Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў заклікаў кандыдатаў аспрэчваць у судзе рашэньне ЦВК аб абмежаваньні колькасьці назіральнікаў


Андрэй Дзьмітрыеў

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў усіх альтэрнатыўных кандыдатаў аспрэчыць у судзе рашэньне Цэнтравыбаркаму абмежаваць колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках падчас галасаваньня.

«ЦВК прыняў рашэньне абмежаваць колькасьць назіральнікаў на ўчастку пяцьцю. Фармальная нагода — „пераможаны“ каранавірус. (...) Гэта рашэньне супярэчыць Выбарчаму кодэксу. Я заклікаю ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў аб’яднаць намаганьні ў барацьбе за наша права кантраляваць падлік галасоў. Трэба ісьці ў суд. Мы гатовыя», — напісаў Дзьмітрыеў у «Фэйсбуку».

Ён таксама накіраваў у ЦВК прапанову аддаваць прыярытэт назіральнікам, якія прадстаўляюць кандыдатаў у прэзыдэнты — па адным на ўчастак, бо дазволеных назіральнікаў усяго 5 і кандыдатаў у прэзыдэнты таксама 5, ён прапануе праводзіць акрэдытацыю «па формуле 5×5». Згодна з прапановай Дзьмітрыева, кожны кандыдат можа назваць арганізацыю, ад якой будуць яго назіральнікі.

«І апошняе: давераныя асобы кандыдатаў могуць назіраць за хадой выбараў без акрэдытацыі. У кожнага кандыдата іх 30. Значыць, што ў нас ёсьць мінімум 120 чалавек, якіх трэба скаардынаваць у назіраньні на розных участках. Давайце разам дамагацца, каб Беларусь выбрала новага прэзыдэнта», — напісаў Дзьмітрыеў.

22 ліпеня ЦВК прыняў пастанову, якой абмяжоўваецца колькасьць назіральнікаў на ўчастках падчас галасаваньня. У асноўны дзень галасаваньня прапануецца зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла абмежаваньне колькасьці назіральнікаў «фізычнай і эпідэмічнай бясьпекай».

Па стане на 20 ліпеня ЦВК акрэдытавала ў нацыянальныя назіральнікі 42 856 чалавек агулам, 3436 — за апошні тыдзень. 31 186 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, па-ранейшаму прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў, зь абсалютная большасьць — праўладныя.

Ад апазыцыйных партыяў — 4 назіральнікі (ад партыі БНФ 2, па адным ад Беларускай партыі «Зялёныя» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Беларускі Хэльсынскі камітэт выставіў 52 назіральнікаў, грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» — 2.

Замежныя назіральнікі будуць толькі ад СНД — назінальнікаў вырашылі не накіроўваць АБСЭ і ПАРЭ.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG