Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка вайскоўцам спэцназу: «Войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый». ФОТА

абноўлена

Аляксандр Лукашэнка наведвае 5-ю асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня ў Мар'інай Горцы
Аляксандр Лукашэнка наведвае 5-ю асобную брыгаду спэцыяльнага прызначэньня ў Мар'інай Горцы

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з вайскоўцамі 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ў Мар’інай Горцы. І расказаў пра пагрозу «каляровых рэвалюцый».

«Мала такіх вайсковых падразьдзяленьняў, дзе я бываю так часта. Гэта не выпадкова. Вы — асаблівы атрад нашых Узброеных сілаў. Прынамсі, пакуль вы не пераканалі мяне ў адваротным», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка нагадаў, што за ягоны час ва ўладзе некалькі разоў мадэрнізавалі Ўзброеныя сілы, прыстасоўваючы іх да вайны ў сучасных умовах. У 2018 годзе была прынятая новая ваенная дактрына, якая вызначае мэтодыку вайны.

Пры гэтым ён засяродзіў увагу на тое, адкуль узьнікаюць канфлікты апошняга часу. І загадаў не дапусціць эскаляцыі ўнутры краіны.

«Усякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас замала „майданутых“), іх падцягнуць звонку. Гэта прафэсійныя вайскоўцы, бандыты, якія спэцыяльна рыхтуюцца ў рамках прыватных вайсковых кампаній ва ўсім сьвеце і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах. Гэта кіраваны хаос», — адзначыў Лукашэнка.

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў яго падтрымаў, запэўнішы, што сілавікі заўсёды напагатове.

«Мы на сёньня гаворым з поўнай адказнасьцю: проста так вайна не пачнецца. Яна пачынаецца загадзя. У першую чаргу з унутраных узброеных канфліктаў, каляровых рэвалюцый, можа быць інсьпіраванай звонку, як гэта было ў тых канфліктах, якія мы вывучалі. Таму мы павінны да гэтага быць пастаянна гатовымі», — падсумаваў Раўкоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG