«Пікеты праводзіць ня мае сэнсу». Ганна Канапацкая сустракаецца з калектывам птушкафабрыкі ў Столінскім раёне

абноўлена
Ганна Канапацкая на сустрэчы з калектывам птушкафабрыкі «Заходняя» ў Столінскім раёне
Ганна Канапацкая на сустрэчы з калектывам птушкафабрыкі «Заходняя» ў Столінскім раёне

Кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая пачала сустрэчы з працоўнымі калектывамі.

Сёньня яна сустракаецца з калектывам птушкафабрыкі «Заходняя» ў Столінскім раёне. Яшчэ заплянавала два прадпрыемствы ў Пінску, якія пакуль у штабе не называюць. Гэтую інфармацыю Радыё Свабода паведамілі ў штабе кандыдаткі.

На сустрэчу, якая праходзіла на тэрыторыі птушкафабрыкі, прыйшлі прыблізна 50 чалавек.

Давераная асоба Ганны Канапацкай Ігар Лялькоў сказаў Свабодзе, што сустрэча працягвалася гадзіны паўтары. Ганна Канапацкая прадставіла работнікам птушкафабрыкі тэзісы сваёй праграмы, найперш тыя, якія тычацца эканамічных зьменаў.

«Гэта прыватная птушкафабрыка, таму якраз тут можна бачыць, як можа разьвівацца прыватны бізнэс у Беларусі. У прадпрыемства ёсьць праблемы: няма роўнага доступу да гандлёвых сетак, існуе лабіраваньне інтарэсаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Таксама ішла размова пра тыя рэформы, якія спадарыня Ганна прапануе ў сфэры сям’і, уздымалася пытаньне прыватнай уласнасьці на зямлю», — сказаў Ігар Лялькоў.

Ганна Канапацкая, яе давераная асоба Ігар Лялькоў (справа) і дырэктар птушкафабрыкі «Заходняя» Леанід Пыталь
Ганна Канапацкая, яе давераная асоба Ігар Лялькоў (справа) і дырэктар птушкафабрыкі «Заходняя» Леанід Пыталь


У штабе Канапацкай паведамілі, што разаслалі 52 заяўкі на сустрэчы з працоўнымі калектывамі на прадпрыемствах. Аднак гэтыя сустрэчы не анансуюцца, на іх пакуль не запрашалі журналістаў, бо «дамоўленасьці вісяць на валаску».

«Некалькі прадпрыемстваў пагадзіліся арганізаваць нам сустрэчы. Яны пройдуць на тэрыторыі прадпрыемстваў, таму няма сэнсу заклікаць жыхароў прыходзіць туды. Піяр нам не патрэбен, анансаваць ня бачу сэнсу, — сказала прадстаўніца штабу Тацяна Палякова. — Бо, напрыклад, мы прыехалі на птушкафабрыку ў Столінскім раёне, і дырэктар нам кажа, што было негалоснае распараджэньне трымацца далей ад кандыдатаў, ад іх перадвыбарчых кампаній, і сустрэчы не арганізоўваць. У нас ёсьць яшчэ некалькі прадпрыемстваў на наступным тыдні. Калі мы праанансуем, я не ўпэўнена, што іх не адменяць».

Паводле Тацяны Паляковай, для Ганны Канапацкай задача нумар адзін — сустрэчы з выбарнікамі. І яна плянуе да выбараў трапіць на ўсе прадпрыемствы, куды яе пусьцяць, нават калі гэтыя прадпрыемствы невялікія.

«У нас агітацыйная кампанія крыху „офісная“, з народам зносін няма, і гэта наша адзіная магчымасьць, якую мы хочам выкарыстаць. Калі ўдасца наведаць 7-8 прадпрыемстваў да выбараў, гэта будзе цудоўна, — сказала Тацяна Палякова. — Пікеты праводзіць няма сэнсу, мы гэта зразумелі пасьля ўчорашняй сустрэчы ў ЦВК, дзе нам заявілі, што ня могуць гарантаваць бясьпекі. Заклікаць людзей прыходзіць, як іншыя кандыдаты, мы ня можам. У Ганны Канапацкай няма аховы, яна вольна, адна перамяшчаецца па горадзе».

Пазьней 31 ліпеня Ганна Канапацкая паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра тое, што яна сустрэлася таксама зь кіраўніцтвам «Пінскгазу».

​
XS
SM
MD
LG