Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вам няма месца», — полацкія чыноўнікі правялі інструктаж для назіральнікаў


Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў на выбарчым участку

Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» выставіў аўдыёзапіс з трэнінгу, дзе жанчына дае парады, як назіраць на выбарах — напрыклад, што рабіць, каб не дапусьціць на ўчастак незалежных назіральнікаў, і як паводзіць сябе падчас падліку галасоў.

Свабода пагаварыла са старшынём Полацкай раённай выбарчай камісіі.

«Вам няма месца», бо «хто першы ўстаў, таго і тапкі»

Цэнтравыбаркам абмежаваў колькасьць назіральнікаў на ўчастках для галасаваньня — да трох у дні датэрміновага галасаваньня, да пяці — у асноўны дзень, 9 жніўня.

Крыніца, якая распаўсюдзіла аўдыёзапіс, сьцьвярджае, што на ім галасы старшыні Полацкага прафсаюзу працаўнікоў адукацыі і навукі Марыны Пашкевіч і намесьніцы загадчыка аддзелу ідэалёгіі Полацкага райвыканкаму Вольгі Сапун. Свабодзе не ўдалося зьвязацца зь імі — працоўныя тэлефоны не адказваюць, мабільныя таксама. Спадарыня Пашкевіч пацьвердзіла парталу Tut.by, што вучоба для назіральнікаў была, аднак запіс, сказала яна, фэйкавы.

Два полацкія настаўнікі, якія ведаюць прафсаюзную лідэрку, пацьвердзілі, што на аўдыёзапісе голас Марыны Пашкевіч.

«Раніцай прыйшлі трое — проста вызначыліся загадзя, хто гэта будзе... Калі ня будзе пабочных, адчынілі ўчастак, адзін застаецца, двое сышлі. Назіральнікі, якія былі раніцай, пакіньце на месцы якія-небудзь свае рэчы — нататнік, асадку, аркуш, каб камісія магла сказаць назіральніку, які прыйдзе і захоча папрысутнічаць на ўчастку: „У нас трое назіральнікаў. На жаль, вы ня можаце папрысутнічаць. Вам няма месца“, — кажаце вы. І ён проста абавязаны будзе выдаліцца», — кажа жанчына, голас якой, па словах суразмоўцаў Свабоды, падобны да голасу Марыны Пашкевіч.

«Хачу крыху вас засмуціць: пайшлі назіральнікі акрэдытоўвацца шляхам збору подпісаў»

На запісе гучыць імя і імя па бацьку райвыканкамаўскай чыноўніцы Вольгі Баляславаўны (Сапун). Яна тлумачыць, ці можа ў сельскай мясцовасьці замяніць назіральніка старшыня сельсавету.

«Замяніць назіральніка ён можа. У сельскай мясцовасьці ўчасткі разьмешчаныя ў сельскіх саветах, таму яму прасьцей», — упэўнена кажа спадарыня Сапун.

Марына Пашкевіч выказвае жаль, што багата назіральнікаў акрэдытоўваецца праз збор подпісаў. І зноў дае параду, як рэгуляваць іх прысутнасьць.

«Хачу крыху вас засмуціць: пайшлі назіральнікі акрэдытоўвацца шляхам збору подпісаў. З учорашняга дня. На сёньняшні дзень акрэдытаваныя на 8, 9 і 6 участках. З учорашняга дня і да пачатку датэрміновага галасаваньня яны пойдуць і пойдуць. Камісія ня мае права іх не акрэдытоўваць. Абмежаваньне рэгулюем мы з вамі. Але вы акрэдытаваныя першымі, маеце перавагу над іншымі», — кажа Марына Пашкевіч.

Удзельнікі трэнінгу пытаюцца, як назіральнікі павінны паводзіць сябе пры падліку галасоў, ці павінны там быць усе 5 назіральнікаў.

«Што тычыцца падліку галасоў — там трэба дзейнічаць па сытуацыі. Адказны назіральнік павінен паводле інструкцыі быць як бы на падліку галасоў, але гэты момант рэгулюе адказны назіральнік ад выканкаму сумесна са старшынём камісіі. Калі вам скажуць: „Дзякуй, ваша місія выкананая“, — вы павінны сысьці», — кажа Марына Пашкевіч.

«Мне таксама незразумелыя словы, сказаныя спадарыняй Пашкевіч», — старшыня раённай выбарчай камісіі

Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю старшыню Полацкай раённай выбарчай камісіі Лёдзія Лысёнка. Ён працуе намесьнікам дырэктара «Полацакводаканалу».

«Я не працую ў райвыканкамаўскіх структурах, а на прадпрыемстве. Што яны паміж сабой абмяркоўваюць — не зусім разумею. Пашкевіч ніякага дачыненьня да выбарчай камісіі ня мае. Яна зьяўляецца назіральнікам. Так, нашы сябры камісіі казалі, што такі запіс гуляе ў інтэрнэце.

Мне таксама незразумелыя словы, якія былі сказаныя спадарыняй Пашкевіч», — кажа старшыня Полацкай раённай выбарчай камісіі.

Ён спасылаецца на артыкул 13 Выбарчага кодэксу, які гарантуе ўсім назіральнікам правы і абавязкі, а таксама аднолькавае стаўленьне да ўсіх.

«Мы казалі ўчастковым камісіям, што незалежна ад таго, якія назіральнікі — праўладныя ці ад апазыцыі, вы да ўсіх павінны ставіцца аднолькава і ўсіх дапускаць для назіраньня», — запэўнівае Свабоду Лёдзій Лысёнак.

І наракае, што пастанова, якую прыняла Цэнтральная выбарчая камісія, для яго як для старшыні камісіі не зусім зразумелая.

«Я разумею, ёсьць абмежаваньне: 5 назіральнікаў у дзень выбараў і 3 назіральнікі ў дзень датэрміновага галасаваньня. Але мне не зразумела, што значыць — па чарзе акрэдытацыі. Маўляў, першыя тры акрэдытаваныя маюць перавагу. Але што рабіць, калі з гэтых трох хтосьці ня зьявіцца, што рабіць, калі хтосьці зь іх раней сыдзе — чацьвёртага, пятага, шостага дапускаць? Незразумела, ці дапускаць давераных асобаў кандыдатаў, дэпутатаў», — Лёдзій Лысёнак зьбіраецца задаць гэтыя пытаньні Віцебскай абласной камісіі і ЦВК.

Скептычна выказаўся ён пра парадак, вызначаны ЦВК: што перавага трапіць на ўчастак у таго назіральніка, які раней акрэдытаваны. Кажа, што лепш вызначыць чаргу — у адзін дзень адны назіральнікі прысутнічаюць на ўчастку, у другі — іншыя, тады менш было б домыслаў і падазрэньняў.

Што да прысутнасьці назіральнікаў пры падліку галасоў і заявы спадарыні Пашкевіч: «Калі вам скажуць: „Дзякуй, ваша місія выкананая“, — вы павінны сысьці», — старшыня раённай камісіі выказаўся так:

«Што да падліку галасоў, камісія будзе падлік весьці ў прысутнасьці назіральнікаў — гэта я вам адказна гавару. Пакуль не абвесьцяць вынікі і пакуль назіральнікі не перапішуць сабе гэтыя вынікі. Ніхто іх выганяць ня будзе», — запэўніў Лёдзій Лысёнак.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG