Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адказала на масавыя звароты ў сувязі з абмежаваньнем колькасьці назіральнікаў на ўчастках


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына

Цэнтравыбаркам 24 ліпеня апублікаваў на сваім сайце адказ на звароты з патрабаваньнямі адмяніць рашэньне ЦВК па абмежаваньні колькасьці назіральнікаў на ўчастках «у мэтах прафіляктыкі распаўсюджваньня каранавіруснай інфэкцыі».

«Падставаў для адмены рашэньня Цэнтральнай камісіі ва ўмовах, калі распаўсюджваньне каранавіруснай інфэкцыі цалкам ня спынена, няма. Дадзеныя Міністэрства аховы здароўя, якія публікуюцца штодня, сьведчаць пра тое, што хворыя яшчэ выяўляюцца», — гаворыцца ў адказе ЦВК.

ЦВК спасылаецца на ч. 4 арт. 13 Выбарчага кодэксу і падкрэсьлівае, што вызначэньне парадку прысутнасьці назіральнікаў на выбарах зьяўляецца яе прэрагатывай. Парадак прысутнасьці адзіны для ўсіх назіральнікаў незалежна ад таго, якая палітычная партыя, грамадзкае аб’яднаньне ці група выбарнікаў яго накіравала, падкрэсьліваецца ў адказе.

«Наконт прапановы асобных заяўнікаў аб даваньні кандыдатам права накіраваць назіральнікаў на ўсе ўчасткі паведамляем, што пералік асобаў, якія маюць права быць назіральнікамі на выбарах, усталяваны палажэньнямі згаданай ч.4 арт. 13 Выбарчага кодэксу. Назіральнікамі ад кандыдата зьяўляюцца толькі яго давераныя асобы. Абмежаваньне на іх не распаўсюджваецца», — адказалі ў ЦВК.

22 ліпеня ЦВК прыняў пастанову, якой абмяжоўваецца колькасьць назіральнікаў на ўчастках падчас галасаваньня. У асноўны дзень галасаваньня прапануецца зьменшыць колькасьць назіральнікаў да пяці адначасова і ня больш за 50% ад складу камісіі, падчас датэрміновага галасаваньня — ня больш за тры адначасова. Прыярытэт будуць мець тыя назіральнікі, хто акрэдытаваўся раней.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла абмежаваньне колькасьці назіральнікаў «фізычнай і эпідэмічнай бясьпекай».

Праваабаронцы і назіральнікі заявілі, што «мэта ўладаў — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі», якія «перайшлі ў рэжым спэцапэрацыі», а «адсылка да каранавірусу маніпулятыўная і робіцца з адной мэтай — не дапусьціць незалежнага назіраньня за выбарамі».

Адзін з кандыдатаў Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў іншых кандыдатаў аспрэчваць рашэньне ЦВК у судзе.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG