Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатар кампаніі назіраньня пра рашэньне ЦВК: Выбары перайшлі ў рэжым спэцапэрацыі


Праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімер Лабковіч
Праваабаронца цэнтру «Вясна» Уладзімер Лабковіч

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч заявіў, што прэзыдэнцкія выбары страцілі апошнія намёкі на магчымасьць свабоднага волевыяўленьня.

Так ён адрэагаваў на рашэньне Цэнтарвыбаркаму абмежаваць колькасьць назіральнікаў ва ўчастковых выбарчых камісіях, зьвязаўшы гэта з пандэміяй каранавірусу.

«Рашэньне ЦВК — фактычна поўнае перакрэсьліваньне апошніх выбарчых працэдураў у краіне. Гэта пярэчыць прынцыпу галоснасьці, які прадугледжаны арт. 13 Выбарчага кодэксу. Цяпер улады праводзяць выбары са сваімі выбарчымі камісіямі і сваімі назіральнікамі, а пры такой структуры немагчыма гаварыць ні пра якія стандарты свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў», — адзначыў Лабковіч.

Лабковіч піша, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прыкрываецца інструкцыяй Міністэрства здароўя, нібыта дбаючы пра здароўе людзей. Але ў іншым яна не хітрыць — у страху за маральны ціск на сяброў участковых выбарчых камісій.

«Цяжка фальсыфікаваць выбары, калі за табой сочаць так шмат людзей. Гэта адказ на тую актыўнасьць грамадзтва і жаданьне назіраць за выбарамі. Улады баяцца любой актыўнасьці, адказваючы на гэта сваімі звыклымі мэтадамі», — падкрэсьлівае праваабаронца.

Фактычна выбары страцілі свае апошнія атрыбуты выбарчай кампаніі і перайшлі ў стадыю спэцапэрацыі дзеля захаваньня статус-кво ў краіне, падсумоўвае Ўладзімер Лабковіч.

«Спачатку ўлады закрылі УВК да 24 ліпеня, не праводзячы акрэдытацыі назіральнікаў, затым праз „чорны ўваход“ напампавалі ўчасткі сваімі фэйкавымі назіральнікамі з праўладных арганізацый. Нарэшце агучылі фармальнасць у выглядзе сёньняшняга рашэньня», — адзначыў ён.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала ў асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі. Падчас датэрміновага — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG