Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: Дзеяньні беларускіх сілавых органаў супраць журналістаў непрымальныя


Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў АБСЭ 24 ліпеня апублікавала заяву адносна падзеяў у Беларусі ў кантэксьце будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Эўразьвяз чакае ад Беларусі свабодных і справядлівых выбараў, бесьперашкоднай акрэдытацыі назіральнікаў, допуску незалежных і замежных журналістаў.

Больш за 200 беларускіх журналістаў падпісаліся пад лістом да грамадзкасьці, улады і сілавікоў з нагоды гвалту і перашкодаў у працы
Заяву агучыў прадстаўнік Эўразьвязу ў АБСЭ на паседжаньні 23 ліпеня ў Вене. Эўразьвяз, гаворыцца ў заяве, занепакоены паведамленьнямі аб ужываньні ў Беларусі гвалту супраць журналістаў і блогераў, аб тым, што іх затрымліваюць і штрафуюць.

«Такія дзеяньні з боку беларускіх сілавых органаў непрымальныя, – гаворыцца ў заяве. – Як адзначала прадстаўніца АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ і іншыя краіны-чальцы АБСЭ, журналісты маюць ключавую ролю ў асьвятленьні падзей, якія прадстаўляюць грамадзкі інтарэс, і беларускія ўлады павінны забясьпечыць ім магчымасьць выконваць сваю працу».

У заяве выказваецца жаль у сувязі з тым, што Беларусь не накіравала своечасовага запрашэньня для назіраньня на выбарах у Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Эўразьвяз чакае, што беларускія ўлады забясьпечаць правядзеньне свабоднай і сумленнай выбарчай кампаніі для ўсіх без выключэньня кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама ня будуць абмяжоўваць магчымасьці для нацыянальных назіральнікаў, улічваючы адсутнасьць назіральнай місіі БДІПЧ АБСЭ.

Эўразьвяз таксама заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі зь бягучай прэзыдэнцкай кампаніяй.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG