Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэта ўладаў — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі», — старшыня БХК Гулак пра рашэньне ЦВК 


Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак пракамэнтаваў Свабодзе рашэньне Цэнтарвыбаркаму скараціць колькасьць назіральнікаў на выбарах у сувязі з каранавірусам.

Гулак: «Спачатку зарэгістравалі правераных, а пасьля абмежавалі ўсіх непажаданых»

Паводле праваабаронцы, сытуацыя з пандэміяй у Беларусі нагадвае «ручное кіраваньне» — пра каранавірус згадваюць толькі тады, калі гэтым трэба прыкрыць нейкія непапулярныя рашэньні.

Алег Гулак
Алег Гулак

«Ён то ёсьць, то яго няма — залежна ад палітычнай ці эканамічнай сытуацыі, — кпіць Алег Гулак з заяваў кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай. — Відавочна, што адсылка да каранавірусу маніпулятыўная і робіцца з адной мэтай — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі».

Як нагадвае кіраўнік БХК, агулам у Беларусі зарэгістравана больш за 30 тысяч назіральнікаў. У абсалютнай бальшыні гэта прадстаўнікі праўладных арганізацый і вылучэнцы дзяржаўных установаў.

У асобных камісіях пра жаданьне назіраць загадзя заявілі па 20 і нават больш чалавек — пры тым, што падчас папярэдніх кампаній праўладныя арганізацыі такога жаданьня не праяўлялі, кажа Гулак.

«Карціна выглядае так: спачатку зарэгістравалі сваіх, правераных назіральнікаў, а потым абмежавалі сумнеўных, непажаданых. Пры гэтым зручна прыкрыліся каранавірусам, „якога няма“, — працягвае Алег Гулак. — Мы прапаноўвалі яшчэ да пачатку выбараў: з улікам пандэміі захады сацыяльнага дыстанцыяваньня павінны быць зразумелыя для ўсіх, а ня толькі для ЦВК. Было дастаткова часу, каб арганізаваць працу камісій і функцыянаваньне памяшканьняў. У тым ліку забясьпечыць відэаназіраннье. Нічога ня зроблена, толькі прымітыўныя маніпуляцыі».

Пра выбарачны падыход да небясьпекі каранавірусу, паводле Алега Гулака, сьведчыць паказальны факт. Падчас усіх апошніх сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі з працоўнымі калектывамі людзі стаяць шчыльным натоўпам — плячо ў плячо. Тады пандэміі няма. А як толькі гаворка пра назіраньне за галасаваньнем і падлікам галасоў — тады раптам паўстае небясьпека заражэньня.

Як падсумоўвае Алег Гулак, падобна, у Цэнтарвыбаркаме пераблыталі агульнанацыянальную кампанію з праймэрыз, калі адбываюцца выбары ў мініятуры — са сваімі кандыдатамі ды назіральнікамі.

Ярмошына: «Чальцы камісій і так у цесных памяшканьнях, а тут яшчэ назіральнікі»

22 ліпеня падчас паседжаньня ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі Лідзія Ярмошына прапанавала абмежаваць колькасьць назіральнікаў празь небясьпеку каранавірусу. Чальцы камісіі ідэю падтрымалі аднагалосна.

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Падчас датэрміновага галасаваньня чальцы выбаркамаў знаходзяцца ў цесных памяшканьнях. Цяпер, як вядома, працягваецца эпідэмія каранавірусу, а за імі яшчэ назіраюць назіральнікі, якія камандуюць, што ім рабіць. Небясьпечная сытуацыя», — патлумачыла сваю прапанову Лідзія Ярмошына.

Чыноўніца заявіла, што ў асноўны дзень галасаваньня трэба зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі. Падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова.

Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней. У пералік не ўваходзяць міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі кандыдатаў, дэпутаты і супрацоўнікі СМІ — Ярмошына сказала, што гэта «ўжо многа, чаша будзе перапоўненая».

Старшыня ЦВК таксама згадала ліст Беларускага Хэльсынскага камітэту з просьбай уключаць у назіральнікі прадстаўнікоў мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў, а ня толькі рэспубліканскіх. Яго яна адмовілася задаволіць у сувязі са скарачэньнем колькасьці назіральнікаў.

Мясцовых аб’яднаньняў удвая больш за рэспубліканскія, удакладніла Ярмошына, дадаўшы, што гэтая прапанова робіцца наўмысна, каб павялічыць колькасьць назіральнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG