Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі апублікавала 21 ліпеня абноўленыя зьвесткі аб акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году.
Па стане на 20 ліпеня акрэдытавалі 42 856 чалавек агулам, 3436 — за апошні тыдзень.
31 186 нацыянальных назіральнікаў, або амаль 73%, па-ранейшаму прыпадае на долю грамадзкіх аб’яднаньняў. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 8779 чалавек (плюс 177 за тыдзень), Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 6019 (+353), праўладная «Белая Русь» — 5161 (+252), Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3780 (+125), Беларускі саюз жанчын — 3705 (+232), Беларускі фонд міру — 1632 (+131), Беларускі Хэльсынскі камітэт — 52 (+4), БНФ «Адраджэньне» — 2 (+1). Іншыя грамадзкія аб’яднаньні дэлегавалі 2056 (+410) чалавек.
Ад палітычных партыяў выбарчыя камісіі акрэдытавалі 2073 нацыянальныя назіральнікі. У Камуністычнай партыі Беларусі 1018 (+204) прадстаўнікоў, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 670 (+77), Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 120 (+55), Беларускай аграрнай партыі — 107 (+59), Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 63 (+0), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62 (+0), Рэспубліканскай партыі — 21 (+0), Беларускай патрыятычнай партыі — 8 (+0), партыі БНФ — 2 (+0), Беларускай партыі «Зялёныя» — 1 (+0), Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 1 (+0).
7427 (+1127) грамадзянаў сталі назіральнікамі шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя, 2170 (+230) акрэдытавалі ад працоўных калектываў.
На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе былі акрэдытаваныя 43 572 нацыянальныя назіральнікі, у 2010-м — 39 619. Назіральнікі ад БДІПЧ АБСЭ і ПАРЭ не зьбіраюцца прысутнічаць на сёлетніх выбарах, але ад СНД прыедуць.