаткі ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай, атрымаў адказ ад выканкамаў, што агітаваць на пікетах у Гомельскай вобласьці можна толькі ці раніцай (з 8 да 12) ці пад ноч (з 21 да 22).
Паводле Ўласава, вусна яму патлумачылі, што астатні час заняты даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі.
Давераная асоба прэзыдэнта ў Гомлі — гэта генэральны дырэктар ААТ «Спартак» Алег Жыдкоў. Выбарчае заканадаўства дазваляе, каб на адной пляцоўцы агітавалі і два, і тры кандыдаты — пры ўмове, што яны дамовяцца паміж сабой. Але давераныя асобы Ціханоўскай так і не знайшлі Алега Жыдкова.
«На „Спартаку“ сказалі, што ён у адпачынку, і не далі ягоны тэлефон. У гарвыканкаме сказалі, што самі яны ня здолелі пакуль зьвязацца зь ім», — кажа Свабодзе давераная асоба Ціханоўскай Юры Ўласаў.
У сераду на дзьвюх з трох дазволеных у Гомлі пляцовак для агітацыі па стане на 16.30–17.00 пікетаў не было. Супрацоўнікі стадыёну «Лякаматыў» ня чулі пра пікеты, як і работнікі Цэнтру інклюзіўнай культуры.