Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст штабу Бабарыкі пракамэнтаваў адказ ЦВК па абмежаваньні колькасьці назіральнікаў на участках


Юрыст Максім Знак, архіўнае фота
Юрыст Максім Знак, архіўнае фота

У асноўны дзень галасаваньня на ўчастку дазволена быць пяці назіральнікам, а ў дні датэрміновага — тром, вырашыў ЦВК. Праваабаронцы мяркуюць, што так на ўчасткі зьбіраюцца не пусьціць незалежных назіральнікаў.

Артыкул 13 Выбарчага кодэкса гарантуе права назіральнікам знаходзіцца на ўчастку ў дзень галасаваньня. Пра гэта нагадаў адвакат і давераная асоба Віктара Бабарыкі Максім Знак, камэнтуючы адказ ЦВК з нагоды абмежаваньня колькасьці назіральнікаў на ўчастках на сваёй старонцы ў Facebook.

На думку Знака, нарматыўны характар пастановы ЦВК зьяўляецца спрэчным.

«Паводле артыкула 4 Закона аб нарматыўна-прававых актах, прававыя акты распарадчага і (або) арганізацыйнага характару, якія прымаюцца ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам, адносяцца да ненарматыўных (і, вядома, не дзейнічаюць у частцы, якая супярэчыць закону, а таксама могуць быць абскарджаны ў судзе), — адзначае юрыст Максім Знак. — Але нават калі пастанова — нарматыўны акт, дзейнічае Выбарчы кодэкс, які мае боль вялікую сілу (акт на 4 прыступкі вышэй, чым пастанова міністэрства, ведамства, іншага органа дзяржаўнага кіраваньня). Рэзюмэ? Правы назіральніка па-ранейшаму вызначаныя Выбарчым кодэксам — выразна і ясна».

Напярэдадні ЦВК на сваім сайце адказаў на скаргі з нагоды абмежаваньня колькасьці назіральнікаў на ўчастках. ЦВК лічыць, што згодна з ч. 4 арт. 13 Выбарчага кодэксу, камісія мае права вызначаць парадак прысутнасьці назіральнікаў пры правядзеньні выбараў і падставаў для адмены гэтага рашэньня «ва ўмовах, калі распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі ня спынены, няма».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG