«Пракуратуры можна камэнтаваць, адвакатам нельга». Абаронца Бабарыкі сказаў, што мог, пра новае абвінавачаньне

Дзьмітры Лаеўскі
Дзьмітры Лаеўскі

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі пракамэнтаваў Tut.by выстаўленьне новага абвінавачаньня ягонаму кліенту 24 ліпеня: у ім «даваньне хабару» стала «атрыманьнем хабару», максымальнае пакараньне павялічылася зь 7 да 15 гадоў турмы.

Праз падпіску аб неразгалошаньні адвакат ня мае права камэнтаваць дэталі справы, але адзначае: «Прэс-службе пракуратуры, відаць, можна камэнтаваць нейкія абставіны незалежна ад таго, што яны ня выяўленыя прысудам».

«Гэта наглядна дэманструе рэалізацыю прынцыпу роўнасьці бакоў у крымінальным працэсе, — мяркуе Дзьмітры Лаеўскі. — Прапануеце пракуратуры апублікаваць скаргу абаронцаў, пададзеную 23 ліпеня, або хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу, адпраўленае намі сёньня ў орган сьледзтва па пошце, таму што сьледчы адмовіўся яго прыняць падчас нашага знаходжаньня ў кабінэце, а яшчэ лепш — пратакол сёньняшняга сьледчага дзеяньня з удзелам нашага падабароннага, толькі абавязкова цалкам, з усімі заўвагамі. Магчыма, тады пытаньне аб неабходнасьці камэнтароў будзе вычарпанае».

Лаеўскі 23 ліпеня расказваў на Facebook, што з калегай Натальляй Мацкевіч наведаў Віктара Бабарыку ў СІЗА. Менавіта падчас гэтага Вярхоўны суд апублікаваў тлумачэньне аб адмове прыняць скаргу на рашэньне ЦВК праз сканчэньне тэрміну падачы скаргі. Тады ён пісаў, што «адмова права грамадзяніна падаць скаргу ў суд праз упаўнаважанага даверанасьцю адваката — гэта значна больш сур’ёзна, чым спрэчка аб тым, зь якога дня лічыць тэрмін». Адвакаты Віктара Бабарыкі падалі скаргу на гэта на імя Генэральнага пракурора.

​
XS
SM
MD
LG