Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Успрымайце мяне, як сьцяг таго, што ў нас будуць новыя выбары». У Віцебску прайшоў мітынг Сьвятланы Ціханоўскай


24 ліпеня ў парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў у Віцебску прайшоў мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай. Разам зь ёй прыехалі Вераніка Цапкала і лідэрка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава. На мітынг сабраліся некалькі тысяч чалавек.

Вядоўца адзначыў, што мітынг у Віцебску першае афіцыйна дазволенае мерапрыемства.

«Таму сёньня мы ўсе вернемся дадому!», — сказаў ён.

Мітынг дазволілі да 22-х гадзін. Таму прысутных папрасілі разысьціся да дзясятай вечара і не паддавацца на правакацыі. Вядоўца патлумачыў, што Сьвятлану Ціханоўскую за два папярэджаньні могуць зьняць з прэзыдэнцкай гонкі.

У чаканьні кандыдаткі ў прэзыдэнты віцябляне актыўна падпявалі рок-гурту М.Т.М. і скандавалі «Любім! Можам! Пераможам!» Сьвятлану Ціханоўскую, Марыю Калесьнікаву і Вераніку Цапкалу, якія зьявіліся праз паўгадзіны пасьля пачатку мітынгу, сустракалі працяглымі воплескамі.

Ва ўступным слове Сьвятлана Ціханоўская распавяла, пра сябе, Сяргея Ціханоўскага, пра яго працу і затрыманьне. Узгадала, як вырашыла падтрымаць мужа, і прызналася, што сілы працягваць барацьбу ёй надае ў тым ліку жаночая салідарнасьць.

«Жанчыны паверылі, што яны таксама могуць быць на роўных са сваімі мужчынамі, стаяць побач з імі. Гэта надало мне ўпэўненасьці, што я ўсё раблю правільна», — сказала яна.

Ціханоўская прызналася, што некалькі разоў была за крок ад таго, каб зьняцца з выбарчай гонкі.

«Усё гэта было цяжка для мяне — і псыхалягічна, і фізычна. Я да такога тэмпу нязвыклая. Мой муж заўсёды бярог мяне ад цяжкасьцяў. Але я разумела: калі адступлю, здраджу ня толькі Сяргею, але і ўсім людзям, якія паверылі яму і ў яго, паверылі ў тое, што сёлета ўсё можна і трэба зьмяніць. Мы стаміліся, што нам закрываюць раты і аб нас выціраюць ногі. Я не здалася толькі дзякуючы вам».

Ціханоўская ўпэўненая, што сапраўдная пагроза для ўлады не кандыдаты, а народ, які хоча перамен. Кандыдатка ў прэзыдэнты заклікала абавязкова ісьці на выбары і аддаваць голас за яе.

«Я не палітык. Мне не патрэбная ўлада. Вы мусіце зразумець, што я доўга прэзыдэнтам ня буду. Я хачу да мужа і сям’і. Але я мушу ісьці да канца. Да перамогі. Каб на пасадзе прэзыдэнта арганізаваць новыя справядлівыя і празрыстыя выбары».

Ціханоўская паабяцала, што на гэтай пасадзе прабудзе ня больш чым паўгоду.

«Не ўспрымайце мяне як паўнавартаснага прэзыдэнта. Успрымайце мяне, як сьцяг таго, што ў нас будуць новыя справядлівыя выбары», — дадала Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская паабяцала, што першае, што яна зробіць, калі стане прэзыдэнтам, — вызваліць усіх палітзьняволеных.

А пакуль заклікала людзей у якасьці падтрымкі пісаць тым, хто зараз за кратамі, у інфармацыйным вакуўме.

Марыя Калесьнікава адзначыла, што знаходзіцца ў Віцебску для яе асабліва важна, бо Віктар Бабарыка падтрымліваў годнасьць беларускага мастацтва.

«Ён як ніхто разумеў, як важна адраджаць нацыянальныя традыцыі і падтрымліваць культуру. Віктар Бабарыка выкупіў на аўкцыёнах па ўсім сьвеце і вярнуў на радзіму чатыры карціны вялікага Марка Шагала. Цягам многіх гадоў у Беларусі не было ніводнай працы Шагала, а цяпер — ёсьць. Гэта яго (Віктара Бабарыкі) заслуга. І мы павінны ганарыцца такім чалавекам. Але цяпер Віктар Дзьмітрыевіч знаходзіцца ў СІЗА. Чалавек, які так любіць мастацтва, сваю краіну і беларусаў, сядзіць за кратамі, таму што хацеў стаць прэзыдэнтам».

Марыя Калесьнікава зьвярнулася да вайскоўцаў.

«Улады імкнуцца разьяднаць беларусаў. Сутыкнуць нас. Яны кажуць, што вайскоўцы мусяць быць гатовымі біць, падаўляць і ўжываць сілу. Супраць каго? Супраць сваіх блізкіх, родных і простых беларусаў? Супраць нас? Хіба можа аб гэтым прасіць урад, які любіць сваіх людзей?

Мы хочам, каб з вайскоўцаў, нашай апоры, не імкнуліся зрабіць пагрозу. Паглядзіце на Беларусь апошніх месяцаў. Вы яе пазнаяце? Вы пазнаяце сябе? Беларусь прачнулася. Больш ня чутна словаў, што нічога ня зьменіцца. Кожны з нас дакладна ведае: «Я магу ўсё зьмяніць».

Вераніка Цапкала адмовілася ад загадзя падрыхтаванай прамовы і пачала выступ з асабістай гісторыі — пра паведамленьне аб магчымым затрыманьні мужа, а таксама аб прыходзе праваахоўных органаў у школу, дзе вучацца яе дзеці.

«Ганьба, што гэта адбываецца ў ХХІ стагодзі. Ганьба, што з намі няма нашых сямей і дзяцей. Але з намі ёсьць вы», — сказала яна.

Вераніка Цапкала папрасіла паразмаўляць са старэйшым пакаленьнем. Каб сёлета яго прадстаўнікі паслухалі моладзь і зрабілі правільны выбар.

Вераніка Цапкала прапанавала, пачынаючы з гэтага дня, насіць белыя бранзалеты — колеру жыцьця і чысьціні на знак таго, што яго ўладальнікі не падтрымліваюць дзейсную ўладу. Абавязкова ісьці на выбары і ўсімі сіламі імкнуцца трапіць у якасьці назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.

Каб мінімізаваць фальсыфікацыю сёлетніх выбараў, Вераніка прапанавала выкарыстоўваць сучасныя тэхналёгіі.

На мітынгу прэзэнтавалі кампанію «Честные люди», а таксама праект «Голас», створаны, каб абараніць галасы выбарнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG