Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары безь незалежных назіральнікаў. Упершыню ў гісторыі Беларусі


Назіральнікі БДІПЧ АБСЭ на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі 2019 году

На гэтых выбарах назіраньне за выбарамі ліквідуецца ўвогуле — цалкам, зусім — як інстытут. Бо назіраньне ад праўладных арганізацый — гэта, папраўдзе, не назіраньне, а група падтрымкі выбарчых камісіяў.

Сьцісла:

  • Рашэньне ЦВК рэзка абмежаваць колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках груба парушае выбарчае заканадаўства, у якім зафіксаваны прынцып празрыстасьці выбараў.
  • Да гэтага рашэньня ўлады рыхтаваліся загадзя. Назіральнікі ад праўладных арганізацый даўно акрэдытаваныя.
  • Спачатку ўлады адмовіліся ад назіральнікаў АБСЭ, не даслаўшы своечасова запрашэньне. Цяперашнім рашэньнем ЦВК адсякае ўсіх незалежных назіральнікаў.
  • Кіроўная каманда ня моцна верыць у сваю выбарчую машыну. І таму на хаду ладзіць дадатковыя страховачныя мэханізмы.

Калі хтосьці думаў, што ўлады зрабілі ўжо ўсё, каб зрабіць цяперашнія выбары беспрэцэдэнтнымі ў нахабстве і брутальнасьці, то ён памыліўся. Чарговым рашэньнем Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) зноў прабілі дно.

22 жніўня ЦВК Беларусі прыняла рашэньне рэзка абмежаваць колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках. На прапанову Лідзіі Ярмошынай ЦВК вырашыла, што ў асноўны дзень галасаваньня колькасьць назіральнікаў абмяжоўваецца да пяці чалавек адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова.

Мусіць, ня варта нагадваць, што гэтае рашэньне груба парушае выбарчае заканадаўства, у якім зафіксаваны прынцып празрыстасьці выбараў.

Абгрунтоўваючы гэтае рашэньне, Ярмошына спаслалася на небясьпечную эпідэмічную сытуацыю. Гэта значыць, на той самы «псыхоз», на вірус, якога, паводле Лукашэнкі, няма. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы ўжо некалькі разоў абвясьціў пра перамогу над каранавірусам. Але калі спатрэбілася не дапусьціць на ўчасткі незалежных назіральнікаў, то тут жа выцягнулі праблему пандэміі.

Да гэтага рашэньня ўлады рыхтаваліся загадзя. Паводле стану на 20 ліпеня, у нацыянальныя назіральнікі акрэдытавалі 42 856 чалавек агулам. Абсалютная іх большасьць — гэта прадстаўнікі праўладных арганізацый. У рашэньні ЦВК ад 22 ліпеня ёсьць пункт, што прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней. Ні ў кога няма сумневу, што месца ня хопіць менавіта незалежным назіральнікам. Нагадаю, што раней апанэнтаў улады не дапусьцілі ў выбарчыя камісіі, а цяпер — і ў назіральнікі.

Такім чынам, спачатку ўлады адмовіліся ад назіральнікаў АБСЭ, не даслаўшы своечасова запрашэньне. Цяперашнім рашэньнем ЦВК адсякае ўсіх незалежных назіральнікаў.

А значыць, на гэтых выбарах назіраньне ліквідуецца ўвогуле, цалкам, ад слова «зусім» — як інстытут. Бо назіраньне ад праўладных арганізацый — гэта, папраўдзе, не назіраньне, а група падтрымкі выбарчых камісіяў.

Такім чынам, упершыню за ўсё гісторыю беларускіх выбараў яны адбудуцца без назіральнікаў. Затое, трэба думаць, пад пільным кантролем за выбарчымі камісіямі з боку КДБ, прадстаўнікоў выканкамаў. Ліквідуецца апошні мэханізм, з дапамогай якога грамадзтва магло хоць нейкім чынам, вельмі ўскосна адсочваць працэс галасаваньня.

Чаго спужаліся ўлады? Здаецца ж, выбарчая машына працуе бяз збояў, заўсёды дае патрэбны вынік. Навошта рабіць такія крокі, якія яшчэ больш ставяць пад сумнеў справядлівасьць выбараў у вачах уласнага насельніцтва і замежных суб’ектаў?

Справа ў тым, што сама кіроўная каманда, адрозна ад шматлікіх экспэртаў, якія даўно перадвызначылі перамогу Лукашэнкі, ня моцна верыць у сваю выбарчую машыну. Гаворка ня толькі пра тое, што незалежныя назіральнікі маглі кантраляваць яўку. Праблема глыбейшая.

Грамадзкі настрой, скіраваны супраць Лукашэнкі, настолькі вялікі, што можа прымусіць асобныя камісіі лічыць па-сапраўднаму. Дарэчы, такое здаралася нават падчас абсалютна «траваедных» выбраў 2015 году. І мог бы ўзьнікнуць вялізны дысананс паміж гэтымі ўчасткамі і тымі лічбамі, якія мае агучыць ЦВК у цэлым па краіне. І гэта сапсуе агульны пэйзаж. Таму ўлады на хаду ладзяць дадатковыя страховачныя мэханізмы.

Да таго ж аб’яднаныя штабы Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы агучылі інфармацыю аб праекце пад умоўнай назвай «Хакатон». Сэнс яго ў тым, як з дапамогай найноўшых лічбавых тэхналёгій выкрыць фальсыфікацыі і высьветліць сапраўдны вынік галасаваньня.

Таму ўлады вырашылі не рызыкаваць і выпаліць з агнямёта ўсё незалежнае назіраньне як такое. Напэўна, палічылі, што пасьля ўсяго, што яны ўжо зрабілі з альтэрнатыўнымі кандыдатамі, можна махнуць рукой на легітымізацыю выбараў і больш нічога не саромецца. Лукашэнку ўжо няма чаго страчваць, акрамя ўлады.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG