Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты працэс», — заява «Права выбару» пра зьмяншэнне колькасьці назіральнікаў


Падлік галасоў вачыма назіральніка, 2016 год

Кампанія «Права выбару», якая аб’ядноўвае шэраг апазыцыйных партыяў і грамадзянскіх структураў, апублікавала 22 ліпеня заяву-рэакцыю на рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі скараціць колькасьць назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Згодна з прапановай старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у асноўны дзень галасаваньня колькасьць назіральнікаў абмяжуюць да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі. Падчас датэрміновага галасаваньня на выбарчыя ўчасткі пусьцяць ня больш за трох назіральнікаў адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

Кампанія «Права выбару» заявіла, што пастанова «супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноватворным прынцыпам правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў».

«Сваім рашэньнем Цэнтральная камісія практычна пазбаўляе магчымасьці незалежных назіральнікаў, вылучаных грамадзянамі і дэмакратычнымі арганізацыямі, назіраць за правядзеньнем галасаваньня і падлікам галасоў, — гаворыцца ў заяве. — Улічваючы той факт, што прадстаўнікі дэмакратычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў, а таксама вылучаныя грамадзянамі не былі дапушчаныя ў склад участковых камісіяў, абмежаваньне колькасьці назіральнікаў азначае, што ў Беларусі выбары ператвараюцца ў цалкам закрыты, негалосны працэс».

Кампанія прапануе скасаваць пастанову аб абмежаваньні колькасьці назіральнікаў, патрабуе апублікаваць сьпіс акрэдытаваных назіральнікаў, якія былі «масава акрэдытаваныя ў першыя дні працы выбарчых камісіяў».

Рашэньне аб абмежаваньні назіраньня Ярмошына тлумачыла пандэміяй каранавірусу і «ціскам» на выбарчыя камісіі з боку назіральнікаў.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

«Выбары 9 жніўня праходзяць у пэрыяд летніх вакацыяў, — кажа нацыянальны каардынатар «Права выбару», сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. — Гэта значыць, што ўсе памяшканьні актавых заляў, спартзалі ва ўстановах адукацыі, дзе традыцыйна арганізоўваецца галасаваньне, пустуюць. Таму пастанова Цэнтральнай камісіі абсалютна надуманая і не абгрунтаваная захадамі бясьпекі, зьвязанымі з эпідэміяй каранавірусу».

Ён прапануе зладзіць датэрміновае і асноўнае галасаваньне ў актавых і спартовых залях, а таксама ў намётах на вуліцы — там можна будзе зьмясьціць усіх ахвочых назіральнікаў.

«Цалкам відавочна, што рашэньне Цэнтральнай камісіі — гэта рэакцыя на велізарную колькасьць незалежных назіральнікаў, якія вылучаюцца ў гэтым годзе, — мяркуе Рымашэўскі. — Мы заклікаем людзей не адмаўляцца ад назіраньня і працягваць вылучацца ў якасьці назіральнікаў. У выпадку, калі будуць незаконныя адмовы ў магчымасьці назіраньня, мы будзе складаць скаргі і ў законным парадку абскардзіць гэтыя рашэньні».

Калі ж незалежных назіральнікаў пазбавяць права назіраньня за выбарамі, дадае ён, кампанія будзе патрабаваць прызнаньня выбараў незаконнымі і правядзеньня новых выбараў адпаведна стандартам АБСЭ.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG