Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК паабяцала пускаць назіральнікаў на няпоўны дзень, каб больш ахвочых трапілі на ўчасткі


Падлік галасоў на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў. Менск, 2018 год

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала 27 ліпеня тлумачэньне аб тым, як зьбіраюцца пускаць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ва ўмовах абмежаваньня іх колькасьці. Прыярытэт усё роўна застаецца ў назіральнікаў, якіх акрэдытавалі раней. Але могуць на паўдня пусьціць і іншых.

«У сувязі са шматлікімі запытамі аб парадку ўжываньня палажэньня выбарчага заканадаўства аб абмежаваньні колькасьці прысутных назіральнікаў» ЦВК тлумачыць, што стварае графікі для назіраньня за датэрміновым галасаваньнем і галасаваньнем у асноўны дзень, 9 жніўня.

Схему абяцаюць такую:

  • Тэлефануюць акрэдытаваным назіральнікам у парадку, якім іх акрэдытавала ўчастковая камісія, калі ахвочых назіральнікаў зьбіраецца больш за «квоту» (тры на датэрміновае, пяць у асноўны дзень).
  • Першым тром для датэрміновага галасаваньня і першым пяці для асноўнага прапануюць выбраць зручныя ім даты і пэрыяды. Што застанецца, аддадуць наступным назіральнікам.
  • На датэрміновым галасаваньні прапануюць два пэрыяды на 4–8 жніўня: з 10 да 14 і з 16 да 19 гадзінаў, у асноўны дзень 9 жніўня — ад 8 да 15 і ад 15 гадзінаў да канца падліку галасоў.

У тлумачэньні ЦВК не гаворыцца пра нейкі абавязак пусьціць усіх назіральнікаў або пра парадак вырашэньня спрэчак, калі кагосьці не дапусьцяць.

Раней праваабаронцы заяўлялі, што абмежаваньне колькасьці назіральнікаў вядзе да таго, каб не пусьціць на ўчасткі незалежных назіральнікаў, а толькі праўладных. ЦВК адказвала, што падставаў для адмены рашэньня няма, бо ў краіне ўсё яшчэ выяўляюць хворых на COVID-19. У інтэрнэт тым часам трапіла аўдыёзапіс, на якім жанчына дае парады, як назіраць на выбарах — што рабіць, каб не дапусьціць на ўчастак незалежных назіральнікаў.

На момант публікацыі вядома, колькі назіральнікаў акрэдытавалі на 20 ліпеня: тады было 42 856 чалавек агулам, зь іх 73%, прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў, зь якіх большасьць праўладныя.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG